БДУ ў эфіры. Студэнцкае тэлебачанне выходзіць на новую арбіту

22 Mar, 2017.

На галоўных мерапрыемствах БДУ вы абавязкова заўважыце юных, актыўны хлопцаў і дзяўчат, на чыіх футболках красуецца лагатып Студэнцкага тэлебачання БДУ. Яны бяруць інтэрв’ю ў самых цікавых людзей універсітэта, бегаюць з камерай, спрабуючы зняць найлепшыя моманты, і мантуюць днямі і начамі, каб распавесці нам пра галоўныя падзеі нашай alma mater.

Студэнцкае тэлебачанне БДУ створана на базе навучальнай лаба­ра­торыі эксперыментальнай аўдыя­­візуальнай праграмы Інстытута журналістыкі. Пра пачатак працы пра­екта ўпершыню было абвеш­чана на зімовай школе журналістыкі 2016 года, дзе каманда тэлеканала падрыхтавала і пака­зала ролік пра мерапрыемства. Вялікую дапамогу дадзенай іні­цыятыве аказалі дырэктар Інсты­тута журналістыкі Сяргей Дубовік, яго намеснік Вольга Самусевіч і дырэктар Медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў.
Для пошуку юных талентаў быў праведзены кастынг, на які было пададзена больш за 100 заявак. Кастынг праходзіў у тэлецэнтры БДУ. Кандыдаты, якія прэтэндавалі на ролю карэспандэнтаў, паказвалі, як яны ўмеюць працаваць перад камерай, а аператары распавядалі пра сваю тэхніку і дэманстравалі свае навыкі працы ў ві­дэарэдактарах.

«Да карэспандэнтаў мы прад’­яўляем высокія патрабаванні: у іх павінна быць выразная дыкцыя і разняволенасць. Яны павінны   ўмець думаць, аператыўна на месцы пісаць закадравы тэкст. Ідучы на здымкі, карэспандэнты прадумваюць сюжэт, менавіта яны вырашаюць, што і як здымаць», – распавядае пра кастынг дырэктар канала Аляксандр РУДНIЦКI.

Па выніку кастынгу была сфарміравана рэдакцыя і яе структура. Галоўным рэдактарам з’яўляецца студэнтка Інстытута журналістыкі Юлія Вараб’ёва, яе намеснікам Ілья Пазняк. На канале 28 работнікаў, якія сумяшчаюць працу карэспандэнта і аператара. У Інстытуце журналістыкі ім даюць штатыў і пятлічку, тэхніку для здымак яны выкарыстоўваюць сваю.

Аснова рэдакцыі – гэта студэнты факультэта журналістыкі, ёсць студэнты  біялагічнага, геаграфічнага, філалагічнага і іншых факультэтаў. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да тэлебачання і жаданне займац­ца творчасцю. Яны наведваюць розныя мерапрыемствы, размаўляюць з цікавымі людзьмі,   а таксама праходзяць станаўленне  ў якасці карэспандэнтаў, тэле­вядучых, тэлеаператараў і мантажораў.

Дырэктар канала Аляксандр Рудніцкі (Фота Генадзя Краскоўскага)


«Наша галоўная мэта цяпер – гэта павышэнне якасці і колькасці сюжэтаў. Напачатку працы праекта мы выпускалі дзесьці адзін рэпартаж на тыдзень, але ўжо з лютага гэтага года ў нас за тыдзень выходзіць у эфір па 4-5 сюжэтаў. Акрамя таго мы ўзмацнілі жорст­касць патрабаванняў да якасці здымак і мантажу відэа. Калі сту­дэнты толькі прыйшлі ў рэдакцыю, яны не заўважалі дэталяў: дзесьці камера тузанулася, дрэн­на запісаўся гук. Цяпер яны зважаюць на ўсе нюансы. Мы імкнёмся да паляпшэння якасці карцінкі, каб гук быў запісаны на пятлічку, камера была на штатыве, абавязкова па­трэбная стабілізацыя  карцінкі пры мантажы. Студэнты актыўныя, мэта­накіраваныя і галоўнае – хо­чуць развівацца і атрымліваць ве­ды, яны ра­зумеюць: ёсць да чаго ім­кнуцца, таму не стаяць на мес­цы», – распавядае Аляксандр Рудніцкі.

Курыруе і каардынуе працу канала ў інфармацыйнай прасторы ўніверсітэта Медыяцэнтр БДУ. Калі ва ўніверсітэце адбываецца значная па­дзея, студэнцкае тэлебачанне за­прашаюць прыняць удзел у асвятленні мерапрыемства. Тады  галоўны рэдактар шукае карэс­пандэнтаў і аператараў, якія і адпраўляюцца на заданне. Калі сюжэт адзняты і змантаваны, яго праглядае галоўны рэдактар, а далей ён ідзе на ўхвалу да дырэктара канала. Кожны сюжэт правяраецца вельмі старанна, вывяраецца пасекундна і толькі пасля гэтага прапануецца гледачу.

Студэнты таксама прапануюць і рэалізоўваюць свае ідэі і праекты. Хоць часам задуманае складана ажыццявіць з-за недахопу камер і іншага абсталявання.

На фестывале кароткаметражак «Кальварыйскія Бабры-2017» – фільм «Бой на вышыні 3234» Дзяніса Сіленкова (СтудТБ БДУ) перамог у намінацыі «Лепшая тэхнічная праца»

Журфак-ТВ і студэнцкае тэлебачанне запусцілі конкурс для абітурыентаў. Дзеці, якія хочуць паступіць на журфак, дасылаюць свае відэапрацы, іх разглядае адмысловая камісія, і найлепшыя з гэтых прац будуць адабраны для эфіру. Школьнікі таксама атрымаюць эфірную даведку, якая дасць ім перавагу пры паступленні.

Калі казаць пра планы, то ў студэнцкага тэлебачання яны амбіцыйныя: да канца 2017 года павялічыць аўдыторыю да 400  падпісантаў у групе «УКантакце» і 100 на канале youtube, запусціць новую рубрыку Hard Monday’s Night інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, правесці яшчэ некалькі кастынгаў і майстар-класаў. А ў марах – стварыць карэспандэнцкія пункты на ўсіх факультэтах універсітэта, каб напоўніцу адлюстроўваць сапраўднае студэнцкае жыццё, а таксама прыцягнуць больш гле­дачоў.

Кацярына Раманоўская і Ілья Пазняк

«Сапраўднае майстэрства да журналіста прыходзіць з досведам, і я не ўяўляю, дзе яшчэ такі досвед я магла б атрымаць. Я на­вучылася размаўляць з людзьмі, пераадольваць страхі і сарамлі­васць. Таксама я навучылася камунікаваць з калектывам у якасці   галоўнага рэдактара. І я ўпэўнена, што ў маёй кар’еры мне гэты  досвед вельмі дапаможа», – па­дзялілася з «Універсітэтам» Юлія Вараб’ёва.

Паглядзець сюжэты студэнцкага тэлебачання БДУ, а таксама даведацца пра іх больш вы можаце ў групе «УКантакце», на юцюб-канале,  і на сайце.

Дар’я КОЎЗА

Вікторыя Радзевіч, Юлія Вараб'ёва (галоўны рэдактар) і Дар'я Вараб'ёва

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *