Ліцэісты БДУ падтрымалі ўзровень універсітэцкай біялогіі

30 Jul, 2015.

Па выніках сёлетняй ХХVІ Міжнароднай біялагічнай алімпіяды (IBO-2015) нашы юныя знаўцы навукі аб жывой прыродзе паўтарылі леташні вынік — заваявалі 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі. Толькі героі на гэты раз новыя: “серабра” ўдастоены вучань сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Сяргей Янушкевіч, бронзавымі медалямі ўзнагароджаны навучэнцы Ліцэя БДУ Дзмітрый Патурэмскі і Дзяніс Яроцкі. Яшчэ адзін выхаванец Ліцэя БДУ Дзяніс Пасанен атрымаў пахвальны водгук.

междунолимпиада-побиологии

Удзельнікаў ХХVІ Міжнароднай біялагічнай алімпіяды прымала з 12 па 19 ліпеня Данія. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе Орхускага ўніверсітэта, які па развіцці біялагічных навук займае першае месца ў Даніі і вядомы за межамі краіны.
За медалі IBO-2015 змагаліся 239 школьнікаў з 61 краіны свету. Нашых разумнікаў на міжнародным біялагічным спаборніцтве суправаждалі дацэнт кафедры батанікі біялагічнага факультэта БДУ Зоя Яўгенаўна Грушэцкая і кандыдат біялагічных навук, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, выкладчык біялогіі Ліцэя БДУ Васіль Сяргеевіч Панкратаў.
Пра асаблівасці ХХVІ Міжнароднай біялагічнай алімпіяды і выступленне нашых школьнікаў на ёй расказвае Васіль Сяргеевіч ПАНКРАТАЎ.
— З якім настроем наша каманда адпраўлялася на міжнародную алімпіяду? Ці пацвердзіліся вашы чаканні адносна яе вынікаў?
— Сёлетні вынік на алімпіядзе ў нашай каманды такі ж, як і ў мінулым годзе: 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі. Вядома, крыўдна таму, хто не атрымлівае медаль. Я разлічваў, што ў Дзяніса Пасанена будзе ўзнагарода. У мінулым годзе Дзяніс атрымаў на Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі дыплом І ступені, удзельнічаў у зборах па адборы кандыдатаў на міжнародную алімпіяду, але тады ён не трапіў у каманду. Дзмітрыю Патурэмскаму крыху не хапіла балаў да “серабра”. Вядома, гэта хлопца крыху засмуціла, але яго вынік мы высока цэнім. Дзяніс Яроцкі — хлопец з добрымі матэматычнымі здольнасцямі. Сёлета ён скончыў 10 класаў, таму мае шанc зноў паўдзельнічаць у міжнароднай алімпіядзе. Сяргея Янушкевіча я ведаю менш за астатніх хлопцаў, бо пазнаёміўся з ім толькі падчас збораў. Дарэчы, у каманду ён мог і не трапіць: па выніках фінальнага адбору Сяргей заняў 5 месца. Але з-за таго, што адрыў паміж ім і 4 месцам быў зусім маленькі, мы прынялі рашэнне даць двум прэтэндэнтам дадатковы тэст, які Сяргей напісаў лепш. Магчыма, гэтая сітуацыя стала дадатковым штуршком для Сяргея, яму захацелася даказаць, што ён трапіў у каманду не выпадкова. І ў выніку на алімпіядзе ён аказаўся лепшым з беларусаў.
— Біялагічная алімпіяда, як вядома, складаецца з двух тураў — практычнага і тэарэтычнага. У нашых школьнікаў заўсёды выклікае больш хваляванняў сітуацыя, калі трэба нешта рабіць рукамі. А як у гэтым годзе?
— Сама структура сёлетняга практычнага тура была тыповай і вядомай. Алімпіяднікам былі прапанаваны заданні ў 4-х кабінетах, на кожны адводзілася па паўтары гадзіны. Гэта былі кабінеты па 1) малекулярнай біялогіі і мікрабіялогіі; 2) біяхіміі; 3) анатоміі, біясістэматыцы і эвалюцыі раслін; 4) функцыянальнай марфалогіі жывёл. Упершыню практычны тур алімпіяды выконваўся на планшэтах, раней так было толькі ў тэарэтычным туры, таму гэта для нас было крыху нечакана. Напрыклад, школьнікам трэба было, выкарыстоўваючы камеру планшэта, фатаграфаваць біялагічныя матэрыялы і на атрыманых фота стрэлкамі ўказваць структуры. Хоць у хлопцаў быў цэлы дзень, каб навучыцца працаваць з камерамі, але ўсё роўна складанасці ўзніклі. Цяжэй за ўсё даваліся мікрафатаграфіі, бо трэба было выкарыстоўваць павелічальныя лупы. Да таго ж былі некаторыя тэхнічныя праблемы, з-за якіх фотаздымкі не адразу загружаліся. Але гэта аднолькава паўплывала на ўсе каманды, таму казаць, што калі б не тэхніка, то вынікі былі б вышэйшымі, няправільна.
Галоўнае, чаго не хапіла нашым хлопцам, каб заняць больш высокія месцы, гэта ўменне хутка рабіць эксперыменты. У прыватнасці, у кабінеце малекулярнай біялогіі і мікрабіялогіі многія з іх проста не паспелі выканаць вялікую частку работы, што сведчыць пра недахоп практыкі. Хоць яны і спрабавалі падчас збораў на практыцы робіць тое, што прапаноўвалася на міжнароднай алімпіядзе, але для спаборніцтваў такога ўзроўню трэба набіць руку, каб хутка і якасна ўсё выконваць.
Тэарэтычны тур сёлетняй алімпіяды прынцыпова не адрозніваўся ад таго, што было 1 і 2 гады назад: два блокі па 50 пытанняў з самых розных галін біялогіі — ад фізіялогіі чалавека і жывёл да экалогіі і эталогіі. Значная колькасць пытанняў не патрабуе глыбокіх фактычных ведаў (дастаткова ведаць базавыя і агульныя рэчы), але патрабуе ўмення аналізаваць даныя (у выглядзе табліц, графікаў, дыяграм і г.д.) і рабіць карэктныя высновы. Таму няправільна думаць, што ў біялагічнай алімпіядзе перамагае той, хто больш вывучыў на памяць.
— Што трэба зрабіць, каб у нашых школьнікаў на Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе былі медалі больш высокай пробы?
— Тэорыю нашы хлопцы пішуць вышэй сярэдняга, бо там шмат чаго залежыць ад іх стараннасці, матывацыі і самастойнай работы. А вось вынікі падчас практычнага тура адлюстроўваюць стан сістэмы адукацыі. Многія рэчы, якія прапануюцца на міжнародных алімпіядах, нашы школьнікі спрабуюць толькі падчас збораў. А для вучняў з тых краін, якія штогод атрымліваюць залатыя медалі, — гэта тыповыя лабараторныя заданні са школьнай праграмы, якія яны выконваюць проста на занятках. Да таго ж правілы міжнароднай алімпіяды абмяжоўваюць час на падрыхтоўку каманды двума тыднямі, таму толькі на зборах набіць руку на методыках у нашых школьнікаў не атрымліваецца.
— Хто ў лідарах у гэтым годзе на Міжнароднай біялагічнай алімпіядзе?
— Кожная краіна заяўляе на алімпіяду 4-х вучняў. У ЗША і Кітая ўсе ўдзельнікі каманды атрымалі залатыя медалі. У каманд Тайваня і Сінгапура па тры “золаты”. Гэта тыповыя вынікі, таму можна казаць, што менавіта ў гэтых краінах лепш за ўсё рыхтуюць біёлагаў-алімпіяднікаў.
Віншуем нашых юных біёлагаў, іх настаўнікаў і бацькоў з выдатным выступленнем на міжнароднай алімпіядзе! Жадаем яшчэ большых перамог!

Святлана КІРСАНАВА,
“Настаўніцкая газета”

print

Вам таксама можа спадабацца: