Інтэлектуальная эліта Беларусі: гісторыя ўзнікнення. Выдадзена першая кніга да 100-годдзя БДУ (+відэа)

25 мая, 2017.

Хто стаяў ля вытокаў беларускай навукі і адукацыі? На гэтае пытанне адказваюць гісторыкі БДУ ў кнізе «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі (1919–1941)».
 
Гэта першае выданне з серыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: 100 гадоў на ка­рысць Айчыны», якая рыхтуецца да стагоддзя ўніверсітэта. 17 красавіка на гістарычным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі з удзелам рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі, прарэктара па вучэбнай рабоце Сяргея Ходзіна, дэкана гістарычнага фа­культэта Аляксандра Каханоўскага і пра­фесара Алега Яноўскага.


Рэктар пачаў з таго, што ўзгадаў пра Дэкрэт аб заснаванні БДУ, які быў прыняты    ў 1919 годзе. І дадаў, што звычайна ўні­версітэты лічаць дату свайго нараджэння ад моманту прыняцця Дэкрэта. Дарэчы, ідэя стварэння дадзенай кнігі (як і цэлай серыі) таксама належыць Сяргею Уладзіміравічу.
«Тое, што ў гэты час стала развівацца навука – гэта факт. Мы вырашылі паказаць яе развіццё на базе БДУ, паказаць, як нара­джалася адукацыя на Беларусі, і тых лю­дзей, якія стваралі ўніверсітэт», – патлума­чыў рэктар.


У сваю чаргу Сяргей Ходзін заўважыў:  «Гісторыкам трэба падкрэсліваць тое важ­нае, што было зроблена нашымі    папярэднікамі. Мы разумеем, што няма па­трэбы даказваць вялікую ролю БДУ ў інтэлектуальным развіцці нашай краіны, але важна напісаць пра гэта».
Мэта праекта – прадставіць слупы грамадства, якія рухалі навуку і аду­кацыю на працягу стагоддзя. Праз жыццё­выя і творчыя біяграфіі выбітных на­вукоўцаў БДУ паказаць значэнне навукі і вышэйшай адукацыі ў фарміраванні нацыянальнай беларускай дзяржавы. У першым выданні прадстаўлены біяграфіі 27 беларускіх інтэ­лектуалаў, якіх справядліва лічаць не толькі стваральнікамі найважнейшых напрамкаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне гуманітарных і прыро­да­знаўчых ведаў у Беларусі, але і творцамі    новай універсітэцкай сферы.
«Вельмі важна, калі да гісторыі нашага ўніверсітэта будуць прыцягвацца шырокія пласты навуковай гістарычнай супольнасці і тых, каго цікавіць гісторыя, з іншых факуль­тэтаў», – адзначыў прарэктар.


На працягу года над выданнем працавала 15 аўтараў, навуковым рэдактарам кнігі выступіў прафесар Алег Яноўскі:
– Гэта навуковае выданне, але там вы не знойдзеце ніводнай зноскі, ніводнай спа­сылкі. За кожным фактам стаіць дакумент, вельмі дакладныя звесткі, якія ўзяты  з розных крыніц. Праца знайшла водгук у тых, хто хаця б дакрануўся да таго тэксту, які мы сёння прадстаў­ляем. Гэтыя прыклады памножацца, калі кніга стане больш даступная для шырокага чытача, калі звернуцца не толькі асабіста зацікаўленыя, але і тыя, хто цікавіцца гісторыяй навукі і вышэйшай адукацыі. Тых кірункаў, якія хацелася ахапіць і пазначыць, узнавіць і рэанімаваць з той гістарычна недалёкай даўніны – не пад сілу аднаму чалавеку, нават дваім.


Гісторыкі ўзяліся за справу, якая была ініцыявана рэктарам, і такімі калектыўнымі намаганнямі мы на­рэшце можам зрабіць тое, што дазваляюць нам рабіць крыніцы, якія ёсць і якія яшчэ трэба здабыць. На не­каторыя рэчы, што здаюцца звыклымі з таго часу, можна паглядзець інакш. Інтэлектуальнае асяроддзе, якое стваралася і будзе стварацца – гэта прадмет нашай навуковай зацікаўле­насці.

Наталля КУДРАШОВА

Фота Генадзя Краскоўскага

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *