Каб жыць не менш за 500 год… Які сэнс для беларусаў мае спадчына Скарыны?

25 Aug, 2017.

Іван Пляхімовіч са студэнтамі каля кніг першадрукара ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на фоне арыгінальных кніг Ф.Скарыны

Дзень беларускага пісьменства сёлета асаблівы – 500 гадоў таму з друку выйшла першая беларуская кніга. Выдаў яе наш самы знакаміты суайчыннік – Францыск Скарына. 500-годдзе беларускага кнігадрукавання мае сусветную значнасць, таму занесена ў каляндар помных дат ЮНЕСКА.

Найбольш раннія кнігі, створаныя на тэрыторыі Беларусі, былі рукапіснымі. Нашыя продкі не з’яўляліся іх аўтарамі, хоць і пісалі асобныя творы. Кнігі траплялі сюды з іншых земляў, а на Беларусі стваралі копіі іх тэкстаў – перапісвалі ад рукі. З-за працаёмістасці рукапіснага спосабу кнігі былі рэдкай з’явай, што стрымлівала развітак асветы. Задачу ў шматкроць павялічыць колькасць кніг магло вырашыць толькі друкаванне. Яго пачатак у нашай Айчыне звязаны з імем Францыска Скарыны.

Францыск, а ён называў сябе і Францішкам, нарадзіўся каля 1490 г. (дакладных сведчанняў няма). Адбылося гэта ў літоўска-беларуска-ўкраінскай дзяржаве, поўная назва якой – Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (ВКЛ). У перыяд сваёй магутнасці яно залучала ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, а таксама літоўскія, украінскія і некаторыя расейскія землі, уяўляла з сябе адну з буйнейшых краін Еўропы. У жыццёвым шляху Ф.Скарыны істотную ролю, а разам са здольнасцямі, мабыць, і вызначальную, адыгралі дзве асаблівасці, знітаваныя з ягоным паходжаннем. Па-першае, месцам нараджэння будучага першадрукара з’яўляўся горад. Нават сто гадоў таму – на пачатку XX ст. – у гарадах жыло толькі 10% насельніцтва Беларусі; у часы ж Ф.Скарыны гараджане складалі значна меншую, мізэрную долю людзей, астатнія жылі на вёсцы. Адпаведна, ні Ф.Скарына, ні яго бацькі не належылі да самага шматлікага класа – сялян, не мелі цяжару іх феадальных павіннасцей і былі асабіста вольнымі. Нарадзіўся асветнік у Полацку – найстаражытнейшым горадзе Беларусі, які яшчэ раней быў сталіцай першага дзяржаўнага ўтварэння нашых продкаў – Полацкага Княства (X–XIII стст.). Статус жа галоўнага горада ВКЛ у час Ф.Скарыны належыў Вільні. Аднак на абшары Беларусі менавіта родны для асветніка Полацк заставаўся буйнейшым горадам. Напэўна, і стольную гісторыю, і наяўную значнасць сваёй малой радзімы меў на ўвазе першадрукар, калі пісаў пра паходжанне са “славного града Полоцька”.

Другая асаблівасць паходжання Ф.Скарыны замыкаецца ў сацыяльным становішчы ягонай сям’і. Бацька Францыска быў купцом. Купцы – гэта буйныя, заможныя гандляры, якія займаліся аптовым гандлем (у ВКЛ і за мяжой). Сярод гарадскіх жыхароў пераважалі рамеснікі і дробныя гандляры; купцоў жа было няшмат. Рамеснікі ды гандляры (у тым ліку купцы), якія жылі ў гарадах, называліся мяшчанамі.

Францыск Скарына

Такім чынам, нараджэннем у горадзе Ф.Скарына адрозніваўся ад абсалютнай большасці насельніцтва краіны, а паходжаннем з сям’і купца – і ад абсалютнай большасці гараджан. Ён таксама не з’яўляўся прадстаўніком прывілеяванага класа – шляхты. Шляхцічы мелі правы на зямлю і займанне дзяржаўных пасад. Асабістая свабода мешчаніна, матэрыяльны дабрабыт сям’і давалі Францыску магчымасці для навучання, якімі ён скарыстаўся напоўніцу. Асвета і навука сталі справай яго жыцця.

Мемарыяльная пліта ў гонар Францыска Скарыны ў зале Аўла Collegium Novum

У ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. адукацыя арганізавана яшчэ не была. Звесткі пра пачатковае навучанне Ф.Скарыны адсутнічаюць, але гэтую адукацыю ён, безумоўна, атрымаў. Вышэйшых навучальных устаноў тагачаснае ВКЛ не мела. Першая з іх – Віленскі ўніверсітэт – заснавана ў 1579 г. На ўкраінскіх і расейскіх землях вышэйшая адукацыя ўзяла свой пачатак значна пазней – прыкладна праз сто гадоў: адпаведна, Кіева-Магілянская акадэмія ў Кіеве, потым Славяна-грэка-лацінская акадэмія ў Маскве. Таму каб працягваць адукацыю, Францыск авалодаў лацінскай мовай (менавіта на ёй працавалі вну ў розных краінах) і накіраваўся ў суседнюю Польшчу – гаспадарства, з якім ВКЛ мела найбольш шчыльныя сувязі. У сталіцы Польскага Каралеўства – горадзе Кракаве – мэтай юнака быў вядомы з XIV ст. Універсітэт, які існуе і зараз. Ф.Скарына скончыў філасофскі факультэт Кракаўскага ўніверсітэта і атрымаў вышэйшую адукацыю. Гэты факт патрабуе глыбокага асэнсавання. На той час абсалютная большасць людзей – і ў ВКЛ, і ў другіх краінах – з’яўляліся непісьменнымі (не ўмелі чытаць і пісаць, не прайшлі нават пачатковага навучання), не кажучы ўжо пра вышэйшую адукацыю. Адзначым, што і на пачатку XX ст. 68% жыхароў Беларусі заставаліся непісьменнымі. Калі Францыск быў студэнтам, на еўрапейскім кантыненце функцыянавала менш вну, як цяпер у адной Беларусі.

Пасля Кракава наш суайчыннік, хутчэй за ўсё, навучаўся яшчэ ў адным універсітэце. Але і пасля гэтага малады палачанін адчуваў свае здольнасці да большага. Ён наважыўся на амаль што неверагоднае – атрымаць навуковую ступень. Дзеля свайго імкнення Францыск рушыў на радзіму еўрапейскіх вну і Адраджэння – у далёкую Італію, якая была тады найбольш развітым краем. Там ва Універсітэце горада Падуі – прэстыжнай і адной з найдаўнейшых вну свету – ён настолькі бліскуча адказваў на экзаменах, што калегія прафесараў аднагалосна прысудзіла нашаму суайчынніку ступень доктара лекарскіх (медыцынскіх) навук. Гэта было на мяжы фантастыкі. Ужо падкрэслівалася, што дзівам тады выглядала і вышэйшая адукацыя. Якія тут навуковыя ступені! 500 гадоў таму ва ўсёй Еўропе іх мелі лічаныя людзі. Дастаткова адзначыць, што нават сёння, калі навука зрабіла велізарны крок наперад і колькасць навукоўцаў павялічылася ў шматкроць, а для атрымання навуковай ступені не даводзіцца ехаць у іншыя краіны, на Беларусі маюць гэтыя ступені толькі 0,3% грамадзян. Ф.Скарына – першы беларус з навуковай ступенню. Цяпер на Беларусі, у Расеі і яшчэ некаторых дзяржавах, асабліва постсавецкіх, прысуджаюцца дзве навуковыя ступені – кандыдат навук і, больш высокая, доктар навук. Пераважная колькасць краін далёкага замежжа з часоў Сярэднявечча практыкуюць толькі адну ступень, якую і атрымаў Ф.Скарына, – доктар навук. Яна адпавядае айчыннай ступені кандыдата навук.

Зала ў Collegium Maius, дзе сярэднявечныя студэнты трымалі экзамены і дзе ім прысвойвалі вучоныя ступені. Ступень бакалаўра Францыск Скарына атрымаў менавіта ў гэтай зале

У свядомасці жыхароў рэспублікі дасягненні Ф.Скарыны звычайна звязваюцца толькі з кнігадрукаваннем. Аднак азнаямленне з вышэйпададзенымі звесткамі дазваляе зразумець, які ўнікальны адукацыйны і навуковы шлях нашаму суайчынніку трэба было прайсці, якую вялікую геаграфічную прастору пераадолець – вядома ж, не на сучасных сродках транспарту, – каб узяцца за новую для той эпохі друкарскую справу і выканаць яе на сусветным узроўні.

Трапіўшы ў Падуі на Алімп еўрапейскай навукі, Ф.Скарына не толькі не забыўся на свой народ, але і вырашыў паставіць яму на службу ўсе свае здабыткі. Пасля поспеху ў Італіі асветнік нібы адыходзіць у цень (і гісторыкі на пэўны час страчваюць яго след), але – каб заззяць яшчэ мацней праз некалькі год.

Біблія

Друкаваную кнігу юнак-палачанін убачыў не пазней як падчас навучання ў Кракаве. Мабыць, ужо тады ў Францыска выспявала і пашана да гэтай крыніцы ведаў, і шкадаванне аб яе адсутнасці на Радзіме. Якую ж кнігу друкаваць? Доўга разважаць не давялося. Той парою кніг было няшмат. Ф.Скарына звяртаецца да самай галоўнай і аўтарытэтнай – Бібліі. Жыццё грамадства было цалкам прасякнута рэлігіяй нават пры канцы Сярэднявечча, калі і жыў Ф.Скарына, – у знакамітую эпоху Адраджэння. Асветнік вырашае друкаваць Святое Пісанне таму, што бачыць у ім не толькі рэлігійны сэнс, але і скарбніцу навучання – спасціжэння навук і мудрасці; маральнага ўдасканалення – выхавання ў чалавеку справядлівасці, праўды, дабрыні; эмацыйнай трываласці, асабліва ў бядзе і хваробах. Біблія была і застаецца самай распаўсюджанай кнігай у свеце. Як падлічылі спецыялісты, наклад яе выданняў за ўвесь час кнігадрукавання склаў некалькі мільярдаў асобнікаў: на кожнага жыхара Зямлі прыпадае каля адной Бібліі. Не дзіўна, што першадрукары розных краін браліся за выданне менавіта Бібліі, і яна сталася адной з першых кніг, надрукаваных у Еўропе.

На беларускіх землях і цалкам ВКЛ Біблія была, але пераважна рукапісная. Заходняя галіна хрысціянства – каталіцтва – функцыянавала ў ВКЛ на лацінскай мове, а ўсходняя галіна – праваслаўе – на царкоўнаславянскай. Фарміраванне царкоўнаславянскай мовы звязанае з намаганнямі вядомых рэлігійных дзеячаў ды асветнікаў Кірыла і Мяфодыя, а таксама іх вучняў і паслядоўнікаў у IX–XI стст. Гэтыя рупліўцы мелі на мэце стварыць для славян пісьмовую мову – каб на ёй можна было чытаць і пісаць. За аснову яны ўзялі паўднёваславянскі (старабалгарскі) дыялект, бо самі належылі да паўднёвых славян, але змянілі яго ў кірунку больш узнёслага і строгага стылю. Мова, якая атрымалася, і называецца царкоўнаславянскай. Яна ўзнікла як мова кніг, а яны на той час былі пераважна царкоўнымі (Біблія ды іншыя). Адсюль і назва мовы. На гэтай мове не размаўлялі, яна з’яўлялася толькі пісьмовай (кніжнай, літаратурнай), таксама на ёй адбывалася імша ў царкве. Менавіта на царкоўнаславянскай мове прыйшло хрысціянства на ўсходнеславянскія землі, а пасля яго падзелу на ёй працавала і – дзіўная рэч! – працуе па сённяшні дзень праваслаўная царква.

Міналі стагоддзі, а істотных змяненняў царкоўнаславянская мова не зазнала; гутарковае ж слова развівалася. Адрозненні паміж імі павялічваліся, зразумець царкоўнаславянскую мову людзям становілася цяжэй. Што да латыні як мовы каталіцтва (касцёла, Бібліі), то звычайныя вернікі не ведалі яе зусім. Тым не менш, царква і касцёл строга захоўвалі сваю афіцыйную моўную традыцыю, яна забяспечвала іх манаполію на веданне ды тлумачэнне Святога Пісання і залежнасць вернікаў ад святароў.

Ля помніка Ф.Скарыне ў Празе

У дадзеных варунках Ф.Скарына задумвае не толькі надрукаваць Біблію самастойна, без удзелу святарства, але і часткова адысці ад афіцыйнай мовы, зрабіўшы ўласны пераклад. Значыцца, гэта будзе Біблія не для царквы альбо касцёла і не для ўлады.

Друкаванне, як і вышэйшую адукацыю ды навуку, наш суайчыннік распачынае не ў родных мясцінах. Пакуль пераважная большасць людзей ніколі не пакідалі ваколіц сваёй вёскі ці мястэчка, палачанін пабываў у многіх краінах, зведаўшы паўкантынента. Для ажыццяўлення сваёй грандыёзнай задумы ён абраў Чэшскае Каралеўства, а менавіта сталіцу Прагу. Мабыць, – таму што там ужо было кнігадрукаванне, меліся патрэбныя майстры ды ўмовы; магчыма, пасля Кракава Францыск там навучаўся ў пражскім Карлавым універсітэце; а яшчэ, краіна гэта была славянскай, як і ягоная Радзіма.

Біблія, за выданне якой узяўся Ф.Скарына, складаецца з дзвюх частак – Старога і Новага запаветаў, а кожны з іх, у сваю чаргу, залучае шмат кніг. У склад Старога Запавету ўваходзіць каля 40 кніг, Новы Запавет налічвае 27 кніг. Усе кнігі прынята змяшчаць у Бібліі паводле пэўнай паслядоўнасці, і распачынаецца яна кнігай “Быццё”. Ф.Скарына не абмежаваўся выкананнем перакладу і друкаваннем ужо існаваўшага твора (Бібліі). Маючы выдатную адукацыю і вучонасць, ён адчуваў, безумоўна, патрэбу ў выказванні і ўласных ведаў ды поглядаў. У друкуемых кнігах ён даў свае каментарыі: прадмовы (казанні) аб’ёмам ад паўтары да чатырох сучасных старонак і маленькія пасляслоўі. Самастойных твораў, асобных ад Бібліі, напрыклад па медыцыне ці іншых галінах, Ф.Скарына не напісаў і не надрукаваў, хоць і з’яўляўся доктарам навук. Гэта б узняло яго імя яшчэ вышэй.

Псалтыр

Першым друкарскім вопытам палачаніна стала біблейская кніга “Псалтыр”. У ёй Ф.Скарына надрукаваў і дату – 6 жніўня 1517 г., таму дакладна вядомы час нараджэння беларускага кнігадрукавання. “Псалтыр” з’яўляўся папулярнай і асабліва запатрабаванай тады часткай Бібліі; напэўна з гэтай прычыны асветнік-багаслоў і абраў яе для свайго першага выдання. У прадмове да разглядаемай кнігі Ф.Скарына натхнёна піша пра вялікую каштоўнасць “Псалтыра”, вылучае яго як крыніцу маральнасці, чысціні душэўнай і цялеснай, розуму, рэлігійнай веры і спасціжэння Бога. “И видети таковые пожитки в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, повълел Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым языком напред ко чти и к похвал богу в троици единому … а потом к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил”. Так пачалося айчыннае кнігадрукаванне.

За 1517–1519 гг. “у великом месте Празском” Ф.Скарына надрукаваў 23 кнігі Бібліі. Яны належаць да Старога Запавету.

Сучасны выгляд каралеўскага сада ў пражскім раёне “Градчаны”, дзе Ф.Скарына працаваў па запрашэнні Караля Чэхіі

Працяг кнігавыдання доктара лекарскіх навук звязаны з ягоным гаспадарствам – ВКЛ. У стольнай Вільні ён надрукаваў “Малую падарожную кніжку”: яна выйшла прыблізна ў 1522 г. і адкрыла кнігадрукаванне на тэрыторыі ВКЛ (а калі мець на ўвазе былы Савецкі Саюз, то і на ўсім абшары гэтай дзяржавы). “Малая падарожная кніжка” ўяўляе з сябе прызначаны для людзей, якія знаходзяцца ў дарозе, рэлігійны зборнік. Усе часткі зборніка маюць багаслоўскі характар, аднак толькі адна з’яўляецца непасрэдна кнігай Бібліі: ёю зноў атрымаўся “Псалтыр”. Другім пасля “Малой падарожнай кніжкі” віленскім выданнем Ф.Скарыны сталася кніга “Апостал”, адметная тым, што залучае біблейскія часткі Новага Запавету. “Апостал”, выдадзены ў 1525 г., аб’ядноўвае 22 кнігі Бібліі, аўтарамі якіх лічацца апосталы – вучні ды паслядоўнікі Ісуса Хрыста. Гэта апошняя кніга друкара.

Апостал

На жаль, Ф.Скарына не выдаў кніг на тэрыторыі сучаснай Беларусі, хоць і нарадзіўся тут. Разам, ім надрукаваны 45 кніг Бібліі, аб’ём якіх разам з іншымі рэлігійнымі творамі (яны былі ў “Малой падарожной кніжцы”) склаў каля 4 тыс. старонак, пра наклад пэўных звестак няма. Асветнік меў намер зрабіць поўнае выданне Бібліі. На гэта паказваюць склад і афармленне выдадзенай ім ў Празе біблейскай кнігі “Быццё”. На яе тытульным аркушы надрукаваны вядомы тэкст агульнага характару: “Бивлия руска выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”. Далей друкар змяшчае сваю прадмову да Бібліі цалкам, дзе пералічвае ўсе кнігі Старога ды Новага запаветаў і дае ім сціслае апісанне. Аднак ажыццявіць намер не атрымалася. Да цяперашняга часу дайшло каля 500 асобнікаў Скарынавых кніг. Болей за палову выданняў знаходзіцца ў музеях і бібліятэках Расеі. На Беларусі маецца толькі 11. Яны адкрытыя для ўсеагульнага агляду і амаль усе захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Убачыць іх – маральны абавязак кожнага беларуса.

Друкакрскі станок Гутэнберга, на якім выдаваў кнігі Ф. Скарына

Пасля працяглых даследаванняў мовы Скарынавай Бібліі навукоўцы прыйшлі да наступнай высновы: гэта царкоўнаславянская мова ў старабеларускай рэдакцыі. Свае ж каментарыі асветнік напісаў на старабеларускай мове. Ф.Скарына звычайна называў мову сваіх кніг рускай. У прадмове да пражскага “Псалтыра”, якая цытавалася раней, асветнік зрабіў больш правільна, вызначыўшы мову кнігі ў якасці славянскай (царкоўнаславянскай) – “словенскым языком”, а алфавіт у якасці кірыліцы – “рускыми словами”.

Беларуская мова як адметная ад моў рускіх і ўкраінцаў паступова складвалася з моманту ўваходжання беларускіх земляў у ВКЛ (XIII–XIV стст.). Першы этап, калі ўзнікалі і замацоўваліся некаторыя рысы беларускай мовы, быў доўгім; да яго належаць і Скарынавы каментарыі. Мову дадзенага этапу навукоўцы і назвалі старабеларускай. Да больш ранняй мовы Кіеўскай Русі – адзінай мовы ўсходніх славян – старабеларуская мова была яшчэ тады болей падобнай, як да сучаснай беларускай, аднак развівалася ў яе кірунку, мела словы, якія ўваходзяць і ў сучасную беларускую мову. Што ж тычыцца непасрэдна тэксту Бібліі, то Ф.Скарына надрукаваў яе на царкоўнаславянскай мове, аднак пераклаў на старабеларускую мову некаторыя словы. Параўнаем на некалькіх мовах адно і тое ж палажэнне з біблейскай кнігі “Эклезіяст”:

“Несть блага человеку, разве еже ясть и пиеть и покажет души своей благо”: царкоўнаславянская мова;

“Иже несть лепшего, толико ясти и пити и чинити добро души своей”: мова Бібліі Ф.Скарыны (царкоўнаславянская мова ў старабеларускай рэдакцыі);

“Няма лепшага, як толькі есці ды піць і рабіць добра душы сваёй”: сучасная беларуская мова.

Назваў “Беларусь”, “беларускі”, “беларус” тады не было, і першадрукар менаваў мову сваіх кніг не беларускай, а, часцей за ўсё, рускай. Такім чынам, ён не ўсведамляў, што мова яго народа, якой ён пісаў каментарыі і якую часткова ўжываў у тэксце Бібліі, ужо адрозніваецца ад мовы іншых усходніх славян.

З’яўленне ў 1517 г. “Псалтыра” Ф.Скарыны значыла, што ён першым надрукаваў кнігу сярод усходніх славян – беларусаў, рускіх ды ўкраінцаў. Другім беларускім друкаром быў С.Будны, які пачаў выдаваць кнігі ад 1562 г. Але перад Ф.Скарынам ён мае прыярытэт у тым, што ажыццявіў свае выданні на тэрыторыі сучаснай Беларусі, некаторыя з іх былі цалкам на старабеларускай мове, а іх аўтарам з’яўляўся ён сам. У Расеі (на той час – Рускае Царства) кніга выйшла з друку амаль на паўстагоддзя пазней за Скарынаву. А як выглядае час з’яўлення беларускай друкаванай кнігі на фоне ўсяго свету? Кнігадрукаванне вынайшлі ў Кітае дзесьці на мяжы X ст. Першым друкаром Еўропы лічыцца немец Ё.Гутэнберг; не пазней за 1455 г. у Германіі ён надрукаваў Біблію на афіцыйнай мове каталіцтва – лацінскай. Акрамя Германіі, раней за Ф.Скарыну пачалі друкаваць кнігі ў Італіі, Англіі, Францыі, Гіспаніі ды шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку заходне-і паўднёваславянскіх.

Слоў пра веліч Ф.Скарыны сёння нямала. Але шчырасць выяўляецца не на словах, а на справе.

  1. Адным з галоўных складнікаў друкарскай задумы Ф.Скарыны была родная мова. Цягам значнай часткі гісторыі беларускія землі ўваходзілі ў склад іншых дзяржаў, улады якіх не заахвочвалі ды нават стрымлівалі развітак нашага нацыянальнага слова. Зараз Беларусь – суверэннае гаспадарства, і наракаць больш няма на каго. Ці расквітнела ж урэшце мова, якую нам наказваў шанаваць першадрукар?

Не сакрэт, што беларусы размаўляюць пераважна па-руску. Сучасныя друкары ў нашай краіне выпускаюць на беларускай мове менш як 10% ад усіх кніг; на ёй афіцыйна публікуецца каля 3% законаў; навучаецца 13% школьнікаў і 0,9% студэнтаў. Такім чынам, на занятках па гісторыі 87-і % школьнікаў распавядаецца пра Ф.Скарыну і ягоную мову па-руску. Ці адчуваюць пры гэтым настаўнікі ды вучні хоць крупінку недарэчнасці?

  1. “Там ест наука всякое правды… Там ест милость и друголюбство без ильсти и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттолъ походять”, – піша Ф.Скарына пра першую беларускую друкаваную кнігу Бібліі “Псалтыр” у прадмове да яе. Нам зразумелыя словы асветніка – і па мове, і па сваім сэнсе, нягледзячы на тое, што мінула 500 год. Гэта сапраўдны цуд і сведчанне адзінства айчыннай гісторыі. Мы, цяперашнія, праз пакаленні паходзім ад людзей эпохі Ф.Скарыны; многае змянілася, але ёсць тое, што нас аб’ядноўвае. Ці даходзіць да той эпохі гістарычная свядомасць нашага народа, альбо памяці хапае толькі на нядаўнюю гісторыю? Ці ажыццяўляецца прынцып роўнасці гістарычных падзей і дасягненняў незалежна ад іх часу?

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь (сцяг, герб і гімн) узнаўляюць сімвалы БССР з невялікімі змяненнямі. Усе пяць дзяржаўных святаў устаноўлены ў гонар падзей савецкай альбо найноўшай гісторыі: Дзень Канстытуцыі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі, Дзень Перамогі, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі).

Добра, што статус святочнага дня (паводле статусу ён ніжэй за дзяржаўныя святы) нададзены Дню беларускай пісьменнасці, які, напэўна, закліканы ўшанаваць і рукапіснае, і друкаванае слова; а сярод дзяржаўных узнагарод маюцца ордэн і медаль Францыска Скарыны.

З кнігай знітаванае жыццё цэлага шэрагу выбітных беларусаў – і Ф.Скарыны, і ягоных папярэднікаў ды наступнікаў: Е.Полацкай, К.Тураўскага, С.Буднага, В.Цяпінскага, С.Собаля, С.Полацкага. Яны жылі даўно, але належаць да ліку самых велічных прадстаўнікоў Айчыны. Вось толькі ў сталіцы ды большасці іншых гарадоў і мястэчак Беларусі нялёгка знайсці вуліцы, праспекты ці плошчы, названыя іх імёнамі. 7 траўня 2005 г. прынята рашэнне змяніць назву праспекта Францыска Скарыны – галоўнай вуліцы Мінска: з таго часу яна называецца праспектам Незалежнасці.

  1. Ідэя Ф.Скарыны замыкалася ў тым, каб надрукаваць Біблію, прызначаную не для паказу, а для “пожитку”, і адрасаваць яе ўсім суайчыннікам – “людем посполитым”. Істотна тое, што Біблія захоўвае сваю значнасць і ў сённяшнім свеце, а прадмовы Ф.Скарыны спрыяюць яе вывучэнню, па сваім змесце яны зразумелыя сучаснаму чытачу. Многія з іх па-простаму тлумачаць сэнс біблейскіх падзей, ролю адпаведных кніг Святога Пісання, заклікаюць да маральнасці і патрыятызму.

На Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі зроблена некалькі выданняў, якія з’яўляюцца факсімільным узнаўленнем (дакладнай копіяй) тэкстаў кніг Ф.Скарыны. Гэта багатыя шматтамовыя выданні са шрыфтом і мовай XVI ст. Яны захоўваюць першадрукара ў гісторыі, пакідаюць яму гісторыка-культурную ролю. А варта шырэй уводзіць Ф.Скарыну ў сучаснасць, каб ён жыў сёння. Большая неабходнасць існуе ў іншых выданнях Скарынавай спадчыны, скіраваных на пазнавальна-практычную ролю. Павінна мецца кніга, якую будуць набываць і тыя, каму патрэбны Ф.Скарына, і, галоўнае, тыя, каму патрэбна Біблія. Варта выдаць Біблію ў адным томе: з каментарыямі Ф.Скарыны; на сучаснай мове – адзін наклад на беларускай мове, другі – на рускай; сучасным шрыфтом. Ф.Скарына напісаў прадмовы не да ўсіх біблейскіх кніг, бо не ўсе надрукаваў; не кожная яго прадмова дастатковая для свецкага і рэлігійнага разумення Бібліі. Таму мае сэнс змясціць у прапануемай кнізе і сучасныя каментарыі. Гэта і будзе нацыянальная беларуская Біблія.

У Полацку месціцца Музей беларускага кнігадрукавання. Большасць экспануемых там старадрукаў, залучаючы выданні Ф.Скарыны, – копіі, а не арыгіналы. Таму калі бачыш іх, міжволі паўстае пытанне: гэта музей захаванага ці страчанага? У кожнай друкуемай кнізе асветнік па некалькі разоў адзначаў сваё паходжанне з Полацка. І Нацыянальная бібліятэка, і Музей беларускага кнігадрукавання належаць дзяржаве. Неабходна перадаць з Нацыянальнай бібліятэкі хоць 1–2 кнігі названаму Музею. Знаходжанне кніг Ф.Скарыны ў Полацку будзе мець сімвалічную і эмацыянальную значнасць. Ды і ўвогуле ёсць патрэба ў адраджэнні найстаражытнейшага горада нашай краіны ў якасьці гісторыка-культурнага цэнтра Беларусі, стварэнні там асаблівай атмасферы, прасякнутай веліччу мінулага, без натхнення якім няма нацыі.

Іван ПЛЯХІМОВІЧ,
кандыдат юрыдычных навук, дацэнт юрыдычнага факультэта БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *