Начальнік ваеннага факультэта Ігар Новікаў: “Жыццё – Айчыне, гонар – нікому”

23 Feb, 2017, усяго праглядаў: 102.

Прафесія вайскоўца адна з самых незаменных. Гонар, воля і вытрымка – гэта пра іх, абаронцаў дзяржавы і грамадзян. І цікавасць да "людзей у пагонах" не згасае. З начальнікам ваеннага факультэта палкоўнікам Ігарам Анатольевічам Новікавым мы пагаварылі пра жыццё і прафесію.

- Як праходзіць ваш дзень на ваенным факультэце?

 - Кожны дзень напоўнены падзеямі, бо працэс навучання і курсантаў, і студэнтаў вельмі насычаны. Ёсць яшчэ і жыццё факультэта, дзе патрэбныя аператыўныя рашэнні начальніка ваеннага факультэта. Таму ўсё досыць дынамічна.

 - Як вы абралі прафесію?

 - Тут усё проста: ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць – гэта пра мяне.

- Якім вы запомнілі сваё дзяцінства?

 - Цікавым, яркім і са мноствам сяброў. Заўсёды на вуліцы, заўсёды ў дружнай і вясёлай кампаніі… Не тое, што цяпер: дзеці сам-насам з камп'ютарам.

- У вас ёсць улюбёныя заняткі, якім вы прысвячаеце вольны час?

 - Вольнага часу практычна няма. Вялікі калектыў, шмат задач, якія патрабуюць пастаяннага рашэння ці кантролю іх выканання… Але калі выдаецца вольная хвілінка, то я прысвячаю яе сваёй сям'і: мой дом – мая крэпасць, мой надзейны тыл.

- Якімі вам здаюцца цяперашнія студэнты? Ёсць розніца з тымі, хто вучыўся гадоў 5-10 таму?                          

 - Істотнай розніцы няма. Можа, дзеці сталі больш індывідуальныя. Вышэй я ўжо казаў, чаму.

- Як вы лічыце, наколькі важны кодэкс гонару для вайскоўца і для чаго патрэбны?

 - У нашай Айчыне ваяры спрадвеку карысталіся нязменнай любоўю народа, гэтая цяжкая і небяспечная прафесія заўсёды лічылася адной з самых высакародных. Такое стаўленне да ратнай працы ў народным асяроддзі выхавала ў нашых ваяроў якасці, якія ўвесь час адзначалі не толькі саюзнікі, але і ворагі Беларусі. Гэта нясхільная воля да перамогі, устойлівасць у абароне, цвёрдая рашучасць у наступе, самаахвярная мужнасць і адвага, асабістая ініцыятыва, масавая гераічнасць, моцнае вайсковае братэрства і ўзаемадапамога.

У сучасных умовах перад Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь стаіць найважнейшая задача падтрымання і развіцця ў афіцэрскім асяроддзі сапраўдных духоўных каштоўнасцяў, маральных арыенціраў, найлепшых афіцэрскіх традыцый, выпрацаваных за шматвяковую гісторыю. І афіцэрскі корпус з гонарам выконвае складаныя і адказныя задачы, якія стаяць перад беларускім войскам.

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка ўручае Ганаровую грамату Ігару Новікаву на мерапрыемстве, прысвечаным 90-годдзю ваенннага факультэта

Словы "афіцэр" і "гонар" ужо даўно сталі сінонімамі, і афіцэры ваеннага факультэта пацвярджаюць гэта сваёй штодзённай працай.

Афіцэрскі корпус – адмысловае вайсковае братэрства, згуртаванае агульнымі інтарэсамі абароны Радзімы і служэння Айчыне. Адгэтуль і асноўны дэвіз афіцэра: "Жыццё – Айчыне, гонар – нікому". Хто гэтага не разумее, той не афіцэр. На шчасце, такіх у нас няма.

- Да чыйго досведу і жыцця звяртаецеся вы? Хто для вас з'яўляецца аўтарытэтам?

 - "Не ствары сабе куміра"… Ёсць людзі, якіх я памятаю заўсёды, якіх люблю, чый аўтарытэт заўсёды для мяне быў і будзе недатыкальны – мае бацькі. Выхавалі, выгадавалі, навучылі любіць зямлю, на якой жыву, і быць ёй карысным.

- Што значыць для вас Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь?

Свята сапраўдных мужчын. Свята маё, маіх калегаў, людзей у пагонах. Свята, якое са мной практычна ўсё маё жыццё і якога я ўсё адно чакаю кожны год.

Ад імя камандавання, прафесарска-выкладчыцкага і ўсяго асабовага складу ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! Ад шчырай душы жадаю дужага здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым блізкім пад мірным беларускім небам!

Гутарыла Надзея МАРХЕЛЬ

Ігар Новікаў з міністрам абароны нашай краіны Андрэям Раўковым

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *