Магія «Брыганціны». Студэнты БДУ ўпершыню пагутарылі з рэктарам Андрэем Каралём (+відэа)

18 Oct, 2017.

Ужо ў адзінаццаты раз «Брыганціна» сабрала старастаў першага курса на адукацыйным семінары «Ты стараста». Тры дні – з 3 па 5 кастрычніка – каманды з розных факультэтаў атрымлівалі новыя навыкі і здзіўлялі сваёй арыгінальнасцю.

Добрая традыцыя збіраць старастаў першага курса ў САК «Брыганціна» ўзнікла яшчэ ў 2006 годзе. Адукацыйны семінар праводзяць з году ў год з некалькіх прычын: даць моладзі парады па вучобе, жыцці студэнта і працы старасты, праверыць іх у крытычных сітуацыях і, што не меней важна, добра правесці час. Сёлета тэмай «Брыгі» сталі «Магічныя расы». Студэнты большасці факультэтаў БДУ аб’ядналіся ў каманды, каб прадставіць сябе ў ролі цмокаў, зомбі, эльфаў… Падрыхтоўку першакурснікі пачалі яшчэ ў пачатку верасня, а дапамагалі ім у гэтым іх куратары. Для кожнай каманды было некалькі    заданняў: падрыхтаваць песню, та­нец, творчы нумар і відэавізітоўку ў адпаведнасці з «расай», якую іх куратар выцягнуў на лёсаванні. Апроч гэтага кожная каманда павінна была прывезці з сабой талісман. Здзіўляла вынаходлівасць маладых старастаў. Дэманы зачароўвалі сваімі велізарнымі чорнымі рагамі з пенапласту, зомбі – незвычайным грымам, а чараўнікі – файнымі налепкамі. Хтосьці пастараўся больш, хтосьці менш, але ў выніку ўсе годна прадставілі свае фа­культэты.
Дарэчы, сёлета пераможцамі была названа каманда «Зомбі» біялагічнага і фізічнага факультэтаў. Дзеці пацешылі ўсіх не толькі сваім творчым нумарам і песняй, але і    ўзрушальнымі індывідуальнымі воб­­разамі. Зомбі атрымалася на­­па­лохаць усіх: і ўдзельнікаў форуму, і арганізатараў, і нават некаторых су­працоўнікаў. Акрамя таго яны годна выявілі сябе і на секцыях. Журы справядліва ацанілі іх старанні.Акрамя творчай часткі была і адукацыйная. Старасты першага курса прайшлі восем секцый, на якіх ім давалі парады па тайм-менеджменце, вучылі весці дыялог з супрацоўнікамі ўніверсітэта і нават распавядалі, як не баяцца сцэны. Штогод самай запамінальнай сек­цыяй з’яўляецца ролевая гульня «Барацьба характараў». Студэнтам даецца магчымасць вырашыць некалькі сітуацый, якія маглі б адбыцца з імі ў жыцці. І не кожнаму такое па сілах!

«Для мяне гэта ўсё як вялікая казка. Тры дні праляцелі проста імгненна, хоць здаецца, толькі быў першы збор, – дзеліцца сваімі ўражаннямі студэнтка першага курса Інстытута журналістыкі Аляксандра Адамашка. – Мая каманда стала мне сапраўднай сям’ёй. Вярнуцца б назад і перажыць усё гэта зноў!»
Таксама адукацыйны семінар даў магчымасць маладым старастам пазнаёміцца з прадстаўнікамі Студэнцкай асамблеі БДУ і бліжэй пазнаёміцца з рэктарам універсітэта на сустрэчы-дыялогу.Вядома, самай галоўнай падзеяй «Брыганціны» стала першая сустрэча студэнтаў з новым рэк­тарам БДУ Андрэем КАРАЛЁМ. Удзельнікамі сталі каля 250 першакурснікаў. Сустрэча-дыялог доўжы­лася каля дзвюх гадзін. Было зададзена звыш 40 пытанняў, якія тычацца будучыні ўніверсітэта, хобі і захапленняў. Студэнты звярталіся па параду, як правільна арганіза­ваць свой працоўны і навучальны дзень, на якія жыццёвыя каштоўнасці варта арыентавацца ў наш інфармацыйна перанасычаны час.
 
Андрэй Дзмітрыевіч адзначыў: «У чарговы раз пераканаўся, наколькі важна падтрымліваць такі двух­баковы кантакт, калі не толькі студэнты ўдзельнічаюць у жыцці ВНУ, але і яго кіраўніцтва, выкладчыкі ў сваю чаргу паглыбляюцца  ў інтарэсы маладых людзей. Гэта дазваляе найлепш зразумець, якія чаканні яны звязваюць з універсітэтам, і знайсці магчымасць ап­раўдаць іх спадзевы».
 
Карына ГУРЭВІЧ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
 
*Падрабязна пазнаёміцца з гутаркай рэктара са студэнтамі можна на сайце БДУ па ссылцы

Самай галоўнай падзеяй «Школы старастаў» стала першая сустрэча студэнтаў з новым рэк­тарам БДУ Андрэем Каралём

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *