Як зрабіць БДУ лепшым? Барыс АДАМОВІЧ у праекце “Новы погляд” [+відэа]

14 Jan, 2019.

З калегамі і студэнтамі на біястанцыі Карнельскага ўніверсітэта (ЗША)

Пагутарылі пра навуку, прафесійныя сакрэты і дасягненні з Барысам АДАМОВІЧАМ, загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі гідраэкалогіі біялагічнага факультэта БДУ. Даведаліся пра планы на 2019 год: абарона аспірантаў і прадстаўленне вынікаў прац у рэйтынгавых часопісах.

– У НДЛ гідраэкалогіі нам атрымалася захаваць агульную скіраванасць навуковых даследаванняў, якую заклалі кіраўнікі і ідэйныя натхняльнікі лабараторыі член-кар. АН СССР Г. Г. Вінберг і член-кар. НАН Беларусі А. П. Астапеня. Кожная навуковая тэма, якая распрацоўваецца цяпер у лабараторыі, выконваецца фактычна ўсімі супрацоўнікамі. Так, хтосьці задзейнічаны ў рамках вызначанай тэмы больш, хтосьці трохі менш, але, у цэлым, усе тэмы выконваюцца вялікім калектывам, прычым не толькі супрацоўнікаў нашай лабараторыі, але і цесна з ёй звязаных супрацоўнікаў-гідрабіёлагаў кафедры агульнай экалогіі і МВБ, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Асабліва цесная сувязь у нас з ННЦ «Нарачанская біялагічная станцыя імя Г. Г. Вінберга», з якой мы, па сутнасці, складаем адзіны калектыў. Дзякуючы такой кансалідацыі намаганняў, я лічу, нам удаецца падтрымліваць на высокім узроўні якасць нашых дасле­даванняў. І гэта з’яўляецца як нашым асноўным сакрэтам, так і асноўным дасягненнем.
У гідраэкалогіі для выканання сур’ёзных даследаванняў не абысціся без дарагога абсталявання. Нам яго, на жаль, пакуль не хапае. Пры гэтым аб’ектыўным крытэрыем выніковасці нашых даследаванняў з’яўляюцца публікацыі за апошнія гады ў вядучых рэйтынгавых экалагічных часопісах.

Адбор спроб на воз. Байкал (сумесныя даследаванні з Лімналагічным інстытутам СА РАН)

Адной з асноўных задач у надыходзячым годзе ў навуковай сферы перш за ўсё мне бачыцца прадстаўленне вынікаў нашых прац у рэйтынгавых часопісах.
Гэта павышае прэстыж гідраэкалогіі у БДУ і Беларусі ў цэлым, бо адным з найважнейшых складнікаў ацэнкі ВНУ ў сусветных рэйтынгах з’яўляецца навуковая праца, якая ў ёй праводзіцца, а яе можна аб’ектыўна ацаніць толькі па публікацыях у навуковых часопісах, якія ўваходзяць у WoS.
 

Сумесныя даследаванні супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ з Цэнтрам даследаванняў прыроды (Вільнюс, Літва)

У навучальнай сферы хочацца спадзя­вац­ца на як мага хутчэйшую абарону нашых аспірантаў, а таксама на больш актыўны ўдзел студэнтаў у навуковых працах. Толькі так яны могуць атрымаць сучасныя веды. Дарэчы, магістранты, якія ўжо некалькі гадоў працуюць у нас у лабараторыі, атрымалі вельмі высокія ацэнкі ад калегаў з польскага ўніверсітэта Казіміра Вялікага, дзе яны зараз знаходзяцца на стажыроўцы па праграме Erasmus+.
 

Эксперымент па вывучэнні эмісіі парніковых газаў у воз. Нарач (сумесныя даследаванні з НАН Беларусі)

У новым годзе разлічваю на перспектывы абнаўлення прыборнай базы. Якімі б таленавітымі ні былі нашы супрацоўнікі, а без сучаснага абсталявання цяпер займацца навукай няпроста.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

Відэа:

33-й кангрэс SIL (International Society of Limnology, Міжнароднага лімналагічнага грамадства., July 31, 2016 - August 5, 2016 Torino, Italy

Экскурсія са студэнтамі ў экавёску Занарач

print

Вам таксама можа спадабацца: