Студгарадку прапанавалі… У прафкаме абмеркавалі ўмовы пражывання студэнтаў у інтэрнатах

22 Mar, 2017.

Круглы стол па жыллёва-побытавых пытаннях прайшоў 14 сакавіка ў БДУ з удзелам дырэктара Студэнцкага гарадка Алы Мелех і прадстаўнікоў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ВНУ. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца ўмоў пражывання ў інтэрнатах БДУ, арганізацыі кампаніі па засяленні навучэнцаў у інтэрнаты на 2017/2018 навучальны год і інш.

Удзельнікі круглага стала маглі задаць пытанні з прывядзеннем пэўных выпадкаў, прыкладаў і апісаннем праблем, а таксама ўнесці прапановы для далейшай сумеснай распрацоўкі варыянтаў іх рашэнняў.

У цэлым, прадстаўнікі факуль­тэтаў, якія пражываюць у інтэрнатах, задаволены ўмовамі пра­жы­вання, асабліва пасля будаўніцтва новых інтэрнатаў БДУ, але былі   агучаны і наяўныя праблемы, што закранаюць пра­жыванне ў інтэрнатах № 1 і 10. Асноўныя пытанні – гэта належны тэмпературны рэ­жым, захоўванне і выкарыстанне электранагравальных прыбораў у пакоі, блоку; гарачай вады ў начны перыяд.


На ўсе пытанні Ала Мелех дала падрабязныя кампетэнтныя адказы.

Дарэчы, у філіял «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Студэнцкі гарадок БДУ ўжо накі­раваў запыт на падтрыманне  аптымальнага нармаванага ціску ў сістэме ацяплення шматпавярховай «дзясяткі». Ідзе ўзгадненне праекта капітальнага рамонту будынка, і ў хуткім часе інтэрнат 1998 года ўводу ў эксплуатацыю зачыняць. Таксама была ўнесена прапанова накіраваць у філіял магчымую змену тэрмінаў планавага адключэння гарачага вода­забеспячэння на прафілактыку ў студэнцкіх інтэрнатах на вуліцы Курчатава, дзе знаходзяцца інтэрнаты БДУ № 3 і 10.


Прагучалі прапановы ад факуль­тэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, юрыдычнага факуль­тэта ў некаторыя пункты правілаў пражывання ў інтэрнатах для на­вучэнцаў БДУ: пытанні прапуск­нога рэжыму ў перыяд канікулаў, што тычацца правоў і абавязкаў тых, хто пражывае, удзелу студэнтаў у грамадска-карыснай працы, працы некаторых органаў студэнцкага самакіравання студэнцкага гарадка, куды ўваходзяць прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ: савет па прафілактыцы парушэнняў правілаў пражывання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ, студэнцкая служба бяспекі; у палажэнні, якія рэгламентуюць іх працу, і іншых дакументаў, якія рэгулююць сферу жыллёва-побытавых адносін навучэнцаў.

Таксама Ала Мелех агучыла змены і дадаткі ў пералік крытэрыяў атрымання жылога памяшкання ў інтэрнатах для навучэнцаў БДУ   на 2017–2018 навучальны год, які штогод удасканальваецца на ка­рысць навучэнцаў, улічваючы ўсе прапановы ад прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ.

Як вынік, далейшыя рашэнні пытанняў, у тым ліку тых, якія ўжо накіраваны ў адпаведныя інстанцыі, будуць разгледжаны і агучаны пры наступнай сустрэчы з прадстаўні­камі Студэнцкага гарадка БДУ.

Ала Уладзіміраўна шчыра па­дзякавала прафсаюзнаму актыву, які займаецца жыллёва-побытавай працай, за іх намаганні, адказнасць і дапамогу, адзначыла прадуктыўную сумесную працу з прафсаюзным камітэтам сту­дэнтаў.

Дар’я СПЯЦАНАВА

Фота Аляксандры Радьковай

Яшчэ больш фота тут

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *