З павагай да іншых культур, традыцый, рэлігій. Выкладчыца БДУ атрымала міжнародную прэмію IBB Цэнтра

24 Mar, 2017.

Прэмія Дортмундскага і Мінскага міжнародных адукацыйных цэнтраў і ганаровы дыплом былі ўручаны вядомаму беларускаму літаратуразнаўцу, біблеісту, гебраісту, германісту Галіне Сініле за вялікі ўнёсак у развіццё сучаснай біблеістыкі і міжканфесійнага дыялогу.

 У цырымоніі бралі ўдзел старшыня Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Віктар Балакіраў, прадстаўнік Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра прафесар Манфрэд Цабель, галоўны рабін рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў), старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын, аўтар дакументальных фільмаў Барыс Герстэн і іншыя вядомыя асобы.

Галіна Веніямінаўна выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце з 1983 года, з 1999 года з'яўлялася загадчыцай кафедры культуралогіі (менавіта дзякуючы гэтай кафедры, створанай Галінай Сінілай, у нашай краіне з'явілася навуковая школа ў галіне гебраістыкі і біблеістыкі), з 2015 года – прафесар кафедры. Гэта чалавек, усёй душой адданы ўлюбёнай працы і сваім шматлікім вучням. І хочацца верыць, што пачатая ёю вельмі важная справа, пра што і сведчыць атрыманая ўзнагарода, усё-такі будзе працягвацца. Цяпер Галіна Сініла чытае разнастайныя аўтарскія курсы, сярод якіх "Біблія і сусветная культура", "Дыялог культур", "Гісторыя замежнай літаратуры", "Гісторыя заходнееўрапейскай літаратуры ў кантэксце культуры", "Гісторыя сусветнай літаратуры: Старажытны Блізкі Усход", "Гісторыя нямецкай літаратуры", "Гісторыя яўрэйскай культуры і літаратуры". Галіна Вяніямінаўна з'яўляецца аўтарам больш як 500 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, навучальных дапаможнікаў.

У дакладзе "Біблія як архітэкст іўдзейскай і хрысціянскай культур і аснова міжканфесійнага дыялогу" лаўрэат ганаровай міжнароднай прэміі Галіна Веніямінаўна адзначыла:

- У наш складаны час – эпоху глабалізацыі і адстойвання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, эканамічнага крызісу і крызісу каштоўнасцяў, узмоцненых духоўна-рэлігійных пошукаў і рэлігійных канфліктаў, зносіны людзей "па-над бар'ерамі" і ўзрастаючага нацыяналізму, шавінізму, расізму – асабліва важнай становіцца праблема выхавання сапраўды гуманнага чалавека. Абавязковай жа якасцю такога чалавека з'яўляецца павага да іншага чалавека, галоўным чынам да Іншага – у тым сэнсе, у якім абгрунтаваў гэта паняцце Эманюэль Левінас, павага да іншых культур, традыцый, рэлігій. Гэта сапраўдная талерантнасць, якая не зводзіцца проста да памяркоўнасці, за якой часцей за ўсё стаіць поўная абыякавасць і таемна захоўваюцца забабоны, падазронасць да "не сваіх" да "чужынцаў"; падобная "талерантнасць" мяжуе з таемнай (а ў масавай свядомасці – неўсвядомленай) ксенафобіяй і не цягне за сабой ніякага разумення Іншага, іншай культуры, іншай рэлігіі. Калісьці Гётэ выказаў вельмі глыбокую думку пра тое, што талерантнасць – часовы стан, які павінен заканчвацца разуменнем. <…> Талерантнасць без разумення ператвараецца ў абыякавую і часта грэблівую памяркоўнасць. Разуменне прадугледжвае больш ці менш паглыбленае знаёмства з чужой культурай, чужой рэлігіяй – і адкрыццё, што яны не зусім чужыя. Першы крок да гэтага – усведамленне агульных духоўных асноў, змешчаных у Бібліі.

Менавіта клопат пра неабходнасць ведання Бібліі студэнтамі – філолагамі і культуролагамі – заахвоціла мяне ў свой час падрыхтаваць і пачаць чытаць лекцыйны курс "Біблія і сусветная культура", бесперапынна яго ўдасканальваючы. Да гэтага і да навуковых заняткаў Бібліяй мяне шмат у чым заахвоціла вялікая нямецкая літаратура – і Лесінг, які ў сваім "Натане Мудрым" абвясціў: "Яўрэй ці хрысціянін – ці не людзі перш, а ўжо потым – яўрэй ці хрысціянін?" – і Гётэ, які заклікаў, каб выяўленае ў п'есе Лесінга "чароўнае пачуццё памяркоўнасці і літасці знаходзілася для нацыі дарагім і святым", і Гердэр, што распавёў еўрапейскай супольнасці "Пра дух старажытнагабрэйскай паэзіі" і які разам з Гётэ ўпершыню ў еўрапейскай культуры ўбачыў у Бібліі духоўную творчасць яўрэйскага народа, і Томас Ман, які ў рамане "Іосіф і яго браты", па яго ўласных словах, "выбіў міф з рук фашызму". Менавіта чытанне Т. Мана яшчэ ў студэнцкія гады заахвоціла мяне чытаць Біблію, вывучаць яўрэйскую гісторыю і культуру.

Вялікія ўрокі сапраўднай талерантнасці і сапраўднага дыялогу культур мы выяўляем у творчасці вялікіх нямецка-яўрэйскіх паэтаў ХХ ст. – Эльзы Ласкер-Шулер, Нэлі Закс, Паўля Целана, Розы Аўслендэр. Абпаленыя страшным досведам Халакосту, яны захавалі ў сабе самае галоўнае – здольнасць  прабачаць, кахаць, ствараць, жыць у Слове, якое яны адчувалі сваёй сапраўднай радзімай, і гэта было нямецкае слова.

У другой частцы сустрэчы з дакладамі на актуальныя тэмы выступілі: прафесар Манфрэд Цабель (Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр) – "Хрысціянска-іўдзейскі дыялог у Германіі пасля 1945 года", рабін Рыгор Абрамовіч – "Пра біблейскія і філасофскія падставы міжрэлігійнага дыялогу", Андрэй Данілаў (загадчык кафедры рэлігіязнаўства Інстытута тэалогіі БДУ) – "Дыялог веры: рэфлексія ўзаемаадносін іўдаізму і хрысціянства".

Пасля запамінальных выступленняў удзельнікі перайшлі да абмеркавання тэмы "Актуальныя праблемы іўдзейскага і хрысціянскага багаслоўя: перспектывы герменеўтыкі "Іншага". Дыскусія была прымеркавана да 20-годдзя міжканфесійнага дыялогу ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Я. Рау. Міжканфесійны дыялог сапраўды вельмі важны ў наш няпросты час, і ён магчымы, бо, па словах Галіны Сінілы, "тры рэлігіі – іўдаізм, хрысціянства і іслам – з'яўляюцца монатэістычнымі (ці проста тэістычнымі), г. зн. прызнаюць Адзінага Бога як трансцэндэнтную Найвышэйшую Сутнасць і як Бога Жывога. Усе тры рэлігіі з'яўляюцца ўніверсальнымі па сваіх прынцыпах, г. зн. надэтнічнымі, не патрабуюць для ўваходжання ў свае шэрагі той ці іншай нацыянальнай прыналежнасці чалавека. Народ Божы (абраны народ) разумеецца ў Танаху не столькі як этнічная, колькі як сакральная агульнасць, і яўрэем (іўдзеем) можа стаць любы чалавек незалежна ад паходжання. Без універсальных сэнсаў, адкрытых старажытным іўдаізмам, не змог бы з'явіцца ўніверсалізм хрысціянства і ісламу. Невыпадкова ўсе тры рэлігіі часта называюць аўраамітычнымі. Гэта назва падкрэслівае, што ў іх аснове – духоўны досвед і маральны подзвіг Аўраама, прабацькі яўрэйскага народа і "бацькі ўсіх вернікаў" (у вызначэнні апостала Паўла)".

У завяршэнне сустрэчы Барыс Герстэн прадставіў новы дакументальны фільм з цыкла "Хроніка Мінскага гета" пра праведнікаў свету, людзей, якія нават коштам уласнага жыцця ратавалі ад рук фашыстаў яўрэйскае насельніцтва нашай краіны, – "Народжаныя двойчы".

Алена МІНДЛІН

Фота аўтара

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *