Для чаго патрэбныя турнікеты? У БДУ ўводзяцца сістэмы кантролю і кіравання доступам

1 Feb, 2017, усяго праглядаў: 442.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў і ўказамі Прэзідэнта Беларусі, якія заклікаюць узмацніць кантроль бяспекі ў месцах масавага збору людзей, у БДУ ажыццяўляецца ўкараненне сістэмы кантролю і кіравання доступам. Ахоўнікаў, якія правяраюць дакументы на ўваходзе на тэрыторыю кампуса і карпусоў БДУ, з цягам часу заменяць турнікеты і сістэма відэаназірання. У асобных, найбольш датыкальных, месцах змены можна будзе пабачыць неўзабаве. Чаго менавіта нам чакаць?

БДУ – не прахадны двор
Намеснік начальніка службы аховы і бяспекі БДУ Андрэй ДАВЫДЗЁНАК:
– Амаль усе ўніверсітэты Мінска аснашчаныя спецыяльнымі сродкамі (агароджамі) для абмежавання несанкцыяванага доступу на тэрыторыю. І ў нас плануецца  ўсталяванне турнікетаў і сістэм відэаназірання. Забяспечваць парадак на тэрыторыі ўніверсітэта неабходна пастаянна, бо з аднаго боку ў нас вакзал, з іншага – адна     з галоўных плошчаў краіны. Да стварэння службы аховы і бяспекі БДУ (якой, дарэчы, сёлета спаўняецца 20 гадоў) тут быў прахадны двор, з вакзала хто толькі ні ішоў: і бамжы, і крымінальныя элементы, хуліганы і проста нецвярозыя лю­дзі, якім карцела заскочыць у дворык па зразумела якой патрэбе. Апрача гэтага, трэба ўлічваць міжнародную сітуацыю, тэракты ці жахлівы выпадак у ГЦ «Еўропа». Нарэшце, трэба працаваць для прафілактыкі правапарушэнняў, у асноўным крадзяжоў, якія, на жаль, здараюцца ў БДУ. Супрацоўнікі праваахоўных органаў па матэ­рыялах свайго разбіральніцтва зазвычай пішуць на імя рэктара прадстаўленне аб ліквідаванні пры­чын, што спрыяюць ажыц­цяў­лен­ню злачынства. Такое прад­стаў­ленне мае пэўную юры­дычную сілу, і рэктар абавязаны рэагаваць. Адно з патрабаванняў супрацоў­нікаў міліцыі – усталя­ванне сістэмы відэаназірання і  кантролю доступу на тэрыторыі ўніверсітэта.
Спробы ўкаранення інтэграванай сістэмы фізічнай бяспекі ажыццяўляліся ў БДУ і раней, напрацоўкі ўжо ёсць. На хімфаку турнікеты стаяць з 2009 г., неўзабаве яны будуць перазапушчаны. З сакавіка 2016 г. спраўна працуюць турнікеты на Курчатава, 5 (ФРКТ),  у штатным рэжыме. На ФМА ўжо дзейнічае сістэма відэаназірання. Дарэчы, у краіне існуе пэўная заканадаўчая база адносна абсталявання сродкамі відэаназірання  ўсіх месцаў масавага збору лю­дзей. Такім лічыцца месца, дзе адна­часова знаходзіцца больш     за сто чалавек. А ў нас паточныя аўды­торыі змяшчаюць часам значна  болей студэнтаў…
Усталяванне турнікетаў чакаец­ца ва ўсіх будынках БДУ. Прык­ладваеш дакумент – у вахцёра на экране высвечваецца электрон­ная інфармацыя студэнта ці су­працоўніка з адзінай базы дадзеных БДУ, фіксуецца час праходу. Найперш «закрываць» плануецца ўніверсітэцкі дворык: праходы праз фізічны факультэт, галоўны корпус, ФМА, брамкі і вароты з   боку вуліц Ленінградскай і Баб­руйскай. Сістэма відэаназірання з’явіцца раней на самых «вострых» кірунках: галоўны корпус, фізічны корпус, ФМА. У будынках БДУ, якія стаяць асобна, інтэграваная сіс­тэма з’явіцца трохі пазней – як будуць дазваляць сродкі.

«Усе будуць задаволены»
Прарэктар па адміністрацыйна-гас­падарчай рабоце БДУ Уладзі­мір РАГАВІЦКІ:
– Новае часта ўспрымаецца з пэўнай цяжкасцю. У «наргасе» даўно дзейнічае такая сістэма: і ў інтэрнаты, і ў вучэбныя карпусы праходзяць праз турнікеты. А ў нас многія ў штыкі ўспрынялі пра­­вер­ку дакументаў на ўваходзе ў комп­лекс БДУ, былі нападкі і на службу бяспекі, а потым усе прывыклі. На хімфаку і на ФРКТ ніхто ўжо не задае пытанняў. Cістэма ж вельмі зручная. На ФМА з дапамогай сістэмы відэаназірання была адсочана і злоўлена жанчына, якая заходзіла з вакзала і займалася крадзяжом, прафесійна.
Я шмат дзе быў – і ў Кітаі, і ў Туркменістане, і ў расійскіх універсітэтах, там паўсюль стаяць турнікеты. У Туркменістане нас прапусцілі ва ўніверсітэт толькі пасля таго, як прарэктар выйшаў сустрэць нашу дэлегацыю. Універсітэцкі дворык наш – гэта «бойкае» месца. Памятаю, калі толькі прыйшоў у БДУ, шмат гадоў таму, бомж мог ляжаць проста на парозе, так што не ўвайсці было на працу. А цяпер служба бяспекі добра працуе, і крадзяжы скараціліся ў дзясяткі разоў. Калі поўнасцю запрацуе інтэграваная сістэма фізічнай бяспекі, ва ўсіх карпусах і ў інтэрнатах, калі ўсё адладзім – мне здаецца, усе будуць задаволены.

Разумна, мякка, па-ўніверсітэцку
Начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Юрый ВАРАТНІЦКІ:
– ЦІТ адказвае за тое, каб інтэграваць кантрольна-прапускную сістэму з наяўнай інфраструктурай, уключаючы пластыкавыя пасведчанні студэнтаў і супрацоўнікаў. У 2003 г. у нашых студэнтаў з’яві­ліся першыя ў краіне пластыкавыя студэнцкія білеты. Праз сем гадоў гэта стала агульным для ўсіх універсітэтаў краіны. Такі дакумент павінен быць шматфункцыяналь­ным. Па замове міністэрства мы распрацоўваем новы прататып студэнцкага білета на базе банкаўскай карты, ён таксама зможа функцыянаваць у бібліятэках і кантрольна-прапускных сістэмах.
Проста так перакрыць БДУ нель­га: тут праходзіць шмат масавых мерапрыемстваў – навуковыя канферэнцыі, школы юных, дзе займаюцца школьнікі, алімпіяды і інш. На некаторых мерапрыемст­вах шэраг наведнікаў немагчыма высветліць загадзя. На абарону дысертацый, напрыклад, мае права прайсці любы чалавек. Для такіх выпадкаў выпрацаваны адпаведны рэгламент прапускной сістэмы, і ён зроблены вельмі акуратна, каб не ствараць праблем для людзей. Напрыклад, як робяць на Курчатава, калі студэнт забыў і білет, і залі­коўку: у супрацоўніка службы бяспекі ёсць доступ да базы дадзеных, ён уводзіць прозвішча няпамят­лівага студэнта, бачыць фатаграфію, супастаўляе – і прапускае. Усё рашаецца разумна і мякка – я  б сказаў, па-ўніверсітэцку.
Асноўная задача новаўвядзенняў – перапыніць наведванне карпусоў тымі асобамі, якія могуць прынесці шкоду, як фізічную, так і маральную. Аднойчы быў у мяне такі выпадак: затрымаўся на пра­цы да сёмай-восьмай гадзіны ўвечары, і да мяне прыйшоў чалавек з просьбай адправіць факс у адмі­ні­страцыю Прэзідэнта з дапамогай камп’ютарнай мышкі. Ладны такі чалавек. Давялося званіць у службу бяспекі, прасіць зайсці – дапамагчы «факс адправіць». Мяне  правільна зразумелі: прыйшлі два дужыя супрацоўнікі, «дапамаглі». Але адчуванні, прызнацца, былі не вельмі прыемныя, калі з табой сам-насам у пакоі сапраўдны псіх.

Ветлівае жалеза
Аператыўны дзяжурны Аляксандр ПЕТРАШКЕВІЧ, галоў­ны корпус БДУ:
– Турнікеты, вядома, значна аб­легчылі б нашу штодзённую працу. Калі патрабуеш паказаць даку­менты, то сутыкаешся з рознымі эмацыйнымі рэакцыямі, усялякае можна пачуць. Асабліва абураецца старэйшае пакаленне – маўляў, я тут ледзь не нарадзіўся і вырас у БДУ, а раптам вы, ахоўнікі-вартаў­нікі, намаляваліся і пропуск патрабуеце... З «жалезам» усё атрымалася б ветлівей.
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

Фота Генадзя Краскоўскага і Васіля Кузьмічкіна

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *