Праца для студэнта: магчымасць ці выпрабаванне? Апытанне

18 Jul, 2017.

Калі грошай не хапае, то відавочны спосаб іх здабыць – гэта пайсці працаваць. Толькі вось студэнту дзённага аддзялення не так проста адначасова вучыцца і працаваць. Узнікаюць пытанні з недахопам часу. Пра тое, як сумяшчаць названыя элементы, распавялі студэнты розных курсаў.

Крысціна СКУРАТОВІЧ, БДУ, факультэт журналістыкі, 3 курс:

– На другім курсе я працавала кансультантам парфумерыі ў ГЦ «Карона» ў другую палову дня, так як пары былі ў першую змену. І вось з пачатку трэцяга курса працую кансультантам касметыкі ў ГУМе ўжо ў першую змену, а вучоба праходзіць у другую. Знайсці працу было нескладана, тым больш што мне яе прапанавалі знаёмыя. Зарплата выдатная. Не скажу, што такая праца – мяжа мараў, але яна заключаецца ў пастаяннай камунікацыі з рознымі людзьмі, што не можа не радаваць. Часу ў мяне хапае на ўсё. Паспяваю надаваць патрэбную ўвагу вучобе: мой сярэдні бал – 9,8.

Багдан ВІШНЯВЕЦ, Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж, 2 курс:

– Працую афіцыянтам-кальяншчыкам. На маё меркаванне, цяпер складана знайсці працу не толькі студэнтам, але і тым, у каго ёсць у кішэні дыплом. Я стараюся сумяшчаць працу і вучобу так, каб усе паспяваць. Аднак бывае, што ўзнікаюць цяжкасці з падрыхтоўкай да пар. Заробак мяне цалкам задавальняе. Працаваць падабаецца, таму што гэта новыя знаёмствы, камунікацыя з людзьмі розных нацыянальнасцяў, добры і згуртаваны калектыў.

Паліна БОНДАРАВА, Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка, фізіка-матэматычны факультэт, 1 курс:

– Працую ў фірме, якая займаецца падрыхтоўкай выпускных альбомаў. Асабіста я займаюся камунікацыяй з кліентамі, рэкламай і правядзеннем акцый, вяду старонкі ў сацыяльных сетках. Цяжкасцяў з пошукам працы не было. Графік вольны, у мяне ёсьць аб’ём працы, які павінна выканаць да пэўнай даты. За сваю працу я атрымліваю адэкватную суму, грошай хапае, але, вядома, заўсёды хочацца крыху больш. Часу хапае на ўсё. Праца падабаецца.

Яўгенія НАВІЧЭНКА, БДУ, факультэт журналістыкі, 1 курс:

– Працавала прамоўтэрам 2 месяцы. Заробак залежыў ад той колькасці рэкламы, якую я разносіла. Калі брацца за гэтую працу, можна развітацца з хобі і вольным часам, таму што такі занятак займае шмат часу. А пасля яго хочацца толькі заваліцца спаць.

У выніку аказваецца, што не так складана знайсці падпрацоўку студэнту дзённага аддзялення. І нават больш за тое: месца працы і заробак могуць цалкам задавальняць. Цяжкасці ўзнікаюць на любым шляху, і варта быць гатовым да таго, каб пераадольваць розныя перашкоды. Ва ўсім можна знайсці свае плюсы. Рознабаковасць і здольнасць да любой працы з’яўляецца закладам добрага працаўладкавання. І хто сказаў, што гэта нельга атрымаць ужо на першых курсах навучання?

Дар’я КАВАЛЕНКА

print

Вам таксама можа спадабацца: