Ці патрэбны ты рынку? “Кар’ерны форум–2017” даў студэнтам новыя арыенціры па працаўладкаванні (+відэа)

24 Feb, 2017.

У сярэдзіне лютага студэнты з усіх куткоў Беларусі наведалі адкрыты рэспубліканскі "Кар'ерны форум", арганізатарам якога выступіў БДУ. Кірмаш вакансій, прэзентацыі, майстар-класы, панэльная дыскусія і іншыя зоны актывацыі дапамаглі моладзі зразумець стан сучаснага рынку працы, а таксама знайсці прэстыжную працу ці перспектыўную стажыроўку.

 Перад пачаткам форума ў фае гатэля "Пекін" сабралася вялікая колькасць студэнтаў, якія ўжо абмяркоўвалі маючыя адбыцца мерапрыемствы. Дарэчы, за некалькі дзён да падзеі арганізатарам прыйшлося закрыць рэгістрацыю ахвотнікаў, колькасць якіх перасягнула ўсе чаканні. Кампаніі-партнёры падрыхтавалі сваім будучым стажорам ці супрацоўнікам перспектыўныя прапановы.

 Больш за тысячу студэнтаў, якія сабраліся ў канферэнц-зале, павітаў рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, а таксама HR-дырэктар Альфа-Банка Сяргей Прыходзька і дырэктар Rabota.TUT.by Святлана Шапорава. Пасля цырымоніі адкрыцця пачаліся майстар-класы.

 Групы ўдзельнікаў працавалі ў "Лабараторыі дызайн-мыслення". Пра адносіны паміж рынкам працы Беларусі і студэнцкай моладдзю распавяла Святлана Шапорава. Побач праводзіла свой майстар-клас Вераніка Мандрык (ЗТАА "Джапан Табака Інтэрнэшнл Эсэндзі"), у якім распавядала пра ўсе тонкасці справавой перапіскі.

Ці патрэбны ты рынку? Такое катэгарычнае пытанне задавала назва майстар-класа ад Сяргея Прыходзькі. У гэта ж час з інтэрактывам выступаў кіраўнік IT House Аляксандр Мялешчанка. PR-менеджар RABOTA.TUT.BY Ганна Шагун пазнаёміла слухачоў з ключавымі памылкамі пры стварэнні рэзюмэ.

 Цікавасць у студэнтаў выклікалі "хуткія гутаркі" з працадаўцамі. Speed-meeting – гэта выдатная магчымасць праверыць сваё рэзюмэ, супаставіць свае працоўныя "апетыты" рэаліям рынка працы, а таксама своеасаблівая "хвіліна славы" перад дасведчанымі і знакамітымі HR-экспертамі. Працэсам Speed-meeting кіравалі эксперты праекта Kandidat.by Cяргей Бакулін і Алена Шавялёва. Дзясяткі студэнтаў, тузін экспертаў, сотні старонак рэзюмэ і толькі паўтары гадзіны на тое, каб усе атрымалі жаданае. У такіх "экстрэмальных" умовах студэнты імкнуліся як мага ярчэй праявіць усе свае станоўчыя якасці.

 Пакуль адны студэнты праходзілі хуткія гутаркі, іншыя прыйшлі на майстар-клас Дзмітрыя Судакова. Прадстаўнік Маскоўскай школы кіравання Сколава прывёз з сабой самую незвычайную карту – "Атлас прафесій будучыні". Жывое і дынамічнае выступленне спікера, які не пабаяўся зазірнуць у будучыню скрозь суровую рэальнасць, натхніла студэнтаў на новыя разважанні. Але нават праз стагоддзі, калі знікнуць сотні прафесій і з'явіцца тысяча новых, любоў да сваёй справы, па меркаванні Дзмітрыя Судакова, вызначальны фактар пры выбары жыццёвага шляху.

Кульмінацыйным момантам адкрытага рэспубліканскага "Кар'ернага форуму" стала панэльная дыскусія "Бізнес і адукацыя. Шляхі скарачэння адлегласці паміж акадэмічнай адукацыяй і запатрабаваннямі бізнесу". На адной сцэне сышліся прадстаўнікі палярных меркаванняў, з-за чаго гутарка знаходзілася ў пастаянным руху: ад кантрастных эмоцый да простых, але глабальных па сваёй глыбіні пытанняў.

 Падчас "Кар'ернага форуму" трансляцыі для сацыяльных сетак рабілі не толькі арганізатары форуму, але і яго ўдзельнікі. Яны публікавалі фатаграфіі з хэштэгам #CF2017. Адзін з такіх здымкаў прыцягнуў увагу арганізатараў "Кар'ернага форуму". 

 Гісторыяй гэтага кранальнага фота, а таксама ўражаннямі ад "Кар'ернага форуму" падзяліўся з намі студэнт трэцяга курса БДЭУ Ягор Закусіла:
"Я і мая дзяўчына – студэнты БДЭУ. Вучымся з ёй на адным курсе, але ў розных групах. Калі шчыра, ужо не памятаем, як даведаліся пра форум, але вельмі рады, што мы ўсё-такі пра яго даведаліся! Для нас, эканамістаў, "Кар'ерны форум" стаў проста скарбніцай карыснай інфармацыі. Асабліва ярка запомнілі панэльную дыскусію, дзе гаварылася не толькі пра поспехі, але і сур'ёзна абмяркоўваліся розныя праблемы і супярэчнасці.
Пра "Кар'ерны форум" я распавёў аднаму са сваіх выкладчыкаў. Ён пахваліў мяне і папрасіў падзяліцца сваім уражаннем ад "Кар'ернага форуму" са студэнтамі нашага ўніверсітэта.
А гісторыя ў фота досыць простая. Мая спадарожніца Насця падтрымала маю ідэю наведаць дадзены форум. Яна заўсёды мяне падтрымлівае! І разам з ёй мы ідзём да поспеху па шляху самаразвіцця ўжо з першага курса. Шчыра кажучы, я не так ужо і часта загружаю фатаграфіі ў свой Instagram, але тады быў патрэбны момант! Дзякуй арганізатарам за гэта цудоўнае мерапрыемства! Мы абавязкова наведаем "Кар'ерны форум" у наступным годзе!"

 Дар'я Рубчэня, студэнтка 4 курса механіка-матэматычнага факультэта БДУ, падзялілася сваімі меркаваннямі:

 "Кар'ерны форум" я наведала не з мэтай знайсці месца працы і стажыроўкі. У мяне ёсць праца, і я ёй вельмі задаволена. Мне хацелася ацаніць стан рынку працы, паглядзець на кампаніі, якія працуюць у маёй сферы. Яшчэ было цікава даведацца, што працадаўцы больш за ўсё шануюць у сваіх супрацоўніках, каб вызначыць кірунак свайго самаразвіцця.
"Кар'ерны форум" – гэта неверагодная атмасфера з велізарнай колькасцю зон актывацый. Было гэтулькі цікавых майстар-класаў, што ўзнікала жаданне кланаваць сябе і наведаць усе выступленні спікераў! Я распытвала прадстаўнікоў усіх стэндаў кампаній, і ўсе мне прыязна і падрабязна адказвалі нават на маё самае, як магло б здацца, малаважнае пытанне.
Як арганізатар рознага роду студэнцкіх мерапрыемстваў, хачу адзначыць яшчэ і тое, што арганізацыя форуму была на найвышэйшым узроўні, асабліва, калі гэта тычылася захавання часавага рэгламенту. Усё дакладна і без лішніх рухаў – вельмі выдатна!"
На форуме студэнтка мехмата БДУ была разам са сваімі таварышамі па студэнцтве. Усе яны прыйшлі на форум даведацца пра магчымасці, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, пагутарыць з працадаўцамі і прыадчыніць завесу будучыні, якая ўвесну прыйдзе ў выглядзе размеркавання.

 Кожная вялікая падзея мае водгук не толькі з боку ўдзельнікаў. Бо тыя, хто бачыць "гатовае мерапрыемства", не могуць ведаць пра тое, з чаго ўсё пачыналася, як праходзіла падрыхтоўка і што адбывалася "за кулісамі". Пра гэта нам распавяла начальніца ўпраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная:

- Ідэя "Кар'ернага форуму" прыйшла да нас ад кампаній, якія ўвесь час удзельнічалі ў днях кар'еры БДУ, якія праводзяцца з 2014 года раз на семестр. Менавіта кампаніі выказалі сваё жаданне сабраць на адной пляцоўцы студэнтаў розных ВНУ і спецыяльнасцяў. Канцэпцыяй форуму апекавалася працоўная група нашага ўніверсітэта.

"Кар'ерны форум" прайшоў вельмі паспяхова, а галоўнае – прадуктыўна. Кожная з пляцовак, дзе праводзіліся майстар-класы, лекцыі, трэнінгі і іншыя актыўнасці, былі перапоўнены студэнтамі. Форум не толькі даў магчымасць знайсці месца практыкі, стажыроўкі і працы, але дапамог студэнтам набыць пэўныя навыкі пошуку працы. А сёння гэта вельмі актуальна для маладых спецыялістаў.
Кампаніі-партнёры "Кар'ернага форуму" засталіся ў захапленні ад высокай матывацыі ўдзельнікаў форуму, а таксама адзначылі высокі арганізацыйны ўзровень правядзення форуму.
"Кар'ерны форум" натхніў нас не толькі на яго правядзенне ў наступным годзе, але і на тое, каб комплексна падыходзіць да працы па спрыянні працаўладкаванню і пабудове кар'еры выпускнікоў. Мы плануем стварэнне віртуальнай кар'ернай пляцоўкі, дзе выпускнікі і працадаўцы могуць узаемадзейнічаць наўпрост. Таксама хочам праводзіць цыкл пастаянных мерапрыемстваў, якія будуць накіраваны на далейшае працаўладкаванне выпускнікоў.
Вельмі хочам, каб "Кар'ерны форум" выйшаў за межы Мінска і стаў праводзіцца ў рэгіёнах. Дарэчы, над наступным форумам праца ўжо пачалася"
 

"Кар'ерны форум" – гэта ўнікальнае месца сустрэчы студэнтаў і працадаўцаў. Гэта магчымасць прызнацца ў праблемах і адразу ж шукаць іх рашэнне. Гэта спосаб прадэманстраваць дасягненні, здабыць новыя кантакты, атрымаць карысную інфармацыю і не менш карыснае натхненне. Гэты форум стаў арэнай працадаўцаў, якія дапамаглі моладзі ажыццявіць мару і знайсці ўлюбёную працу. "Кар'ерны форум" – гэта яшчэ адзін маленькі крок для студэнта, але такі велізарны для ўсяго студэнцтва.

Прэзентацыі спікераў, фота і відэарэпартажы даступныя ў акаўнтах "Кар'ернага форуму" і БДУ:
https://vk.com/career_bsu
https://vk.com/bsu_by
https://www.instagram.com/instabsuby/
#CF2017

Кацярына РУТКОЎСКАЯ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота ў лічбавым фотаархіве

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *