Імя, узнятае з небыцця: Аляксей Сцяпанавіч Кучынскі – рэктар БДУ 1936–1937 гадоў

6 Jan, 2017.

kopiya-foto-a-s-kuchinskogo-uvelich-skan-4

Увесь калектыў нашага ўніверсітэта можна павіншаваць: пасля напружаных пошукаў удалося выявіць у архівах Масквы ўнушальны стос дакументаў, якія распавядаюць пра жыццёвы і працоўны шлях аднаго з тых, хто з’яўляўся кіраўніком БДУ ў трагічныя 1930-я гады.

Імя Аляксея Сцяпанавіча Кучынскага, які з красавіка 1936 года па люты 1937 года ўзначальваў універсітэт, гісторыкам, што вывучаюць дзейнасць нашай alma mater, дастаткова вя­домае. Так, калі на мяжы XX    і XXI стагоддзяў рыхтавалася кніга «Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў», былі ўважліва прагледжаны і некаторыя звесткі пра дзейнасць ва ўніверсітэце гэтага амаль што «таямнічага» рэктара. Таямнічага таму, што не ўдалося выявіць больш-менш дакладнай інфармацыі не толькі пра яго дзейнасць на высокай пасадзе, але і нават фотаздымак — асабісты ці групавы — які б дазволіў уявіць вобраз універсітэцкага кіраўніка. А былі прагледжаны фонды Нацыянальнага архіва, архіва Камітэта дзяржбяспекі, архіва кінафотафонадакументаў — там захаваліся невялікія аб’­ёмам асобныя матэрыялы «справы на» Аляксея Сцяпанавіча. Нічога дадатковага не даў уважлівы прагляд падшывак рэспубліканскіх газет і часопісаў 1920–1930-х гадоў, якія ў дачыненні да біяграфій іншых рэктараў    (У. І. Пічэты, Я. П. Каранеў­скага, А. І. Дзякава, Н. М. Бла­дыкі, У. С. Бабраўніцкага і  П. П. Савіцкага) утрымліва­юць найцікавейшую, багатую інфармацыю. Вядома, што газеты і часопісы тых дзесяцігоддзяў сёння ўво­гуле з’яўляюцца выдатнай дакументальнай крыніцай па гісторыі БДУ.
Таму прыйшлося скарыц­ца і на час адкласці распавяданне пра аднаго з рэктараў 1930-х гадоў. Былі яшчэ два аргументы, чаму А. С. Кучынскага можна «як бы» не далучаць да шэрагаў «сапраўдных» рэктараў. Па-першае, таму што ў вядомых крыніцах ён звычайна называўся ў якасці толькі «часова выконваючага абавязкі», а не афіцыйна прызначанага рэктара. У тыя суровыя гады такіх «ЧВА» рэктара было шмат — ад прарэктара па гаспадарчай частцы і адначасова супрацоўніка НКУС М. А. Ліхтарнікава да выпускніка аспірантуры Л. М. Шнеерсона, што толькі-толь­кі прыехаў з Ленінграда і застаўся на пасадзе выкладчыка новай гісторыі. Па-другое, за невялікі час кіравання ўніверсітэтам Аляксей Сцяпанавіч проста не змог пры­ўнесці нешта новае ні ў арганізатарскім, ні ў вучэбным, ні ў навуковым плане. Але імкнуўся адпавядаць патрабаванням часу. Можна ка­заць, што яго рэктарская місія была вызначана «зверху» дастаткова жорстка: калі не «крызісны менеджар», то чарговая высокапастаўленая ахвяра для папаўнення спісаў, рэгулярна запатрабаваных Цэнтрам для абнаўлення.

kopiya-partkartochka-s-foto-2Між тым у аўтараў кнігі пра ўніверсітэт і яго рэктараў увесь час заставалася нейкая ўнутраная незада­воленасць канчатковым вы­ні­кам сваёй працы. Было   вядома, што Аляксей Сця­панавіч стаў ахвярай страшэннага 1937 года. І што ён быў расстраляны разам з двума сваімі калегамі — папярэднімі рэктарамі БДУ Я. П. Каранеўскім і А. І. Дзякавым. Расстраляны сярод больш як 130 прадстаўнікоў беларускіх інтэлектуалаў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. Расстраляных якраз напярэдадні 16-й гадавіны ад пачатку працы Беларускага ўніверсітэта...
З часам гэты факт станавіўся ўсё больш балючым ва ўспрыманні, што мы проста вось так палічылі залішнім распавесці ў кантэксце агуль­най гісторыі БДУ пра неардынарнага сваёй біяграфіяй кіраўніка.  А пра тое, што насамрэч біягра­фія гэтага чалавека была неардынарнай, гаварылі нават тыя дакументы, якія ўдалося знайсці яшчэ на мяжы стагоддзяў –мінулага і сучаснага. Было відавочна, што А. С. Кучынскі прайшоў жыццёвы шлях, які можна наўпрост успрымаць у рэчышчы імкнення разбуджаных рэвалюцыяй беларусаў да рэалізацыі сваіх немалых інтэлектуальных магчымасцяў. А галоўнае – да ўзбагачэння, развіцця тых здольнасцяў, якія былі падараваныя баць­камі, прыродай, асяроддзем жыцця.
Пасля гэтага працяглага ўступу хацелася б зрабіць яшчэ адзін – звярнуцца да абставін апошніх месяцаў. І тут прыходзіцца зноў узгадваць постаць універсітэцкага рэктара. На гэты раз сучаснага. На здзіўленне, наш рэктар-матэматык праявіў сябе якасным гісторыкам-даследчыкам. І  – што важна – упартым энтузіястам пошукаў абсалютна даказальных звестак пра важныя абставіны яшчэ далёка не высветленай гісторыі нашага ўніверсітэта. Ён і вызначыў для гісторыкаў   неабходнасць, дакладней, ганаровы абавязак: знайсці «адсутныя звёны» ў біяграфіі Аляксея Сцяпанавіча. А асабліва знайсці яго фотавобраз, каб далучыць да галерэі 18 універсітэцкіх рэктараў, якую па ініцыятыве С. У. Абламейкі ўрачыста адкрылі ў фае другога паверха корпуса рэктарата, змясцілі на сайце ўніверсітэта. У ідэале ж ставілася задача ў найбліжэйшы час прасачыць біяграфію гэтага рэктара праз гісторыю БДУ і гісторыю Беларусі такіх складаных і пераломных 1930-х гадоў.
У чарговы раз былі «пракапаны» стосы архіўных спраў. Вынік нулявы, нічога новага знайсці не ўдалося, хаця стала магчымым удакладніць некаторыя абставіны. Дзякуючы сучасным   камунікацыйным сродкам выс­ветлілася, што жаданыя звесткі адклаліся ў архіве Смаленска, дзе А. С. Кучынскі ў 1920-я гады працаваў на розных пасадах. Нашы калегі са Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта (сам рэктар-гісторык Я. У. Кодзін і дацэнт М. У. Каіль) вельмі ўсхвалявана адгукнуліся на просьбу рэктара БДУ аператыўна высветліць сітуацыю. Хутка яны даслалі пісьмо з Дзярж­архіва Смаленскай вобласці з подпісамі яго кіраўніка А. В. Барковай і двух архіўных супрацоўнікаў. У пісьме падаваліся грунтоўныя звесткі пра змест дакументаў двух фондаў (Р–1007 і Р–13), якія ўтрымліваюць пяць спраў
з інфармацыяй пра А. С. Кучынскага. Стала вядомым, што будучы ўніверсітэцкі кіраўнік на пачатку 1920-х гадоў працаваў у Мсціславе    на пасадзе старшыні павятовага выканкама. Вось толькі ніякіх фотаздымкаў, на жаль, справы не ўтрымлівалі. Не знайшлося звестак і наконт працы Аляксея Сцяпанавіча на пасадзе адказнага рэдактара смаленскай газеты «Рабочий путь».
Адначасова намі былі зроблены крокі па высвятленні наяўнасці звестак у архівах Масквы, бо мелася дакладная інфармацыя, што Аляксей Сцяпанавіч доўгія гады намагаўся атрымаць вышэйшую адукацыю і нават навуковую ступень у Эканамічным інстытуце чырвонай прафесуры пры ЦВК СССР. Адшукаліся і дакладныя архіўныя арыенціры: Дзяржаўны архіў Расійскай Фе­дэрацыі, фонд Р 5144, вопіс 2, справы 4137 і 2090. Зноў прыйшлося з мэтай аператыўнасці звярнуцца да калег, на гэты раз маскоўскіх. Яны даслалі новы стос звестак, якія дэталізавалі і крыху пашырылі наяўныя. Але і яны не дазволілі дасягнуць мэты – і гэтыя архіўныя справы фотаздымкаў не ўтрымлі­валі.

kopiya-smolensk-gubernskaya-zemskaya-uprava-v-1920-e-v-etom-zdanii-rabotal-budushhij-rektor-bgu-kuchinskij

Смаленск, губернская земская ўправа. У 1920-я ў гэтым будынку працаваў будучы рэктар БДУ Аляксей Кучынскі

Як бы ў чарговы раз не­абходна было скарыцца. Але не хацелася. Ды і Сяргей Уладзіміравіч, наш рэктар, настойліва паўтараў: «Ну не можа такога быць, каб мы не аднавілі гістарычную справядлівасць!» І спробы працягваліся, хаця паўсядзённасць працы, зразумела, не спрыяла мэтаскіраванаму пошуку. Самому паехаць на тыдні ў Маскву, панюхаць салодкі пыл архіўных спраў, памучыцца здагадкамі, дзе і якімі шляхамі шукаць неабходнае — што можа быць для гісторыка важнейшым?! І тут руку дапамогі працягнуў сам начальнік Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь Уладзімір Іванавіч Адамушка. Як дасканалы гісторык і выхаванец БДУ, ён да сэрца прыняў просьбу пра дапамогу. Прыняў і адразу звязаўся са сваімі добрымі сябрамі-калегамі – кіраўнікамі маскоўскіх архіваў. Такі абсалютна грунтоўны і зацікаўлены падыход хутка даў плён. У каторы раз зробленыя захады даказалі старую як свет ісціну «рукапісы не гараць»! І не згарэла ў віхуры жорсткага часу фотакартка нашага рэктара!
Пакуль што прыходзіцца канстатаваць, што захава­лася, можа, толькі адзіная. Гэта, пэўна, так, бо за смерцю Аляксея Сцяпанавіча ў хуткім часе адбылося зніш­чэнне яго сям’і – жонкі Алены і 17-гадовага сына Дзмі­трыя, вучня 9 класа 4  мінскай школы. Паводле прысуду ўсю маёмасць сям’і канфіскавалі. А потым была вайна...
Вобраз Аляксея Сцяпанавіча захаваўся амаль што цудам. Як цудам і быў ён знойдзены там, дзе шукаць і не збіраліся – у партыйным фондзе (Фонд 17. Вопіс 100. Справа 16978) Расійскага дзяржаўнага архіва сацы­яльна-палітычнай гісторыі. Дзякуючы адказнасці нашых маскоўскіх калег-архівістаў – перш за ўсё дырэктара   архіва А. К. Сарокіна – менавіта там сярод мноста найцікавейшых пісьмовых свед­чанняў быў выяўлены «Регистрационный бланк и отчетная карточка на партбилет № 0831851 (образца 1936 г.) Кучинского А. С.». Якраз у 1936 г., 13 чэрвеня, на пасадзе ўніверсітэцкага кіраўніка Аляксей Сцяпанавіч пераафармляў свае партыйныя дакументы! А таму знешні выгляд гэтага пры­гожага і годнага мужчыны поўнасцю адпавядае таму ўспрыманню, якое было ўласціва калегам і студэнтам рэктара. І нашаму!
Імкліва раскруціліся нас­туп­ныя эпізоды жыцця рэктара. У справе разам захоўваюцца аркушы, з якіх вынікае: новенькія партыйныя дакументы ўжо 10 красавіка 1937 года былі «погашены (аннулированы) ЦК КП(б)Белоруссии как на исключенного из членов партии со следующей формулировкой: «Исключен как активный участник контрреволюционной нацдемовской организации, активный участник Московского эсэ­ровского съезда, что скрыл от партии, за связь с контрреволюционными нацдемовскими элементами».
У невялікім інфармацыйным артыкуле газеты нельга  распавесці пра перыпетыі лёсу аднаго з 19 (цяпер ужо менавіта дзевятнаццаці!) рэктараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Для гэтага будзе абраны іншы фармат. Відавочна, што магчыма і неабходна аба­гульніць немалую колькасць інфармацыі – якая ўжо была ў нашым распараджэнні, і новую, што мы і нашы калегі з Мінска, Смаленска, Масквы адшукалі падчас высвятлення наяўнасці фотакарткі.
А пытанне, лічыць ці не Аляксея Сцяпанавіча рэктарам (ці ўсяго толькі «ЧВА»), здымае афіцыйнае рашэнне аб яго рэабілітацыі ад 18 снежня 1956 года. У ім лапідарна і адназначна прапісана: «КУЧИНСКИЙ Алексей Степанович, 1892 года рождения, уроженец дер. Выдринка Чериковского р-на БССР, в ВКП(б) состоял с 1917 года и исключен в связи с настоящим делом, до ареста работал ректором Белорусского Государственного Университета» (Архіў КДБ Рэспублікі Беларусь. Архіўна-крымінальная справа № 10604–С).
Так, сумеснымі намаганнямі з небыцця перад сучасным пакаленнем «студы­ёзусаў» БДУ паўстаў вобраз аднаго з яго рэктараў. Можна толькі дадаць, што да друку па ініцыятыве рэктара С. У. Абламейкі падрыхтаваная адмысловая кніга з распа­вяданнямі і арыгінальным візуальным суправаджэннем тэксту пра 27 найвыдатнейшых універсітэцкіх інтэлек­туалаў 1920–1930-х гадоў. Аўтары абагульнілі вельмі цікавую інфармацыю пра тых, хто зрабіў вялікі ўнёсак   у справу навукі і вышэйшай адукацыі на Беларусі. І былі зроблены сапраўдныя навуковыя адкрыцці, вяртанне   да сучаснікаў забытых імё­наў і фактаў. Працяг гэтай справы наперадзе...
Таму і ўзнятае з небыцця імя А. С. Кучынскага знахо­дзіцца не толькі ў кантэксце напісання новых старонак гісторыі нашага ўніверсітэта, але і ўвасабляе наш сучасны светапогляд – скіраванасць на ўшанаванне выдатных асоб alma mater.

Прафесар Алег ЯНОЎСКІ

Дададковую інфармацыю пра Аляксея Кучынскага можна знайсці ў кнізе Леаніда Маракова http://pdf.kamunikat.org/21532-1.pdf (старонка 478).

Пра жонку і сына Кучынскага ёсць інфармацыя тут: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=21534-1.pdf (старонка 532).

Глядзiце таксама:

rabota_na_konkurs_bgu-kopiyaИстория создания БГУ: 25 февраля 1919 г. – 30 октября 1921 г. Когда же был основан наш университет? (+видео)

 

 

4eaf8296fd63628f0329cc7024f7aaed-768x545-kopiya

Не дыплом, а дыпломішча. Як выглядалі студэнцкія білеты і дыпломы БДУ амаль сто гадоў назад

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *