«Што з бою ўзята, тое свята…»

3 Feb, 2016.

Фудасин СенкёСпаборніцтвы па каратэ любога ўзроўню – гэта заўжды значная падзея для кожнага спартсмена, які цэніць свае навыкі і ўменні і жадае развіць іх. Кожны выхад на татамі – гэта і новая прыступка на шляху ўдасканалення майстэрства, і спосаб падвесці вынікі папярэдняй дзейнасці. І ўзнагароды, і няўдачы матывуюць спартсмена і ўказваюць яму мажлівыя шляхі далейшага развіцця. Але, безумоўна, у правядзенні такіх мерапрыемстваў ёсць не менш практычна значны, але куды больш глыбокі сэнс. Кожны народ, які перажыў хоць адну значную барацьбу, мае дакладнае і вострае прадстаўленне аб каштоўнасці міру і неабходнасці ўва ўсе часы імкнуцца пакідаць меч у ножнах. Але калі барацьба ўсё ж мела месца, неабходна ўсведамляць значнасць такога вопыту і шанаваць здабыткі. “Што з бою ўзята, тое свята” – казалі нашыя прашчуры. Выдатна і трапна ахарактарызавалі яны і эмацыянальную складаючую: “Пасля ўдалага бою каша смачней”. Змаганні ў баявых мастацтвах, як здаецца, граюць у пытаннях агульнага ўсведамлення каштоўнасці міру адну з вядучых роляў.

24 студзеня найбольш дасведчаныя і спрактыкаваныя спартсмены клуба “Фудасін” прынялі ўдзел у 3-м этапе Мінскай гарадской лігі каратэ, які прайшоў на спартыўнай базе клуба “Сэнкё”. Задачай пачаткоўцаў на гэтых спаборніцтвах было назіранне і набыццё вопыту. Перад пачаткам змаганняў мы задалі некалькі пытанняў студэнту 2 курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Сяргею ШАМЯКОВУ, які ў гэты дзень выступаў у разделе “Кумітэ” ў катэгорыі “да 75 кг”.

-Сяргей, ці была для Вас навіна пра выступ у спаборніцтвах нечаканай?

-Падрыхтоўка да спаборніцтваў была грунтоўнай, але сама навіна сталася нечаканай. Прыйшоў на трэніроўку ў сераду – і тады й даведаўся, што выступаю. Не тое каб я не быў моцна падрыхтаваны да гэтага маральна – я падазраваў, што недзе ў гэты час і павінен быць наступны этап Мінскай гарадской лігі каратэ, — але, можа быць, трошкі не гатовы фізічна.

-За кошт чаго можна перамагчы, калі няма патрэбнага Вам узроўню фізічнай падрыхтоўкі? Вопыт, імправізацыя?

-Імаверна, вопыт і тэхніка. Досвед папярэдніх выступленняў, безумоўна, сур’ёзна дапамагае, але калі ты ўжо маеш пэўны вопыт і напрацаваў пэўную тэхніку, то з часам разумееш, наколькі важлівыя фізічныя паказчыкі. Тры хвіліны дастаткова складана проста, што называецца, “адскакаць”, а тым больш – правесці іх актыўна. Банальна можа не хапаць вынослівасці. Патрэбна і сур’ёзная падрыхтоўка, і нават тая ж самая размінка для таго, каб добра праводзіць удары рукамі і нагамі.

-Які ў Вас на сённяшні дзень досвед заняткаў? Колькі гадоў Вы выступаеце?

-Наогул я пачаў займацца каратэ дастаткова даўно, тады мне было гадоў 5. Удзельнічаць у спаборніцтвах я пачаў, напэўна, гадоў у 7, але пасля быў перарыў дзесьці паміж 14 і 17 гадамі, гэтыя тры гады я не займаўся. Насамрэч дарэмна не займаўся, бо гэта тыя гады, якія прыносяць больш за ўсё вопыту і больш за ўсё нейкіх вынікаў. Мяркую, я ўпусціў дастаткова многа, але вось апошнія паўтары гады спрабую “ўцягнуцца” назад.

-Якое плануеце развіццё ў будучым? Мажліва, плануеце ўдзел у міжнародных спаборніцтвах?

-Хутчэй за ўсё, не. Каратэ для мяне – гэта адпачынак ад вучобы – той дзейнасці, якою я звычайна займаюся. Мне вельмі цікава займацца матэматыкай на глыбокім узроўні, думаю ў будучым праводзіць даследаванні ў гэтай вобласці. І паралельна займацца якім-небудзь спортам – у любым выпадку гэта і карысна, і прыемна.

-Ці дапамагае атрыманая загартоўка характару ў жыцці? І ці адбываецца яна сапраўды на трэніроўках?

-Безумоўна, адбываецца і, безумоўна, дапамагае. Нават калі проста паназіраць за людзьмі, якія займаюцца каратэ – і са мною ў адным клубе, і ў іншых клубах, — можна заўважыць, што гэта людзі валявыя – людзі, якія дабіваюцца ў жыцці большага. Мажліва, гэта не звязана напрамую з каратэ, можа быць, ёсць і іншыя фактары – але ўсё ж такі заняткі каратэ даюць валявую падрыхтоўку. Даводзіцца пераступаць цераз сябе, у тым ліку на спаборніцтвах – непрыемна ж, калі цябе б’юць. Але нават калі так, ты ўсё роўна прыходзіш – паглядзець і даведацца, на што ты здольны.

-Што Вы пажадаеце сам сабе сёння?

-Пажадаю ў выступленні прадэманстраваць сябе з лепшага боку. Насамрэч, я не ўпэўнены, выйграю я ці прайграю. Сёння мне важна адпрацаваць тэхніку, прадэманстраваць лепшыя якасці, каб потым не сорамна было аналізаваць свій выступ. Ну і яшчэ важна выправіць хібы, заўважаныя на мінулых спаборніцтвах.

Фудасин Сенкё Филонова Анастасия, Елизавета Курилина, Виктория Кривошеева, Алеся Иванова. директор клуба "Фудосин" и тренер команды Снегирёв Сергей Николаевич

Злева направа: Анастасія Філонава, Лізавета Курыліна, Вікторыя Крывашэева, Алеся Іванова. У цэнтры — дырэктар клуба “Фудасiн” і трэнер каманды Сяргей Снягiроў

Дзяўчыны на спаборніцтвах выступалі ў раздзеле “Ката” – і зрабілі гэта вельмі паспяхова. Першае месца ў катэгорыі заваявала Крывашэева Вікторыя (2 курс, мехмат), другое месца ўзяла Філонава Анастасія (5 курс, Інстытут журналістыкі), трэцяе — Курыліна Елізавета (3 курс, біяфак). Змаганне ў ката выявілася надзвычай напружаным: кожная спартсменка прадэманстравала глыбокае разуменне сутнасці фармальных комплексаў, імклівасць і дакладнасць рухаў, грацыю і пластыку цела і неверагодную скаардынаванасць. Каб пераадолець суперніц, пераможцы давялося выканаць серыю складаных ката: Басай-дай (“Пранікненне ў крэпасць” ці, у іншым перакладзе, “Узяцце вежы”), Годзюшыха шо (“Годзюшыха” – 54 крокі, “Шо” – маленькі), Энпі (“Палёт ластаўкі”).

Филонова Анастасия, Виктория Кривошеева "Фудосин" "Сёнкай"

Хлопцы выступалі ў раздзеле “Кумітэ”. Сярод прызёраў каманды – студэнт 3 курса Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій Мікіта ЛIСОЎСКI, які заняў 3 месца ў катэгорыі “да 75 кг”.

-Мікіта, які Ваш досвед у каратэ?

-Я займаюся каратэ ўжо гадоў 10, але з перарывамі. Пачаў займацца я тады, калі пайшоў у трэці клас. Каратэ ў нашай школе выкладаў Снегіроў Сяргей Мікалаевіч. Адзін з перарываў у занятках быў працягласцю ў некалькі гадоў – гэта быў час школьных іспытаў у 9-м і 11-м класах і час да паступлення ва ўніверсітэт. Ва ўніверсітэце мне зноў прапанавалі займацца – і, у прыватнасці, удзельнічаць у спартакіядзе БДУ. І вось я ў клубе “Фудасін”.Лисовский Никита "Фудосин" "Сёнкай"

-Як бацькі паставіліся да вашых заняткаў?

-А яны мяне і прывялі ў секцыю. У трэцім класе я наўрад ці змог бы сам прыняць такое рашэнне. Толькі прывялі мяне не “за руку”, я сам прыйшоў. Проста бацька сказаў мне: “вось у цябе ёсць секцыя каратэ ў школе, ці не хочаш схадзіць?”. Я схадзіў – і мне спадабалася. Бацька наогул ніяк не звязаны са сферай баявых мастацтваў, проста хацеў, каб у мяне сфарміраваўся правільны характар. Вырашыў, што каратэ падыдзе для гэтай мэты. І я дагэтуль не расчараваны. Пояс у мяне пакуль зялёны – проста я не часта здаваў экзамены на яго, апошні раз быў яшчэ ў школе. Я займаюся для сябе і ўдзельнічаю ў спаборніцтвах.

-Колькі разоў на тыдзень займаецеся?

-Тры разы на тыдзень. Таксама самастойна хаджу ў трэнажорную залу і басейн. Але бывае так, што прапускаю трэніроўкі. Можа, калі б не прапускаў, сёння было б не трэцяе месца, а вышэйшае.

-У сувязі з чым прапускалі?

-Лянота. І вучоба. Падчас сесіі заўжды ідуць пропускі. Таксама мажлівыя ў сувязі з падзеямі студэнцкага жыцця, калі наведваеш якія-небудзь мерапрыемствы ўвечары, бо трэніроўкі ў нас пераважна ў вячэрні час.

-Што даюць Вам заняткі каратэ апроч чыста фізічнага аспекту?

-Як бы банальна ні гучала, заняткі вельмі дапамагаюць выплеснуць агрэсію. Яе патрэбна дзесьці “выкідаць” – і ў зале гэта вельмі добра атрымліваецца. Пры гэтым агрэсія не проста выплёскваецца ў пустэчу, а трансфармуецца ў новыя навыкі і фізічныя магчымасці. Каратэ, як мне падаецца – вельмі стваральны від спорта, ён не разбурае, а фарміруе чалавека.

-Ці дапамагаюць Вам заняткі ў жыцці ў плане вырашэння канфліктных сітуацый?

-Каратэ – гэта від спорта, які вучыць не ўступаць у канфлікты, прадухіляць іх. Але калі канфлікт адбываецца, я адчуваю сябе маральна гатовым даць адпор. У тым сэнсе, што проста не ўзнікае ў такіх выпадках жадання, як кажуць, “даць у храпу” – бо я, дзякуючы заняткам, маральна спакойны. Фізічнае ўздзеянне – толькі калі трапляецца нейкая надзвычайна сур’ёзная і небяспечная сітуацыя.

Майстры каратэ кажуць пра неабходнасць пастаяннага самаўдасканалення. У каратэ ёсць пэўны набор ката і пэўны набор прыёмаў. Дзе пачынаецца самаўдасканаленне, калі Вы ведаеце ўсё?

-Самаўдасканаленне пачынаецца тады, калі ты бачыш у сябе недахопы і спрабуеш іх выкараніць.

-Недахопы якога плана?

-Любога. У фізічнай сіле, у тэхніцы… Калі ты адчуваеш сябе ідэальным, ты ўжо не можаш самаўдасканальвацца. Таму бачыць недахопы неабходна. У сябе, напрыклад, бачу недахоп трэніроўкі, недахопы ў тэхнічным плане.

-Каратэ цікавіць Вас больш як баявое мастацтва, ці Вас больш прываблівае спаборніцкі аспект Вашай дзейнасці?

-Каратэ – гэта для мяне, як я ўжо адзначыў, спартыўнае хобі. І цікавіць яно мяне больш як баявое мастацтва – у яго прыкладным характары.

-А што дае ўдзел у спаборніцтвах?

-Гэта для мяне не самамэта, я не лічу сябе суперспартсменам, які можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах высокага ўзроўню. Але калі ёсць спаборніцкі аспект, заўжды ёсць да чаго імкнуцца. Нават проста прыняць удзел у большай колькасці спаборніцтваў – гэта таксама імкненне.

-У чым для Вас складаней выступаць – у ката ці ў кумітэ?

-У кумітэ. Яно больш прыкладное, больш набліжанае да жыцця. Ката – гэта тэхніка. Кумітэ – гэта і выплеск эмоцый, і наогул сутнасць баявога мастацтва – бой. Дэманстрацыя тэхнікі – гэта не бой.

-Існуе меркаванне, што мэта заняткаў любым баявым мастацтвам – давядзенне любога прыёму ці элементу да таго, каб ён быў максімальна эфектыўным – каб толькі ім адным можна было скончыць любы паядынак. Ці хочаце Вы займацца да такога ўзроўню?

-Так. Сама сутнасць каратэ – у паядынку. Любая тэхніка павінна быць максімальна эфектыўнай. У гэтым мой стыль каратэ істотна адрозніваецца, напрыклад, ад тых жа баёў без правілаў, дзе супернікі проста “месяць” адзін аднаго. Там няма разліку на тое, каб “перамагчы адным ударам”. У гэтым жа адрозненне, напрыклад, ад спаборніцтваў па кёкусінкай каратэ, дзе часта перамагае спартсмен, які, кажучы утрыравана, здолеў вытрываць больш удараў суперніка. Сётакан, на маю думку – гэта якраз тая “тэхніка аднаго ўдару” – у тым сэнсе, што яе трэба даводзіць да таго, каб з дапамогай яе можна было паразіць суперніка – ну, не тое каб забіць, а каб перамагчы яго, “зарабіць бал”, калі мы кажам пра спаборніцтвы. Ну ці на крайні выпадак забіць, але маральна (смяецца).

-Хацелася б дазнацца пра Вас трошкі больш як пра будучага спецыяліста і як пра асобу наогул. У якой прафесіі Вы сябе бачыце?

-Пра гэта я пакуль не думаў. Я паступаў у ІБМТ, таму што хацеў адкрыць уласны бізнэс. Але зараз, як мне падаецца, у мяне не дужа спрыяльныя ўмовы для такіх пачынанняў, хаця працягваю аб гэтым думаць. Я вучуся на “кіраўнічай” спецыяльнасці – і буду імкнуцца працаваць па гэтай спецыяльнасці.

-Многія людзі са свету бізнэса наведваюць трэнінгі па лідэрстве, дзе ім рэкамендуюць чытаць, напрыклад, літаратуру пра людзей, якія звязаныя (ці сутыкаліся) у сваім жыцці з жорсткімі рэчамі. Робіцца гэта, можа быць, не столькі для таго, каб сфарміраваць характар, колькі чалавек атрымаў уяўленне пра тое, як патрэбна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. У гэтым плане каратэ для Вас – гэта жывы падручнік?

-Так. Каратэ – гэта спорт, які і загартоўвае характар, і робіць цябе смялейшым. Больш за тое, пасля заняткаў да некаторых рэчаў у сваім жыцці пачынаеш ставіцца неяк больш скептычна. Каратэ – гэта натуральны, як Вы сказалі, жывы падручнік. І спорт, і вучоба адначасова.

-А ці ёсць у Вас хобі апроч каратэ?

-Так. Я захапляюся ўсімі відамі спорту, якія толькі могуць існаваць. Займаўся раней, напрыклад, спартыўнай гімнастыкай і класічнымі бальнымі танцамі. Былі заняткі музыкай: скончыў музычную школу па класе акардэона, умею граць на фартэпіяна. Наогул, я такі чалавек, які цікавіцца ўсім, але патроху.

-Што скажаце людзям, якія ў Вашым узросце толькі пачынаюць займацца?

-Скажу, што пачынаць займацца каратэ можна ў любым узросце. Ніколі не позна ўстаць на шлях самурая. Некалькі гадоў таму, напрыклад, француз, які пачаў свае заняткі дзесьці ў 30 гадоў, выйграў чэмпіянат свету. Таму, як мне падаецца, ніколі не позна прыйсці ў каратэ – і нават стаць чэмпіёнам. А калі Вы маеце на ўвазе заняткі “для сябе” – тады тым больш.

Наступны, чацвётры этап Мінскай гарадской лігі каратэ адбудзецца напрыканцы сакавіка. На гэтых спаборніцтвах па ўласным жаданні і з дазволу трэнера ў раздзеле “Кумітэ” змогуць паспрабаваць свае сілы і пачаткоўцы. Пажадаем пачаткоўцам мужнасці, спрактыкаваным спартсменам — упэўненасці ў сабе, а ўсім разам – новых ясравых перамог!

Сяргей МАЕЎСКІ

print

Вам таксама можа спадабацца: