Пятро Жаўняровіч: «Кожнае пакаленне павінна мець свой пераклад…»

23 Mar, 2017.

Дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ Пятро Жаўняровіч перакладае Уладзіміра Караткевіча на рускую мову. У той жа час у яго хапае адвагі на адваротнае: зрабіць так, каб Фёдар Дастаеўскі загучаў на «мове». Пра тое, навошта ён гэта робіць і наколькі запатрабаваныя такія высілкі, мы пагутарылі з Пятром Пятровічам.

Спадар Жаўняровіч пачаў перакладчыцкую дзейнасць з той прычыны, што стаў займацца рэдагаваннем. Нядаўна ён выдаў «Даведнік па літаратурнай праўцы» – настольную кнігу для тых, хто мае дачыненне да беларускага слова, грунтоўны вынік дваццацігадовай працы аўтара. Рэдактар убачыў, што беларускамоўныя тэксты пад уплывам двухмоўя атрымліваюць ненатуральнае, небеларускае гучанне, маюць шматлікія недахопы. Зразумеў, што дзве ўсходнееўрапейскія мовы – дзве розныя планеты і сістэмы.

– Вы ўваходзіце ў рэдкалегію 25-томнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча, поўны выхад якога плануецца на 2020 год, да 90-годдзя пісьменніка. Якія ў Вас абавязкі?

– Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы сямі тамоў з тых пятнаццаці, якія ўжо выйшлі. Сярод іх некаторыя цалкам мною падрыхтаваны, некаторыя ў супрацоўніцтве. Перш за ўсё трэба адзначыць, што перад членамі рэдкалегіі стаяла задача вярнуць тэксты ў такім выглядзе, у якім іх напісаў сам аўтар. Пры падрыхтоўцы гэтага збору твораў самае складанае – праца з рукапісамі. Яны ў асноўным знаходзяцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук і ў Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Даводзіцца браць прыжыццёвую кніжку і рукапіс ды супастаўляць. У ранейшым зборы твораў у 8 тамах усе творы друкаваліся на падставе надрукаваных пры жыцці тэкстаў. І, калі мы пачалі супастаўляць, выявілася, што ў асобных творах да 30 адсоткаў ліквідавана. Усе спрэчныя фрагменты, звязаныя з ідэалагічнымі прычынамі таго часу, былі ліквідаваны. Тое, што магло выклікаць нейкія пытанні, таксама знішчана. Словы, якія, як сёння кажуць, блізка падыходзяць да ненарматыўнай лексікі, былі выкраслены. У Караткевіча гэтыя словы не напісаны цалкам, яны таксама напісаны з кропачкамі, але ж яны (рэдактары?) нават на гэта не пайшлі.

Беларускі нацыянальны складнік быў вельмі моцна знішчаны. Калі, напрыклад, мы бяром рукапіс навэлы «Ладдзя Роспачы» і там чытаем, што «над Гервасіем Вылівахам луналі беларускія жаўранкі», то ў тэксце засталіся толькі «жаўранкі». Ці ў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» ёсць такі трагічны момант, калі Андрэя Свеціловіча застрэлілі. Андрэй Беларэцкі не паспявае да гэтага, толькі чуе стрэл, падбягае, бачыць забітага Свеціловіча і як бы звяртаецца: «Радзіма, любімая маці, плач». У Караткевіча была Беларусь. Караткевіч у той час разумеў, што беларусы павінны ўсвядоміць сябе народам, які мае сваю адметную гісторыю. Нам трэба будаваць сваю гісторыю, не аглядаючыся на іншых. Тры тамы збору твораў – гэта публіцыстыка. Калі мастацкія творы рэзалі, што можна сказаць пра публіцыстыку, дзе гаворыцца пра сучаснасць! Там, напрыклад, выкрэслівалі прозвішчы пісьменнікаў, якія ў той час карысталіся аўтарытэтам, калі пра іх іранічна пісаў Караткевіч. Момантаў такіх хапала, і ў гэтым была цяжкасць. Але, безумоўна, шчасце, што з дзяржаўнай падтрымкай нам удаецца выдаваць вось гэты збор твораў. Ён выдаецца практычна на грамадскіх пачатках. Маецца на ўвазе тое, што, калі рыхтуецца збор твораў, гэтым павінен займацца Інстытут літаратуры Акадэміі навук, людзі, якія гэтым займаюцца ў працоўны час. Яны праводзяць зверку, робяць асобны раздзел «Іншыя рэдакцыі і варыянты», каментарыі. Мы працуем у вольны ад працы час, урываючы ад свайго сну, адпачынку. Мы разумеем, што гэта патрэбна, і робім гэта. Калі я рыхтаваў драму «Кастусь Каліноўскі», убачыў, што ёсць дзесьці 4-5 варыянтаў гэтай п’есы, я выбіраў апошні варыянт, які быў падрыхтаваны Караткевічам. Калі Акадэмія навук будзе выдаваць поўны збор твораў, усе гэтыя варыянты павінны будуць асобна друкавацца. Поўны збор твораў будзе ужо 50 тамоў, а не 25.

– Напрыканцы лютага выйшаў Ваш пераклад «Братоў Карамазавых» на беларускую мову? Чаму вырашылі перакласці менавіта гэты раман Дастаеўскага?

– Любая літаратура не можа лічыцца значнай, еўрапейскай, вялікай, калі яна не мае на сваёй мове класічных твораў іншых літаратур, якія ўвайшлі ў скарбонку сусветнай літаратуры. І, безумоўна, мы тут вельмі адставалі. Таму што ў нас творы Шэкспіра яшчэ ў 1920-я гады перакладаў Уладзімір Дубоўка, потым Юрка Гаўрук. У 1970-я гады Васіль Сёмуха пераклаў «Фаўста» Гётэ. Між іншым, Уладзімір Караткевіч пільна сачыў за гэтым перакладам, ён у адным сваім эсэ напісаў, што ў яго была юнацкая задума самому перакласці «Фаўста». Ён супастаўляў з арыгіналам, таму што ведаў нямецкую мову. 20 гадоў таму ў нас з’явіўся пераклад Уладзіміра Скарынкіна «Боскай камедыі» Дантэ. Ён атрымаў медаль Італьянскай Рэспублікі за гэты пераклад. З рускай літаратуры, безумоўна, у нас ёсць пераклады і Пушкіна («Яўген Анегін» перакладзены Аркадзем Куляшовым), і Дастаеўскага. Але самы значны твор, які ведаюць у Еўропе больш за ўсё, – гэта «Браты Карамазавы». Ён заставаўся неперакладзеным, я палічыў, што гэта несправядліва. Беларуская мова здольная перадаць гэты тэкст, ён будзе «гучаць». З гэтай прычыны і рабіўся пераклад, каб паказаць, што на нашай мове магчыма перадаць самыя складаныя пачуцці, адлюстраваць самыя складаныя філасофскія праблемы, а не для таго, каб у музеі Дастаеўскага значылася, што твор яшчэ на адну мову перакладзены.  Я працаваў дзесьці тры гады над перакладам. Пасля гэтага ў мяне было некалькі спробаў надрукаваць кнігу. Але выдаць на беларускай мове тэкст, які мае тысячу дзвесце старонак у папяровым варыянце, фактычна нерэальна, таму што тыраж не збярэцца. Калі выдаць сто экзэмпляраў, кошт кнігі будзе каля ста рублёў. І я вырашыў звярнуцца ў выдавецтва «Янушкевіч» (kniharnia.by) і выдаць электронную кнігу. Увогуле, навукоўцы лічаць, што кожнае пакаленне павінна мець свой пераклад, бо мова – жывы арганізм, яна ўвесь час удасканальваецца…

– Якія былі складанасці пры перакладзе?

– Перш за ўсё трэба было вызначыцца з персанажамі, як іх імёны перакласці на беларускую мову. Галоўная гераіня Грушенька. Ці пакідаць Грушанька, ці перадаць Грушачка? Тут я адштурхоўваўся ад народнага маўлення. Ёсць народная песня «Ой рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная», і я вырашыў пакінуць Грушаньку. У той жа час ёсць хлопчык Илюшенька, у сувязі з тым, што гэта мужчынскі род, я вырашыў узяць суфікс -ачк-Ілюшачка (а не Іллючок). Цяжкасці былі ў тым, што ў тэксце шмат алюзій, рэмінісцэнцый, зваротаў да Бібліі, таму даводзілася звяртацца і да перакладаў Васіля Сёмухі ды Анатоля Клышкі. Ёсць і вершаваныя ўрыўкі, цытаты, асабліва ў маўленні Дзмітрыя Карамазава. Калі гэта вершаваныя тэксты рускіх аўтараў, то я рабіў пераклад сам, у мяне ёсць вопыт паэтычнага перакладу. А калі гэта пераклады з іншых моў, то мне даводзілася шукаць пераклады гэтых твораў на беларускую мову іншых аўтараў. У прыватнасці, я ўзяў адзін урывак з Алега Лойкі. Калі, напрыклад, у рускай мове ёсць словы фатальный, роковой, то пры перакладзе на беларускую мову трохтомны слоўнік дае і там, і там фатальны. Атрымліваецца, пераклад будзе змяншаць лексічную разнастайнасць тэксту Дастаеўскага. Мне даводзілася шукаць у іншых слоўніках магчымыя варыянты перакладу. Я звяртаўся да слоўнікаў 1920-х гадоў – гэта слоўнік Вацлава Ластоўскага, слоўнік Байкова і Некрашэвіча. У Ластоўскага знайшоў роковойконавы (ад слова кон). Чытач зразумее конавы, бо слова кон фігуруе ў мове. Некаторых словаў увогуле не было ў слоўніках, таму што «Браты Карамазавы» – гэта цэлая планета. З першых старонак самому даводзілася займацца словатворчасцю. Напрыклад, там шырока выкарыстоўваецца слова старец. У беларускай мове ёсць слова старац, яно ёсць у Янкі Купалы ў «Раскіданым гняздзе». Дастаеўскі выкарыстоўвае старчество, гэтага слова няма ў слоўніку. Я стварыў слова стáрцаўства. Хацелася індывідуалізаваць і маўленне персанажаў.

– Раней Вы зрабілі адваротнае: пераклалі раман Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» на рускую мову. Чым быў выкліканы той выбар?

– Пераклад выйшаў у 2011 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» (цяпер «Выдавецкі дом “Звязда”»). Я таксама яго рыхтаваў невыпадкова. Убачыў няякасны пераклад аднаго з расійскіх перакладчыкаў. Перакладаць гэты твор чалавеку, які не знаёмы з гісторыяй Беларусі, які мала разумее і ведае Біблію, вельмі складана. Для еўрапейскай і сусветнай літаратуры гэты твор Караткевіча найбольш значны. Ён паказвае, што сярод нас у другой палове ХХ стагоддзя жыў геній. Караткевіч паказаў чалавека, які хоча зрабіць свет лепшым. Што будзе ў краіне, калі раптам Хрыстос «прызямліцца»? Як яго прымуць? Караткевіч хоча асэнсаваць, што зрабілі з вучэння Хрыста за дзве тысячы гадоў. Глыбокія філасофскія, сацыяльныя, маральныя праблемы закранаюцца ў гэтым творы. Яго можна смела ставіць разам з «Майстрам і Маргарытай» М. Булгакава, «Легендай пра Уленшпігеля» Шарля дэ Кастэра.

Цяпер узнікла іншая праблема. Калі гэтыя творы надрукаваны ў новым зборы твораў у, так бы мовіць, «аўтарскім» абліччы, атрымліваецца, усе пераклады на рускую мову, якія выходзілі раней, патрабуюць перапрацоўкі. На міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы нас (пляменніцу Караткевіча і мяне) знайшлі супрацоўнікі пецярбургскага выдавецтва «Речь». Яны вырашылі выдаць некалькі кніг Караткевіча на рускай мове: «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Цыганскі кароль», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Раней выходзілі тэксты аповесцяў і «Чорнага замка…» у перакладзе Валянціны Шчадрыной, беларускай масквічкі. На жаль, яна ўжо не з намі, таму пераклад аповесцяў зрабіў я ўжо на падставе новага збору твораў. «Чорны замак Альшанскі» – апошні вялікі твор, які выдаваўся напрыканцы зямнога існавання Караткевіча, штосьці змяняць у ім ужо баяліся і рэдактары, і цэнзары. Таму пераклад В. Шчадрыной застаецца актуальным і будзе скарыстаны выдавецтвам.

– Чые творы Вам было складаней перакладаць: Караткевіча ці Дастаеўскага?

– Мне складаней было перакладаць Караткевіча, таму што для таго, каб расійскі чытач зразумеў тэкст, трэба было пісаць каментарыі. Для нас Жыгімонт ці жмудзіны для большасці хутчэй за ўсё зразумелыя. Гэтак жа з батлейкай. Тут сувязь з культурай, да якой належаў аўтар. Таму ў мяне і ў выданні 2011 года, і ў цяперашнім, якое плануецца, дзесьці 40 старонак – гэта каментарыі пасля тэксту. Менавіта для таго, каб рускамоўны чытач зразумеў сутнасць таго, што хацеў сказаць Караткевіч. Цяпер кантактуем з супрацоўнікамі выдавецтва, яны хочуць выдаваць кнігі з ілюстрацыямі. У мяне сярод найбліжэйшых намераў – пераклад «Каласоў пад сярпом тваім»… Гэта праца яшчэ на некалькі гадоў, таму што той тэкст, які надрукаваны ў новым зборы твораў, па аб’ёме большы за апублікаваны пры жыцці пісьменніка. Дай Бог здароўя і часу…

Гутарыла Наталля КУДРАШОВА

Фота Генадзя Краскоўскага

print

Вам таксама можа спадабацца: