Больш чым 2 тысячы абітурыентаў здзейснілі сваю мару – паступіць у БДУ! (+вiдэа: рэктар Сяргей Абламейка аб уступнай кампаніі 2015 /Контуры)

29 Jul, 2015.

Напярэдадні ў ВНУ краіны завяршыўся прыём дакументаў на дзённую бюджэтную форму навучання. Абітурыенты, якім пашчасціла стаць студэнтамі, да 1 верасня могуць уздыхнуць спакойна. Астатнім трэба вырашаць, што рабіць далей: падаваць дакументы на платнае аддзяленне або ісці ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

IMG_6974

Сёлета ў Белдзяржуніверсітэце план прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання склаў 2.023 чалавекі (у мінулым – 2.054). На платную форму навучання ў ВНУ плануюць прыняць 1.846 чалавек (летась – 1.828). На завочнай форме навучання план прыёму складае 270 і 726 студэнтаў адпаведна.

Сёлета падаць дакументы ў ВНУ на бюджэтныя месцы можна было на два дні даўжэй – на працягу тыдня. Намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаслаў Малафееў параўноўвае дынаміку падачы дакументаў з мінулым годам і адзначае, што дадатковыя два дні адбіліся на інтэнсіўнасці падачы заяў. Так, калі сёлета за 5 дзён было пададзена 3.177 заяў, то летась за аналагічны перыяд – 4.356.

IMG_6946

— На шматлікіх факультэтах конкурс адбыўся ўжо да шостага дня, таму абітурыенты змаглі ацаніць свае шанцы на паступленне і перанесці дакументы. Зрэшты, ажыятажу ці панікі з гэтай нагоды не назіраецца, – кажа Вячаслаў Малафееў. – Высокія конкурсы ва ўніверсітэце ўсталяваліся на біялагічным, геаграфічным і ваенным факультэтах. На спецыяльнасць “дызайн” у Інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій і на факультэце сацыякультурных камунікацый ён склаў 12 і 13 (!) чалавек на месца адпаведна. Традыцыйна запатрабаваныя эканамічныя спецыяльнасці: на розных факультэтах і ў падраздзяленнях універсітэта конкурс вагаўся ад 1,6 да 2,3 чалавека на месца.

Самы высокі зафіксаваны ў БДУ сумарны бал уступных выпрабаванняў склаў 394.

Як і летась, выпускнікі школ, узнагароджаныя залатымі і сярэбранымі медалямі, пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд могуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без іспытаў. У БДУ на 4 такія спецыяльнасці – “геаграфію”, “біялогію”, “хімію” і “матэматыку” – падалі дакументы 12 чалавек (на 14 ліпеня).

IMG_6994

Асаблівасцю сёлетняй уступнай кампаніі, па словах Вячаслава Малафеева, стала вялікая колькасць абітурыентаў з балам ад 300 і вышэй – амаль 42 працэнты ад агульнага ліку абітурыентаў (для параўнання: летась такіх было каля 30 працэнтаў). Самы высокі зафіксаваны ў БДУ сумарны бал ЦТ і атэстата склаў 394.

— Спецыяльнасці, якія выбіраюць абітурыенты з высокімі баламі, – “хімія лекавых злучэнняў”, “міжнароднае права”, “міжнародныя адносіны”, “міжнародная эканоміка”, “хімія высокіх энергій”, “інфарматыка”, “прыкладная матэматыка”, “бізнес-адміністраванне”, “сучасныя замежныя мовы”, “менеджмент у сферы турызму”, “кітайская філалогія”, “паліталогія”. Адным словам, спектр даволі шырокі, – заўважае намеснік адказнага сакратара.

Па словах Вячаслава Малафеева, гуманітарныя факультэты БДУ, напрыклад Інстытут журналістыкі, не адчуваюць асаблівай канкурэнцыі з іншымі ВНУ, таму напаўняльнасць у іх высокая. Што да прыродазнаўчых факультэтаў, то ім прыйшлося сур’ёзна супернічаць з профільнымі ВНУ: Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.

IMG_6984

Выпускніца сталічнай сярэдняй школы № 116 Дыяна Стрыфель прыйшла падаваць дакументы разам з мамай. Дзяўчына паступае на прэстыжны факультэт міжнародных адносін на спецыяльнасць “міжнародная эканоміка”.

— Перавага гэтай спецыяльнасці ў тым, што тут вывучаюць дзве замежныя мовы, ды і веды эканомікі не зашкодзяць, – лічыць абітурыентка.

Сумарная колькасць балаў дзяўчыны – 294. Да прахаднога на бюджэт не дацягвае, аднак пераносіць дакументы ў іншую ВНУ Дыяна не збіраецца: паступіць і вучыцца ў БДУ было яе марай.

Станіслаў Паўловіч прыехаў з горада Століна Брэсцкай вобласці. Юнак хоча быць перакладчыкам і падаваў дакументы на спецыяльнасць “англійская мова” філалагічнага факультэта. У Станіслава ў суме 315 балаў, ён ацэньвае свае шанцы на паступленне як высокія. Бацькі да выбару сына – прафесіі і ВНУ – паставіліся станоўча.

Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
“Вячэрні Мінск”

Фота Юліі ІШМУРАТАВАЙ

print

Вам таксама можа спадабацца: