Дастаеўскі vs Раскольнікаў. На юрфаку БДУ па-свойму інсцыніравалі раман “Злачынства і пакаранне” [+cлайды]

15 Jan, 2019.

На юрыдычным факультэце БДУ прайшло тэатралізаванае судовае пасяджэнне па матывах рамана Ф. М. Дастаеўскага "Злачынства і пакаранне".

Студэнты і выкладчыкі юрфака, пракуроры Цэнтральнага раёна г. Мінска, удзельнікі моладзевага сектара ПА ГА "Саюз юрыстаў" пры юрыдычным факультэце БДУ і гуртка па крымінальным праве высвятлялі, якое пакаранне атрымаў бы Раскольнікаў у наш час, здзейсніўшы падобныя злачынствы.

Творчы дыспут de jure і de facto быў арганізаваны ў выглядзе судовага разгляду па справе Радзівона Раскольнікава. У ролі суддзяў выступілі пракуроры Цэнтральнага раёна і прадстаўнікі кафедры крымінальнага права. Дзяржаўнымі абвінаваўцамі, абаронцамі, сведкамі і іншымі ўдзельнікамі працэсу сталі студэнты юрыдычнага факультэта.

– Мы трохі змянілі ход падзей. Па нашай задумцы, Раскольнікаў сам напісаў мемуары, у якіх распавёў пра свае злачынствы. А Дастаеўскі выпадкова выявіў нататнік, які Радзівон забыўся ў адным кафэ. Таму ў дадзенай сітуацыі Дастаеўскі не аўтар, а чытач, – растлумачыў удзельнік дыспуту.

Прадстаўнікі боку дзяржаўнага абвінавачвання, зыходзячы з адказаў Дастаеўскага, высветлілі, што Радзівон Раманавіч забіў жанчыну пажылога ўзросту дзеля пацвярджэння сваёй тэорыі перавагі адных людзей над іншымі, гэта значыць па матывах ідэалагічнай варожасці. А Лізавету Іванаўну забіў сякерай, каб схаваць папярэдняе злачынства. Аднак падчас допыту бокам абароны дадзенай сведкі высветлілася, што Дастаеўскі нічым не можа пацвердзіць свае сведчанні, паколькі спаліў штодзённік, а падрабязны выклад усіх акалічнасцяў здзяйснення злачынстваў ён растлумачыў тым, што прачытаў запісы Раскольнікава некалькі разоў. На пытанне боку абароны "навошта?" у Дастаеўскага выразнага адказу не знайшлося, чым і скарыстаўся бок абароны.

За дыспутам боку дзяржаўнага абвінавачвання і абароны назіралі ганаровыя госці. Яны адзначылі выразную працу прадстаўнікоў абвінавачвання і пахвалілі бок абароны за іх упартасць. Напрыканцы творчага дыспуту студэнты былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі ад пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Паліна ЧАРАНКЕВІЧ
Фота Аляксандры Сідарэвіч
print

Вам таксама можа спадабацца: