Фестываль ВНУ раскрыў навуковы патэнцыял моладзі (+відэа)

31 Jan, 2017.

БДУ стаў пляцоўкай  заключнага этапу фэстывалю моладзевай універсітэцкай навукі, які сабраў 17 студзеня старшакласнікаў, студэнтаў і маладых навукоўцаў. На ім былі падведзены вынікі цыкла мерапрыемстваў і вызначаны мэты на 2017 год – год навукі.
 
Фэстываль моладзевай універсі­тэцкай навукі арганізаваны Мініс­тэрствам адукацыі Беларусі з мэтай стымулявання цікавасці і прыцягнення ўвагі да навуковай дзейнасці навучэнцаў і студэнтаў і стаў адным з самых маштабных навуковых мерапрыемстваў 2016 года.

У яго рамках былі прадстаўлены апошнія інавацыйныя распрацоўкі маладых навукоўцаў, праведзена міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прай­шлі выставы тэхнічнай творчасці і дызайнерскіх распрацовак мола­дзі, майстар-класы, конкурсы сярод студэнтаў і маладых навукоўцаў, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы, кірмаш вакансій і лекцыі беларускіх навукоўцаў. Фэст моладзевай універсітэцкай навукі – гэта магчымасць не толькі паказаць свае веды і зацікаўле­насць у навуцы, але і прадставіць сябе будучаму працадаўцу, уліцца ў навуковыя даследаванні адразу пасля ўніверсітэта.

На закрыцці фэсту ў Ліцэі БДУ працавалі 12 інтэрактыўных зон, дзе ўніверсітэты краіны дэманстравалі свае навуковыя дасягненні і тэхнічную абсталяванасць. Па холе ездзілі маленькія робаты – вынаходства Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. 3D-прынтар Беларус­кага нацыянальнага тэхнічнага ўні­версітэта друкаваў самы сапраўдны стул, на які, праўда, сесці змагла б хіба што дзюймовачка. «А яшчэ мы друкуем магніцікі на халадзіль­нік», – распавёў адзін з выкладчыкаў ВНУ. «А ежу можаце раздрукаваць? – цікаўлюся. – «Лёгка, – усміхаецца мужчына, – але гэта ўжо не наш профіль». А побач студэнты БДУІР паказвалі настольную лямпу, якую можна ўклю­чыць з дапамогай мабільнага прыкладання, і інавацыйную сігналізацыю для машыны.


Беларускі дзяржаўны ўніверсі­тэт прадстаўлялі біялагічны, хімічны і юрыдычны факультэты. Юрфак арганізаваў на сваім стэндзе кры­мі­налістычную лабараторыю. Тут любы ахвотнік мог адчуць сябе следчым. Аспірант Руслан Ціха­ненка паказваў, як скласці фота­робат, чым рабаўнікі могуць узламаць дзверы і як шукаць схаваныя прадметы з дапамогай бараскопа. Таксама юрыдычны факультэт інсцэнаваў месца злачынства. За жоўтай стужкай трагічна сканала лялька, побач з ёй – сляды крыві і рэчавыя доказы. «Мы вучым сту­дэнтаў цалкам праводзіць агляд месца здарэння, навучаем вызначаць механізм утварэння крыві і апісваць гэта ўсё ў пратаколе. У нас ёсць агнястрэльная зброя, якую студэнты вучацца канфіскоўваць і аналізаваць. Таксама мы выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі, такія як далямер і 3D-фотаапарат». – «Гэта дзе такому навучаюць?» – некаторыя ліцэісты здзівіліся, што вучыцца на юрфаку так цікава.


«На стэндзе біялагічнага факуль­тэта прадстаўлены адразу некалькі калекцый, – паказвае выкладчык Ілья Ільюшонак чашу Петры з яр­кімі малюнкамі на ёй, – замест палатна выкарыстоўвалася шчыльнае па­жыў­нае асяроддзе, замест фарбы – бактэрыі розных колераў». Таксама біяфак дэманстраваў культуры клетак раслін, выгадаваныя імі грыбы і экспанаты, якія даюць уяўленне пра анатомію і развіццё жывых арганізмаў. Паказвалі і фо­такалекцыю факультэта. Яна скла­да­ецца з цікавых анатамічных элементаў чалавечага арганізма ў буйным павелічэнні і фатаграфій рэдкіх  раслін, зробленых студэн­тамі і супрацоўнікамі факультэта. «На аснове ўсяго гэтага мы паказваем, што навука, у прыватнасці біялогія, можа быць цікавай, разнастайнай, вясёлай і займацца ёй прыемна», – кажа Ілья Мікалаевіч.


Тое, што навука – занятак вельмі цікавы, не выклікае сумневаў і пры падыходзе да іншага стэнда БДУ. На стэндзе хімічнага факультэта красуюцца колбачкі з рознакаляровымі вадкасцямі і слоічкі з загадкавымі парашкамі. Выкладчык хімічнага факультэта Віталь Кондраў паказваў хімічныя эксперыменты. Паабяцаўшы просты, але вельмі відовішчны эксперымент, ён раствараў у колбе парашкі і змешваў вадкасці. Простым гэты эксперымент неспрактыкаванаму гледачу не здаўся, а вось у відовішчнасці яму не адмовіш. Калі падрыхтоўка бы­ла завершана, вадкасць у колбе па­чала змяняць свой колер: вось яна сіняя, потым плаўна становіцца празрыстай, затым аранжавай, і раптам ізноў сіняя. «Гэта завецца хімічны гадзіннік», – тлумачыць  выкладчык, адначасова рыхтуючы наступны эксперымент. «Вось, на эканамфаку такога не ўбачыш», – заўважыла дзяўчына побач.


У рамках фэсту быў арганізаваны круглы стол з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, маладымі навукоўцамі, арганізатарамі сту­дэнцкай навукі, аспірантамі і дак­тарантамі. Удзельнікі абмяркоўвалі перспектывы развіцця саветаў маладых навукоўцаў, спосабы павы­шэння іх іміджу, адсутнасць камерцыялізацыі навуковых інавацый і невялікі працэнт абароны кандыдацкіх дысертацый. Падчас дыскусіі былі не толькі абмеркаваны  праблемы, але і вы­­з­начаны шляхі рашэння некаторых  з іх. Так, для павышэння іміджу навукоўцаў было вырашана ўдасканаліць формы ўдзелу ў даследчых праектах, грантах, школах, а таксама праводзіць міжнародныя навуковыя школы з прыцягненнем аспірантаў і вядомых навукоўцаў з іншых краін. Каб палепшыць камерцыялізацыю інавацый, было прапанавана арганізоўваць чытанне лекцый на гэту тэму, а таксама ініцыяваць стварэнне моладзевых навуковых інавацыйных цэнтраў для падрыхтоўкі кадраў.


Таксама ўсе ахвотнікі маглі наведаць навукова-папулярныя лекцыі беларускіх навукоўцаў, якія на простай мове распавялі пра сваю складаную працу. Акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч  прадставіў даклад пра ядзерную энергетыку. Кандыдат біялагічных навук Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Васіль Панкратаў выступіў з лекцыяй «Эвалюцыйная генетыка чалавека», распавёўшы пра паходжанне беларусаў, іх схіль­насці да хвароб і шматлікае іншае.

На лекцыі «Пытанні сучаснай хіміі» загадчык лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў  іх перапрацоўкі НДІ ФХП БДУ Дзмітрый Грыншпан распавёў пра такія сучасныя распрацоўкі   нашых навукоўцаў, як ядомая ўпакоўка і ўдасканаленыя фільтры для вады. Пра распрацоўку і пад­рых­тоўку да запуску ўніверсітэцкага нанаспадарожніка можна было даведацца на лекцыі загадчыка кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій ФРКТ БДУ Уладзіміра Саечнікава.
На ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным вынікам працы фэ­сту, прарэктар па навуковай рабоце БДУ Васіль Сафонаў пажадаў навукоўцам поспехаў і выказаў зацікаўленасць у тым, каб моладзь рэалізоўвала свой патэнцыял у сценах універсітэта.


За актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў фэсту моладзевай навукі і навукова-даследчай працы ўстаноў вышэйшай адукацыі маладых навукоўцаў узнагародзілі граматамі міністэрства адукацыі.

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш адзначыў: «На працягу 2016 года ў моладзі была добрая магчымасць пагутарыць са старэйшымі калегамі, атрымаць  досвед і прадставіць свае распрацоўкі і дасягненні. І, напэўна, гэта тыя зерні, якія дадуць рост і сёлета. Мерапрыемствы фэсту вырашылі шмат задач, звязаных з прыцягненнем моладзі ў навуку. Мы будзем актыўна працягваць падтрымку падобных мерапрыемстваў. Хачу падкрэсліць, што мы не заканчваем наш фэст, а падводзім вынікі таго, што было зроблена ў 2016 годзе, і ставім задачы на 2017».

Як вядома, 2017 год абвешчаны ў Беларусі годам навукі з мэтай   павышэння яе ролі ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стварэння спрыяль­ных умоў для захавання навуковага патэнцыялу, фарміравання міжнароднага іміджу Беларусі  як краіны з высокім узроўнем інтэ­лекту­аль­нага і чалавечага капіталу.
Дар’я КОЎЗА

Яшчэ больш фота тут

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: