Начальнік ЦІТ БДУ Юрый Варатніцкі: «Інфарматызацыя – гэта мастацтва магчымага»

5 Jan, 2017.

pbk_5943

Развіццё сучаснай сістэмы адукацыі немагчымае без інфармацыйных тэхналогій, якія ўвесь час імкліва ўдасканальваюцца. Тое, што яшчэ ўчора здавалася экстравагантнай выдумкай, сёння з’яўляецца звыклым, а заўтра стане састарэлым рашэннем. Пра канкрэтныя дасягненні ў галіне інфарматызацыі БДУ і пра тэхналагічныя навінкі нам распавёў начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Юрый ВАРАТНІЦКІ.

– Юрый Іосіфавіч, як Вы ацэнь­ваеце стан камп’ютарнай інфраструктуры ў БДУ, у тым ліку  забеспячэнне бесправадным доступам?
– Адназначна і без залішняй сціп­ласці скажу, што камп’ютарная інфраструктура БДУ сёння найлепшая сярод устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны. Гэта датычыцца i бесправаднога доступу. Па-першае, мы маем уласную бесправадную сетку, якая з’яў­ляецца свабодна даступнай і бясплатнай для ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў і работнікаў. Па-другое, бесправадная сетка выступае част­кай універсітэцкай сеткі з агульнымі правіламі доступу да яе. Рэквізіты доступу – лагін і пароль – што мае кожны супрацоўнік, сапраўдныя для ўсіх прылад, якія падключаюцца да бесправадной сеткі БДУ. Па-трэцяе, бесправадная сетка БДУ – адзіная ў рэспубліцы сетка, якая інтэгравана ў міжнародную сістэму роўмінгавай аўтэнтыфікацыі Eduroam. Гэта да­зваляе нашым студэнтам і вык­ладчыкам, прыехаўшы ў боль­шасць універсітэтаў па ўсім свеце, не пераналаджваць свае мабіль­ныя прылады, не атрымліваць там лагін і пароль, а непасрэдна ўваходзіць у сеткі гэтых універсі­тэтаў. Адпаведна і госці, якія прыязджа­юць да нас са сваім лагінам і паролем, свабодна ўваходзяць у нашу сетку.
Адзінае, што мяне не задавальняе і прымушае зрабіць пэўныя агаворкі – зоны ўстойлівага пакрыцця. Першапачаткова, калі мы стваралі сваю ўласную беспра­вадную сетку, мы меркавалі, што студэнты будуць працаваць у ёй  у зонах, свабодных ад заняткаў. Перш за ўсё гэта холы, універсі­тэцкі дворык, а таксама канфе­рэнц-залы, залы пасяджэнняў саветаў факультэтаў – тыя месцы, дзе праходзяць масавыя мерапрыемствы. Больш за тое, менавіта такая палітыка прапаноўвалася дэканамі факультэтаў. Але час бяжыць, і сёння мы разумеем, што патрэба ў бесправадным доступе значна шырэйшая і ўяўляе ціка­васць не толькі ў вольны час, але і непасрэдна на занятках.
Сёння студэнты старэйшых курсаў прыходзяць на камп’ютарны лабараторны практыкум са сваімі ноўтбукамі, што трэба толькi вітаць: гэта і зручна студэнтам, і выгадна ўніверсітэту. Мы павінны ствараць камп’ютарныя класы не згодна з прынцыпам «набіць лабараторыі камп’ютарамі». Гэта павінны быць класы, дзе можна камфортна працаваць са сваімі прыладамі. Бо сёння ноўтбук для студэнта – тое ж самае, што агульны сшытак канспекта для мяне 30 гадоў таму. Ужо  ў гэтым годзе будзе рэалізаваны першы праект па практычна поўным пакрыцці бесправадным злучэннем БДУ навучальнага корпуса на Курчатава, 5. Корпус цікавы тым, што там размяшчаюцца два факультэты, якія, скажам так, узаемна дапаўняюць адзін аднаго: гэта факультэт радыёфізікі і кам­п’ютарных тэхналогій і факультэт сацыякультурных камунікацый.
Вось мы і паглядзім, як будуць выкарыстоўвацца бесправадныя сеткі, якія пакрываюць корпус, студэнтамі гэтых факультэтаў.

pbk_5940

На думку Юрыя Варатніцкага, камп’ютарная інфраструктура БДУ сёння найлепшая сярод устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны

Акрамя сказанага, адзначу, што ў гэтым годзе мы забяспечылі ўстойлівае пакрыццё бесправадным доступам універсітэцкага дво­рыка. Гэта было зроблена яшчэ вясной. На перыяд прыёмнай кампаніі мы далі бясплатны доступ да рэсурсаў прыёмнай камісіі і да ўсіх сайтаў даменнай зоны bsu.by  з універсітэцкага дворыка ўсім ахвотным. А сёння пакрыццё ўніверсітэцкага дворыка – гэта частка агульнаўніверсітэцкай сеткі. Ёміс­тасць сеткі ўніверсітэта вельмі вялікая, канкрэтна дадзенага сегмента – болей за паўтысячы адначасовых падлучэнняў.
–  А хуткасць сеткі?
– Хуткасць бесправадной сеткі вызначаецца перш за ўсё пунктамі доступу і колькасцю падключэнняў да іх. Калі ж казаць увогуле пра знешнія каналы доступу ўніверсітэта ў інтэрнэт, то на сёння мы маем знешнія каналы агульнай ёмістасцю 2 Гбіт/сек. З іх 1 Гбіт – гэта ўласна інтэрнэт, 1 Гбіт ідзе  ва ўнутраную навукова-інфармацыйную сетку нашай краіны. Гэта, дарэчы, зноў жа самы шырокі канал сярод навучальных устаноў  Беларусі. Сёння на рабочым мес­цы любога пункта правадной сеткі БДУ рэальная сярэдняя хуткасць доступу ў працоўны час, калі і студэнты, і выкладчыкі знаходзяц­ца ва ўніверсітэце, складае каля  20 мбіт/сек.
– Інфарматызацыя БДУ – гэта не толькі інтэрнэт. На­коль­кі эфектыўна студэнты і выкладчыкі карыстаюцца маг­чы­мас­цямі, напрыклад, нашага супер­камп’ютарнага цэнтра?
– Перш за ўсё трэба прама    ска­заць, што магутнасць нашага суперкамп’ютарнага цэнтра сёння не з’яўляецца чым-небудзь асаблівым. Выкарыстоўваючы сучас­ныя тэхналогіі (скажам, тэхналогію CUDA), сёння вы можаце атрымаць на сваім дэсктопе супастаўную і нават большую вылічальную ма­гутнасць. Наш СК-цэнтр уводзіўся ў эксплуатацыю амаль дзесяць гадоў таму, і магутнасць сучасных суперкамп’ютараў значна вышэйшая. Але навошта ён тады па­трэбны, навошта марнаваць на яго сілы, рэсурсы, электраэнергію? Адказваю. Асноўная функцыя нашага СК-цэнтра сёння – адукацыйная. Нягледзячы на невысокую вылічальную магут­насць, наш су­пер­камп’ютар мае сучасную і рэалістычную архітэк­туру. На ім ву­чацца студэнты факультэта прык­ладной матэматыкі і інфарматыкі, факультэта радыёфізікі і камп’ю­тарных тэхналогій. На ім працуюць студэнты і супрацоўнікі хімічнага, біялагічнага і іншых факультэтаў. Апошнім часам уводзяцца новыя навучальныя курсы, прысвечаныя суперкамп’ютарным тэхналогіям, бо паралельныя вылічэнні – гэта сёння магістральны кірунак павышэння прадукцыйнасці камп’ю­тараў. Гэта з аднаго боку. А другі бок тычыцца навуковых даследаванняў. І тут бачная яшчэ адна перавага, якую дае СК-цэнтр – маштабавальнасць. Рашэнні, якія нашы аспіранты, супрацоўнікі мо­гуць тут і цяпер адпрацоўваць, далей маштабіруюцца на больш прадуктыўныя вылічальныя сістэ­мы. Няма неабходнасці марнаваць дадатковыя рэсурсы.
Усё вышэйпералічанае, на мой погляд, ясна паказвае значэнне суперкамп’ютарнага цэнтра сёння. Пры гэтым мы забяспечваем камфортны аддалены доступ да яго для нашых студэнтаў і супрацоў­нікаў; зусім неабавязкова прыхо­дзіць да нас, каб выканаць распрацоўку праграмнага забеспячэння. Гэта можна рабіць з любой рабочай станцыі, падлучанай да сеткі БДУ.  А паколькі мы сёння забяспеч­ваем, па заяўках нашых карыс­тальнікаў,  абаронены доступ у сетку БДУ і з дома, то ў прынцыпе хоць з хат­няга ПК распрацоўвай праграмы для суперкамп’ютара.
– Як вядома, адзін з праектаў ЦІТ – сайт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…
– Гэта быў цалкам наш праект.  Але Вы кажаце пра папярэднюю версію сайта. Новая версія распрацоўвалася БелТА.
– Ці былі іншыя маштабныя вэб-праекты?
– Былі і ёсць. Гэта сайты Мініс­тэрства адукацыі Беларусі, Канстытуцыйнага суда, Міністэрства ўнутраных спраў, суда Еўразій­с­ка­га эканамічнага саюза, Вышэйшай атэстацыйнай камiсii.
kopiya-tibo-2016-1– Сайт БДУ неаднаразова адз­начаўся прэміямі TIBO...
– Пачынаючы з 2007 года, уні­версітэцкі сайт тройчы ўдзельнічаў у інтэрнэт-конкурсах TIBO і кожны раз займаў першае месца ў намінацыі «Навука і адукацыя». У 2016 годзе у нас ізноў атрымалася паў­тарыць дасягненне.
– Ці мае сайт якія-небудзь яшчэ дасягненні? І як асабіста Вы ацэньваеце яго працу?
– Я думаю, што лепш за ўсё стан    і працу нашага сайта ацэньвае па цэлым наборы аб’ектыўных крытэрыяў экспертная група, якая вядзе рэсурс http://webometrics.info. Групай ацэньваецца не толькі галоўны сайт, але і наогул усе інтэрнэт-рэсурсы дамена bsu.by, якімі мы валодаем. На сёння мы займаем у свеце 634-е месца. Найбліжэйшы да нас беларускi   інтэрнэт-сайт – сайт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта – займае 3142-е месца. Але што гэта такое – 634-е месца ў свеце?
Давайце паглядзім, на якой мы пазіцыі сярод рускамоўных рэсурсаў. З ра­сійскіх сайтаў мы прапусцілі наперад толькі Маскоўскі дзяржаўны і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэты, якія займаюць адпаведна 183-е і 532-е месца ў агульнасусветным рэйтынгу. Далей, украінскія ўніверсітэты. Самы лепшы з іх – Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, – займае 1155-е месца. Калі казаць пра Прыбалтыку, то найлепшы лат­вій­скі ўніверсітэт – на 1016-м месцы, Вільнюскі ўні­версітэт – на 768-м месцы, і толькі Тартускі ўніверсітэт (Эстонія) – нас апярэ­дзіў. Ён на 447-м месцы. Але, як вядома, Эстонія сёння ў Еўрапейскім саюзе з’яўляецца амаль што эталонам інфарматызацыі.
На ўсёй жа прасторы СНД мы не проста ўваходзім у «спіс найлеп­шых» – мы на 3 месцы. Крытэрыі і сістэму ацэнак можна ўбачыць на сайце пра­екта. Яны мяняюцца, але так ці інакш там заўсёды прысутнічаюць аб’ектыўныя і, больш за тое, комплексныя крытэрыі. Прычым  да іх адносяцца не толькі якасць і аб’­ёмы адукацыйных і навуковых публікацый, але і наколькі яны цытуемыя. Па сутнасці, сёння рэйтынг Webometrics ацэнь­вае ўво­гуле прысутнасць універсітэта ў сусветнай інфармацыйнай прас­торы.
vorotnickij– Якія яшчэ напрамкі па інфарматызацыі ў БДУ бачацца Вам перспектыўнымі?
– Нам трэба імкнуцца да максі­мальнага выкарыстання анлайн-тэхналогій на ўсіх формах навучання. Адпаведнае рашэнне прыняў Савет БДУ на пашыраным пасяджэнні ў верасні. Шчыра кажучы, мы, сапраўды, неэфектыўна выка­рыстоўваем і час студэнтаў, і час выкладчыкаў, марнуючы яго на тое, каб шматразова ўзнаўляць адзін і той жа вучэбны матэрыял. У нашых студэнтаў з пераходам на 4-гадовае навучанне і так цяпер вельмі мала часу для пошуку працы і стажыроўкі. Мы іх трымаем у аўды­торыях, максімальна загружаючы навучальны працэс, спрабуючы за 4 гады даць ім прафесійныя веды, якія дазволяць займаць год­нае месца на рынку працы. Трэба сумяшчаць гэтыя дзве задачы – спрыяць студэнтам стажыроўкамі на рэальных месцах працы і ў той жа час даваць ім неабходныя прафесійныя кампетэнцыі. Але спы­няц­ца на анлайн-навучанні таксама не варта, трэба рухацца да адкрытай адукацыі.
– І апошняе пытанне. У БДУ прынята праграма інфарматызацыі на 2016–2020 гг., што яна прадугледжвае?
– Дадзеная праграма заклікана забяспечыць далейшае развіццё БДУ як вядучага ўніверсітэта нашай краіны і на сусветным узроўні. Першая мэта – павысіць якасць адукацыі, зрабіць адукацыю ў БДУ даступнай на працягу ўсяго жыцця чалавека. Другая мэта – гэта развіццё мабільнага навучання; наша адукацыя павінна быць даступнай   у любым пункце планеты незалежна ад фізічнага месцазнаходжання навучэнца. І трэцяя мэта – зрабіць так, каб усе працэсы інфарматызацыі палегчылі працу выкладчыкам,
і садзейнічалі прафесійнай пад­рыхтоўцы студэнтаў. Вось што нам трэба: якасць, мабільнасць і паляпшэнне ўмоў вучобы і працы. Бо калі інфарматызацыя не адкрывае новыя магчымасці, яна ніколі не  будзе эфектыўнай. Інфарматызацыя – гэта заўсёды мастацтва маг­чымага. У праграме прапрацаваны канкрэтныя напрамкі, яна апублі­кавана ў часопісе «Веснік БДУ», Серыя 1 («Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка»), №1, 2015 г.

Гутарыў
Сяргей МАЕЎСКІ

Фота 1,2 Васіля Кузьмічкіна

Чытайце таксама:

kopiya-img_1427-kopiya-kopiyaАкадэмік, рэктар, грамадзянін

 

 

 

img_4434-kopiyaПрарэктар БДУ Сяргей Ходзін: “Шукайце новае, але шануйце тое, што маеце”

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *