Яблыкі ў Ждановічах, старонкі ў Вікіпедыю і апытынні для Белтэлекама. Як студэнты БДУ працуюць дзеля заробку і інтэрната

30 Aug, 2017.

Сёлета Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ сфарміраваў 30 студэнцкіх атрадаў. Больш за 300 студэнтаў і магістрантаў былі заняты гэтым летам у сэрвісных, педагагічных, сельскагаспадарчых і экалагічных студатрадах. Мы даведаліся пра зробленую працу ў арганізатараў.

Ад "Брыганціны" да Смалявіцкага лясгаса

Вялікую частку студатрадаў прынялі арганізацыі і прадпрыемствы самога БДУ. Напрыклад, сэрвісныя атрады наводзілі парадак і добраўпарадкоўвалі САК "Брыганціна", тут жа ў складзе педатрадаў студэнты працавалі важатымі. А ў РУП "Шчомысліца" студэнты з сельгасатрадаў займаліся праполкай, зборам сельскагаспадарчых культур.

Аднак тэрытарыяльна дзейнасць атрадаў выходзіла за рамкі ўніверсітэта. Студэнты працавалі як у сталіцы, так і ў іншых рэгіёнах краіны. Сярод іх самыя буйныя – ДЛГУ "Смалявіцкі лясгас", атэль "Рэнесанс", сетка супермаркетаў "Віталюр", дзіцячы-аздараўленчы лагер "Гарызонт", агракамбінат "Ждановічы" і іншыя.

Вэб-старонкі ў Вікіпедыі

Упершыню сёлета былі сфарміраваны студэнцкія сэрвісныя атрады на базе Фундаментальнай бібліятэкі БДУ. Студэнты працавалі ў сектары інфармацыйных тэхналогій бібліятэкі. Тут яны стваралі спасылкі на публікацыі навукоўцаў і выкладчыкаў на розных інтэрнэт-пляцоўках, а таксама заводзілі персанальныя вэб-старонкі для прафесарска-выкладчыцкага складу і акадэмікаў на сайтах "Вікіпедыя.by" і "Википедия.ru". Усяго ў гэтым сэрвісным атрадзе былі задзейнічаны 4 групы. Варта адзначыць значнасць гэтай дзейнасці для ўніверсітэта. Так, нашы студэнты захоўваюць гісторыю і робяць яе даступнай для шырокай аўдыторыі. Гэту працу яны скончаць толькі ў верасні.

Праца завершыцца ўвосень

У верасні дзейнасць студатрадаў будзе працягвацца. Яшчэ неабходна сабраць ураджай яблыкаў у агракамбінаце "Ждановічы", а таксама сэрвісныя атрады дарабляюць пастаўленыя задачы ў "Брыганціне". Да таго ж з 14 верасня распачне працу атрад "Папараць-кветка" імя А. Н. Сеўчанкі, былога рэктара БДУ. Студэнты гэтага атрада стануць інтэрв'юерамі нацыянальнай кампаніі электрасувязі "Белтэлекам".

Высілкі і спартыўны фэст

Вольга Бальцэвiч

На нашы пытанні адказала Вольга БАЛЬЦЭВІЧ, студэнтка фізфака, начальнік Штаба працоўных спраў БРСМ БДУ. Арганізацыяй студэнцкіх атрадаў Вольга займаецца сёлета ўпершыню. Як адзначае дзяўчына, фарміраванне атрада ў "Ждановічах" далося ёй цяжэй за ўсё, таму што тут трэба было абысці не адзін кабінет, дамовіцца пра ўмовы, падрыхтаваць дакументы і інш. А на гэта ўсё часу было мала.

- Сёлета акрамя арганізацыі атрадаў я ўдзельнічала ў працы групы на базе Фундаментальнай бібліятэкі, – кажа Вольга. – З кнігі "Прафесары і дактары навук БДУ" мы бралі імёны выкладчыкаў (часцей за ўсё сваіх факультэтаў) і рабілі для іх вэб-старонкі. Асноўная складанасць была ў тым, што трэба было ўзбагачаць старонку спасылкамі на розныя навуковыя словы, на якія нават у “Вікіпедыі” не заўсёды былі створаны старонкі.

Яшчэ ў лютым для прыцягнення ўвагі аўдыторыі да студатрадаў была запушчана акцыя пад слоганам #Трудкрут, арганізаваная Штабам працоўных спраў БРСМ БДУ. Актывісты арганізацыі правялі рэкламную працу па дзейнасці студатрадаў і распавялі пра асаблівасці працы на аб'ектах.

Па словах дзяўчыны, запіс у студатрады пачаўся яшчэ ў сакавіку, і пераважна праходзіў непасрэдна на факультэтах. Акрамя гэтага вызначыцца з атрадам можна было падчас адкрыцця працоўнага семестра ў галоўным корпусе і на факультэце міжнародных адносін. Усе прозвішчы ахвотнікаў заносіліся ў агульную базу, а далей у траўні ўжо фарміраваліся групы. Часцей за ўсё ахвотнікаў было больш, чым прадстаўленых месцаў.

- Для працы ў шматлікіх атрадах студэнтам неабходна было праходзіць медыцынскую камісію, узор якой выдавала арганізацыя, якая прымала, – тлумачыць Вольга. – Далей праводзілася тэхніка бяспекі як у БДУ, так пазней і на саміх прадпрыемствах.

Каманда БДУ "Белы вецер"

Студэнцкія атрады добрыя тым, што тут акрамя працы можна прыняць удзел у розных забаўляльных мерапрыемствах і сустрэчах. Напрыклад, сярод іх варта вылучыць ІV спартыўны фэст, які аб'яднаў больш за 300 удзельнікаў студэнцкіх атрадаў з розных устаноў адукацыі. Тады, 5 жніўня, каманда БДУ "Белы вецер" заняла першае месца па валейболе і футболе, а трэцяе – за перацягванне каната.

Што ж атрымліваюць студэнты за сваю працу? У выніку яны маюць заахвочванне ў выглядзе зарплаты. Ёсць таксама магчымасць засяліцца ў інтэрнат. Яго могуць атрымаць камандзіры і камісары атрадаў, а таксама тыя, хто працаваў у "Шчомысліцы" і ў сэрвісных атрадах у "Брыганціне".

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

Фота: БРСМ БДУ (https://vk.com/albums-16271595)

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *