Выпускны вечар – новае жыццё. У 2017 годзе скончылі БДУ 686 замежнікаў

15 Jul, 2017.

Выпускны дзень – гэта важны час для кожнага. Тут адначасова адчуваюцца пачуцці радасці і смутку, бо заканчваецца адна пара жыцця і пачынаецца зусім іншая. Многія вучні пасля школы мараць пра вышэйшую адукацыю і атрыманне дыплома. Але тут узнікаюць пытанні і з'яўляюцца хваляванні: куды паступаць і на каго вучыцца. Так, нашы маладыя людзі з Туркменістана прыязджаюць атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусь.

Цікавы момант: больш за ўсё ў Беларусі студэнтаў-замежнікаў з Туркменістана – у гэтым навучальным годзе іх налічылі больш за 9 тысяч. Вучыцца ў Беларусі – добра, ведаю па сабе. Не дарма выбрала гэтую краіну, тут я адчуваю сябе як дома. Вось і прайшлі мае 3 гады ў Беларусі, а галоўнае студэнцкія і школьныя гады – лепшая пара ў жыцці. Менавіта ў гэты час адбываецца самае важнае – першае каханне, першая нагода ганарыцца сабой, праява сваіх талентаў і многае іншае.

А наперадзе выпускны, абарона дыплома і шмат стрэсу, але гэта таго варта, таму што я змагу ажыццявіць мару мамы і сваю ў тым ліку, калі атрымаю доўгачаканы дыплом. Але да гэтага яшчэ цэлы год. А пакуль я радуюся за сваіх сяброў, якія паспяхова здалі ўсе дзяржэкзамены і сталі выпускнікамі.

У 2017 годзе віншаванні з паспяховым заканчэннем ВНУ прымалі 686 высокакваліфікаваных спецыялістаў з Туркменістана, Кітая, Расіі, Казахстана, Лівіі, Ірака, Азербайджана, Турцыі, Таджыкістана, В'етнама, Ірана. Так, дыпломы магістраў атрымалі 206 выпускнікоў і 13 аспірантаў. Статыстыка выявіла самыя папулярныя сярод замежнікаў факультэты: факультэт міжнародных адносін – 179, філалагічны – 143, эканамічны – 129, юрыдычны – 72, геаграфічны – 57, Інстытут журналістыкі – 34 замежніка. У цяперашні час у БДУ навучаецца больш за 2400 замежных студэнтаў з 50 краін.

Сярод гэтых выпускнікоў былі і мае сябры. Я радавалася за іх, хвалявалася і сумавала, таму што некаторых з іх больш не змагу ўбачыць, бо яны паедуць у свае краіны. Мы паабяцалі, што званне выпускніка БДУ будзем насіць з гонарам. Калі праводзіла іх у аэрапорт, мяне не пакідалі змешаныя пачуцці смутку і радасці. Але адно я ведала дакладна, успаміны і сяброў, якіх мне падарыла Беларусь, застануцца навечна ў маім сэрцы.

Сумбар ТАГАНАВА

Фота з асабістых архіваў

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *