Плён навуковых калабарацый

2 Feb, 2016, усяго праглядаў: 232.

IMG_0147-1У НДІ ядзерных праблем БДУ працуе шмат навукоўцаў з сусветным аўтарытэтам. Адна з іх кандыдат фіз.-мат. навук Паліна КУЖЫР, загадчык лабараторыі нанаэлектрамагнетызму. Яна распавяла нам пра поспехі і перспектывы лабараторыі, як сумяшчаць навуку і асабістае жыццё і чаму яна вырашыла прысвяціць сябе менавіта фізіцы. – Паліна Паўлаўна, па дадзеных Google Scholar, Вы з’яў­ля­ецеся адным з самых цытуемых навукоўцаў БДУ, як дамаг­ліся такога статусу ? – Насамрэч, ёсць вялікая роз­ніца паміж персанальным рэйтынгам і рэйтынгам навукоўца, калі ён задзейнічаны ў якой-небудзь буйной навуковай калабарацыі. Мой рэйтынг фарміруецца з двух такіх складнікаў. Паколькі я доўгі час пра­­цавала ў галіне фізікі часціц і высокіх энергій, была ўдзельнікам калабарацыі ATLAS у еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследа­ванняў CERN, то значная частка гэтых паказчыкаў таксама паўплы­вала на рэйтынг. Таму прыпісаць асабіста сабе ўсе дасягненні я не магу, яны ў значнай ступені сфар­міраваны працай у камандзе. – А чым можа ганарыцца лабараторыя нанаэлектрамагнетызму? – У канцы 2014 г. калектыў нашай лабараторыі ўвайшоў у мегапраект Graphene Flagship – адзін з двух найбуйнейшых еўра­пейскіх праектаў з бюджэтам 1 мільярд еўра, у якім будзем працаваць да 2020 г. Мы адзіная каманда на абшарах былога СССР, у якой гэта атрымалася. Акрамя таго, у нашай лаба­раторыі ёсць прыкметныя сусветнай навуковай супольнасці вынікі і без удзелу ў калабарацыях. Не так шмат навукоўцаў, якія могуць пахваліцца тым, што схемы з іх навуковых артыкулаў трапілі на вокладку знакамітых часопісаў. А мы дамагліся гэтага. Вось зараз вый­дзе артыкул супрацоўнікаў нашай лабараторыі. Сярод іх малады навуковец Дзмітрый Бычанок. Рэдакцыя часопіса Applied Physics Letters (адзін з самых паважаных у галіне фізікі) не толькі апублікуе матэрыял, але яшчэ і разрэкламуе яго праз знакаміты навукова-папулярны партал science daily. А ў сту­дзені 2015 г. два нашы малюнкі з’явіліся на вокладцы Carbon – аўтарытэтнага часопіса ў галіне вугляроду. – Ваша лабараторыя супра­цоўнічае са студэнтамі? – Мы вельмі зацікаўлены ў моладзі. Кожны год бяром па адным-два студэнты, большасць у нас застаецца потым працаваць. І хоць НДІ ЯП не вельмі моцна сябе рэкламуе на фізфаку, але лабараторыя так доўга супрацоўнічае з факультэтам, што выпускнікі і так нас добра ведаюць. Сярод маіх калегаў маладыя аспіранты і ма­гістранты. – Ці цяжка Вам было вызначыцца з прафесіяй? – Мне здаецца, што проста выбіраць шлях чалавеку, у якога абсалютныя і адназначныя да чагосьці здольнасці і таленты. Мне якраз няпроста было абраць, куды паступаць. Вагалася паміж біяло­гіяй і фізікай. Магчыма, сёння я б паступіла на біялагічны факультэт, гэта навука, безумоўна, сучаснасці і будучыні. Але амаль 30 гадоў назад фізіка была на піку папулярнасці. І не дзіўна, што я спынілася менавіта на ёй. На той момант гэта была адзіная спецыяльнасць і спе­цыялізацыя (фізіка высокіх энер­гій), якая дазваляла міжнароднае супрацоўніцтва. А мне вельмі хацелася вывучаць сапраўды цікавыя рэчы, займацца навукай, працаваць у калабарацыях. – Ці складана сумяшчаць у сабе навукоўца і гаспадыню ў сям’і? – Усё залежыць ад таго, дзе працуеш. Калі дзіця маленькае, хочацца больш увагі надаваць думкам пра дом, а менш – пра працу (а ўсё-такі фізіка – вельмі сур’ёзная навука). У гэтым сэнсе служба, па­сля якой спакойна адпраўляешся дадому, падыходзіць больш. Цяпер сыну амаль 16, ён маёй пільнай увагі ўжо не патрабуе. Увогуле, я лічу, што дзеці любяць і паважаюць бацькоў тады, калі бацькі любяць і паважаюць сябе. Таму азвярэла мясіць катлеты, замест таго каб пайсці і хутка штосьці купіць, я не буду, гэта не самае галоўнае.IMG_0148 У НДІ ЯП, з аднаго боку, думкі ўвесь час круцяцца вакол дасле­даванняў, вопытаў. І, бывае, працуеш з раніцы да ночы. Да прыкладу, мы пачалі супрацоўнічаць з бія­фізікамі, калі ідзе эксперымент з жывой клеткай і ты не можаш гэта адкласці. Можна прыйсці ў 6 ра­ніцы і сысці ў 12 ночы. Але з іншага боку – калі працуеш у навуковым інстытуце, ты вольны вырашаць, калі камфортней штосьці рабіць. Калі зручней пісаць навуковы артыкул ці справаздачу, калі прыйсці пазней ці сысці крыху раней, каб заняцца надзённымі справамі. – Дык як жа ўсё паспяваць і падтрымліваць узровень? Ёсць рэцэпт? – Я не ведаю ніводнага чалавека, якому ўдавалася б сапраўды паспяхова ўсё сумясціць. Сёння ад навукоўцаў патрабуюцца не толькі высілкі ўласна па навуцы, сёння трэба быць мабільным і паварот­лівым, прыкладваць старанні, каб знайсці спонсараў на чарговы праект. Таму часу на родных і блізкіх застаецца значна менш, чым было б варта. Але сям’я з ра­зуменнем да гэтага ставіцца. – Якія найбліжэйшыя перспектывы ў лабараторыі нана­электрамагнетызму? – Дагэтуль мы займаліся ўза­ема­дзеяннем электрамагніт­нага выпраменьвання з нанама­тэры­я­ламі. Цяпер мы ўжо самі навучы­лі­ся іх сінтэзаваць, прычым дзя­куючы таму, што не варымся ва ўлас­ным соку, а супрацоўнічаем з камандамі па ўсім свеце. Гэта вельмі паважаныя навуковыя калектывы, кожны ў сваім кірунку з’яўляецца піянерам. Да прыкладу, каманда Кавалёвай з Новасібір­скага інстытута ката­лізу. Яны адзі­ныя з усёй Расіі ра­білі вусны даклад на канферэнцыі вугляроднай нанатрубкі ў 2014 г. Таксама ў сферы працы па нанатрубках, па сінтэзе супра­цоў­ні­чаем і з іх найбліжэйшымі калега­мі, з Інстытутам неарганічнай хіміі. Адносна графену працуем з вельмі моцнай камандай з Фінляндыі. Што тычыцца порыстых вугляродных струк­тур, аэрагеляў, пен мы супра­цоўнічаем з піянерамі ў гэ­тай га­ліне французскай камандай уні­вер­сітэта Нансі, яны шмат гадоў запар прызнаюцца найлепшай матэ­рыялазнаўчай лабараторыяй Францыі. А наступны крок у нашай працы – перайсці ад матэрыялаў да якіх-небудзь невялікіх прылад ці эле­ментаў прылад. Ужо не толькі прапаноўваць і вывучаць прынцыпы прац, але, можа, паспрабаваць штосьці зрабіць і самім, штосьці абсалютна новае. Гутарыла Таццяна МОРАВА
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *