Газета “Універсітэт”: 85 год летапісцу альма-матар

18 Dec, 2014.

Газета Універсітет БГУ

Газета БДУ “Універсітэт”– адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Яе першы нумар убачыў свет у 1929 г. Напрыклад, тая ж “Савецкая Беларусь” пачала выходзіць усяго на два гады раней. У сталенні газеце дапамагалі такія легендарныя асобы, як Якуб Колас і Кандрат Крапіва, яе традыцыі стваралі народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, тут друкаваліся вядомы публіцыст Адам Мальдзіс і кінарэжысёр Віктар Дашук, паэты Пятро Глебка, Генадзь Бураўкін, Мікола Аўрамчык, Яўгенія Янішчыц і іншыя знакамітыя літаратары і грамадскія дзеячы. Газета выступала платформай для дыскусій вядомых навукоўцаў і педагогаў пра стан навукі і арганізацыю навучання, грала вялікую ролю ў выхаванні моладзі. На старонках нашага выдання знайшла адлюстраванне ўся шматгадовая гісторыя БДУ і краіны ўвогуле. Газета захоўвае і развівае навуковыя, навучальныя і культурныя традыцыі флагмана айчыннай вышэйшай адукацыі – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нягледзечы на сваю значнасць, у гісторыі газеты “Універсітэт” пакуль што шмат белых плямаў. Дадзены спецыяльны выпуск з нагоды юбілею газеты – бадай што першая спробы зрабіць рэтраспектыву яе паступальнага развіцця, наноў адкрыць для шырокай публікі выдатных людзей, якія на старонках газеты год за годам пісалі летапіс нашага ўніверсітэта, фіксавалі ўсе значныя падзеі, сачылі за лёсам сваіх маленькіх і вялікіх герояў, разважалі і асэнсоўвалі рэчаіснасць, ну і, зразумела, марылі пра светлую будучыню. Кожны нумар газеты – як позірк у жывую гісторыю ўніверсітэта. А самая дарагая каштоўнасць – гэта імёны, імёны, імёны… За многімі з іх стаіць глыбокі роздум пра рэчаіснасць, уласны светапогляд і лёс увогуле.

Беларускі ўніверсітэт. МедзянікШмат хто з герояў далёкіх мінулых дзён ужо прыпыніў сваю стваральную працу, але ёсць і тыя, хто дагэтуль працуе ў альма-матар, перадаючы свой каласальны вопыт і багатыя традыцыі маладым калегам. Ці не ў гэтым і заключаецца пераемнасць пакаленняў? З дапамогай гэтых асоб і былых супрацоўнікаў газеты мы паспрабуем прагартаць старонкі нашай гісторыі.

Гістарычны фон

Дзейнасць БДУ ў першай палове 20-х гг. адбывалася ў надзвычай цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі. Не хапала самага патрэбнага. Навучальныя карпусы і інтэрнаты для студэнтаў былі раскіданы па ўсім горадзе, дрэнна ацяпляліся. Аднак кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з У. І. Пічэтам рабіла ўсё магчымае, каб наладзіць плённую працу. Менавіта дзякуючы іх намаганням універсітэт з першых дзён свайго існавання стаў буйным навуковым, адукацыйным і культурным цэнтрам. Пастаянна ўдасканальвалася і пашыралася яго структура. У 1922 г. быў створаны педагагічны факультэт, які вылучыўся са складу факультэта грамадскіх навук. У 1925 г. адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў. У сярэдзіне 20-х гг. ва ўніверсітэце ўзнікла навуковае таварыства, пачаўся выпуск “Прац БДУ”, а таксама манаграфій яго навукоўцаў. У 1927 г. пачалося будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка, у тым жа годзе была адкрыта аспірантура. Вельмі насычаным быў удзел калектыву ўніверсітэта ў грамадскім жыцці не толькі сваёй ВНУ, але і ўсёй рэспублікі. У 20–30-я гг. студэнты праводзілі вялікую працу па ліквідацыі непісьменнасці, удзельнічалі ў працы розных асветніцкіх гурткоў, апекавалі дамы беспрытульных і некаторыя раёны рэспублікі, дапамагалі ў арганізацыі калгасаў. Спецыялісты БДУ зрабілі важкі ўнёсак ў стварэнне Інбелкульта (папярэдніка Акадэміі навук) і ўсёй сістэмы адукацыі краіны.

БГУ в начале 1930-х+

Галоўны корпус БДУ на пачатку 1930-х гг. Выгляд з боку Дома ўраду

 Універсітэцкі друк

Такая маштабная дзейнасць, натуральна, асвятлялася ў рэспубліканскім перыядычным друку. Ды і сам БДУ ў гэтым накірунку дзейнічаў актыўна праз развіццё сваіх уласных, як зараз кажуць, « сродкаў масавай інфармацыі». Ужо з 1921 г. на факультэтах пачалі выходзіць насценныя газеты («Промні Кастрычніка», «Кузьня асветы», «Медфакавец», «Праўгасавец», «Трыбуна», «Быт інтэрната», «За бальшавіцкую гісторыю» і інш.), выдавацца нумары асобных газет, часопісаў, зборнікаў, альманахаў («Красный студент», «Голас рабфакаўца», «Беларускі студэнт», «Альманах» і інш.). Аднак яны не давалі цэласнай карціны шматбаковага развіцця галоўнай ВНУ краіны ва ўсіх яго праявах. Тым больш што ўплыў БДУ на грамадства, дзяржаўна-партыйныя колы ў многім залежаў ад развіцця камунікацыйных сродкаў. Такім чынам, паступова была падрыхтавана глеба да стварэння шматтыражнай універсітэцкай газеты.

Рэдкалегія газеты Красный студент. 1927г.

Рэдкалегія газеты “Красный студент”. 1927г.

Агульнаўніверсітэцкая газета

У кастрычніку 1929 г. на змену першаму рэктару Уладзіміру Пічэту кіраўніком БДУ быў абраны Язэп Каранеўскі, які стаў перад неабходнасцю маштабнай рэарганізацыі сістэмы ўніверсітэцкай адукацыі. На парадку дня было завяршэнне будаўніцтва Універсітэцкага гарадка, новых інтэрнатаў, павелічэнне стыпендыяльнага фонду, увядзенне новых формаў навучання і праверкі ведаў, складаныя праблемы пашырэння ўніверсітэта, а таксама ўмацаванне тагачаснага грамадска-палітычнага ладу. Кіраўніцтва БДУ добра разумела, што ў асвятленні і арганізацыі жыцця навучальнай установы вялікую ролю адыгрывае газета. І вось 27 лістапада 1929 г. выйшаў першы нумар універсітэцкай газеты “Ленінскім шляхам” (пазней яна мела назву “За пралетарскія кадры”, “За ленінскія кадры”, а з 1955 г. і да 2006 г. – “Беларускі ўніверсітэт”).

Беларускі ўніверсітэт

Персаналіі

У розныя гады рэдактарамі нашай універсітэцкай газеты працавалі С. І. Гузей, І. М. Левін, І. М. Малюкевіч, Л. С. Абецэдарскі, А. А. Філімонаў, Ю. А. Васільеў, У. М. Сікорскі, Р. В. Булацкі, В. Л. Шаціла, А. А. Волк, В. І. Дубовік, М. Я. Цікоцкі, У. А. Кулажанка, А. А. Лойка, П. І. Ткачоў, І. І. Сачанка, П. П. Сіліванчык, М. І. Іоська, А. А. Ніколенка, В. А. Вольскі, А. А. Дзераш, В. П. Вараб’ёў, М. Г. Загорская, Т. М. Казак. З 2007 г. яе ўзначальвае С. С. Шафаловіч.

Супрацоўнікамі «Універсітэта» былі вядомыя журналісты і літаратары: Адам Мальдзіс, Віктар Дашук, Мікола Аўрамчык, Пятро Глебка, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Юрась Свірка, Анатоль Ярохін, Ефрасіння Бондарава, Аляксандр Свораб, Зміцер Чаховіч, Уладзімір Бельскі, Сяргей Чыгрын, Аляксандр Лазоўскі, Ірына Дзяргач, Сяргей Плыткевіч, Васіль Фядосенка, Вольга Улевіч, Сяргей Грыц. Шмат пакаленняў выдатных “акул пяра” атрымала тут сваё прафесійнае станаўленне.

На старонках газеты друкаваліся шматлікія матэрыялы вядомых навукоўцаў і педагогаў, грамадскіх дзеячоў і моладзевых актывістаў. Сярод іх часта сустракаюцца імёны У. М. Перцава, М. М. Нікольскага, Ц. М. Годнева, С. М. Некрашэвіча, В. Ф. Купрэвіча, У. Г. Вафіядзі, М. Ф. Ярмоленкі, Г. Г. Вінберга, П. У. Броўкі, С. Законнікава, У. Карызны, Я. М. Бабосава, В. С. Сцёпіна, В. П. Рагойшы, Б. І. Сачанкі, А. Г. Слукі, М. Р. Прыгодзіча, А. А. Тозіка, А. І. Жука, В. І. Стражава, В. В. Самахвала, Ю. І. Варатніцкага, А. С. Шыбута, Ю. В. Пазняка, В. М. Малафеева, А. А. Яноўскага, У. А. Навумовіча і многіх іншых.

Navumienka 1958.На Первомайской демонстрации 1958 года. Янка Сипаков Иван Науменко Нина Маевская Борис Саченко Юрий Свирко

На першамайскай дэманстрацыі 1958г. Сябры газеты “Беларускі ўніверсітэт”: злева направа Янка Сіпакоў, Іван Навуменка, Ніна Маеўская, Барыс Сачанка і Юрась Свірка

Набыткі і перспектывы

Газета БДУ была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём ВДНГ СССР, з’яўлялася пераможцам рэспублікансіх конкурсаў за асвятленне моладзевай тэматыкі. “Універсітэт” прызнаваўся найлепшай газетай на міжнародным фестывалі моладзевай прэсы “Націскай на RECord” ва Украіне, а таксама міжнародным галіновым конкурсе выданняў для вышэйшых навучальных устаноў, які прайшоў у верасні 2014 г. у Казані. Акрамя таго, «Універсітэт» станавіўся пераможцам V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара” ў намінацыі “Найлепшая шматтыражная газета”. У лютым 2014 г. стаў лаўрэатам конкурсу “Найлепшае інтэрнэт-выданне” на зімовай школе журналістыкі.

награды с подложкой

Газета БДУ – шматразовы дыпламант міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, пастаянны ўдзельнік выстаў “Адукацыя і кар’ера”, “Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, а таксама Дзён беларускай пісьменнасці. З гэтага года “Універсітэт” запусціў новы шматфункцыянальны сайт, які моцна інтэграваны ў сацыяльныя сеткі. Большасць газетных публікацый зараз носіць канвергентны характар, то бок суправаджаецца відэа, фотагалерэямі, слайд-прэзентацыямі і іншымі відамі інфармацыі. Газета БДУ мае ўласны QR-код для зручнага счытвання ўсімі мабільнымі прыладамі і прапануе шмат карысных сервісаў для чытачоў з рознымі інтарэсамі. “Універсітэт” няўхільна развіваецца разам з грамадствам і альма-матар.

Сяргей ШАФАЛОВІЧ, рэдактар

print

Вам таксама можа спадабацца: