У Славакіі студэнт больш самастойны

19 Jun, 2014.

5

Працягваем знаёміць нашых чытачоў з уражаннямі студэнтаў, удзельнікамі розных адукацыйных праграм, ад навучання за мяжой. Гэтым разам прапануем займальнаую гутарку з студэнткай геафака Нінай Літвінкай, якая праходзіла стажыроўку у Славацкай Рэспубліцы.

Добры дзень, Ніна. Вы ў нашым праекце першая дзяўчына. Вельмі гэтаму рады.
Калі дазволіце, пачнём інтэрв’ю з нестандартнага пытання: вы шчаслівыя?

Адказ: Добры дзень! Вядома, ТАК! “Шчасце – гэта калі цябе разумеюць!” Як ні банальна, але такая мая формула. Такіх людзей няшмат, але яны ёсць. А яшчэ ёсць тыя, хто спрабуе гэта зрабіць, і пасля зносін з імі я пачынаю лепш разумець саму сябе.

Як думаеце, хто з ахвотных прайсці стажыроўку зможа хутчэй патрапіць за мяжу? Якімі якасцямі павінен валодаць гэты чалавек?

Адказ: Ахвотных з’ехаць хоць на некаторы час заўсёды было і будзе досыць. Многім падаецца, што “там” цікавей, больш магчымасцяў, адным словам – лепш. Але, каб жаданне ажыццявілася, трэба не проста нешта рабіць, а ХАЦЕЦЬ САПРАЎДЫ. Большасць апускае рукі альбо ў працэсе афармлення дакументаў, альбо пасля першага адмоўнага адказу на заяўку. На гэтую тэму можна вельмі шмат гаварыць. А рысы чалавека вылучу такія: матывацыя (ёсць мэта і я да яе іду!), цярпенне (трэба быць гатовым да доўгага пошуку праграмы, а потым і да запаўнення дакументаў) і ўменне правільна паднесці свае вартасці (а чаму менавіта цябе павінны вылучыць?).

4

Напэўна, гэтыя якасці ўласцівыя Вам!

Адказ: Раз усё атрымалася, то, відаць, уласцівыя.

Распавядзіце, у якой краіне Вы праходзілі стажыроўку і як называецца праграма.

Адказ: Я праходзіла стажыроўку ў рамках Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы Славацкай Рэспублікі (НСП) на кафедры геаграфіі і прыкладной геаінфарматыкі факультэта гуманітарных і прародазнаўчых навук Прэшаўскага ўніверсітэта.

Давайце пяройдзем да лічбаў, наколькі лёгка было з’ехаць (па 10-бальнай шкале)? Ці быў конкурс, і колькі месцаў было вылучана?
(тут трохі пра ўдзельнікаў, ці толькі студэнты БДУ, як адбіралі, як доўга чакалі адказ)

Адказ: На гэтае пытанне цяжка адказаць адназначна. Праграма арыентаваная на 4 катэгорыі ўдзельнікаў з еўрапейскіх краін, членаў СНД і некаторых іншых – гэта студэнты, аспіранты, навуковыя супрацоўнікі і выкладчыкі ВНУ. На сайце не было інфармацыі пра колькасць стыпендый. Першы адказ ад каардынатара я атрымала праз 1,5 месяца пасля заканчэння прыёму заявак. Напрыклад, прыкладна з 30 кандыдатур студэнтаў было вылучана толькі 8, з Беларусі ў іх ліку я была адзіная. Таму са свайго досведу “лёгкасць” я магу ацаніць у 7 балаў: не патрэбныя былі моўныя сертыфікаты, дакументы можна падаваць на рускай мове (хоць для надзейнасці я ўсё перакладала на англійскую).

Як Вы даведаліся пра стажыроўку?

Адказ: На курс старэйшыя знаёмыя ездзілі ў Славакію троху больш за год назад па НСП. А потым пра такую магчымасць нагадала Кацярына Анатольеўна Анціпава, адна з найлепшых выкладчыц на нашым факультэце (заўв. – загадчыца кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геаграфічнага факультэта). Таму і я вырашыла паспрабаваць.

2

Курс мае значэнне? Можа, нешта яшчэ можна адзначыць пры вылучэнні крытэрыяў як асноўных для вучобы за мяжой?

Адказ: У НСП могуць удзельнічаць студэнты другой ступені вышэйшай адукацыі, г. зн.  для ўмоў нашай краіны – 5 курс і магістранты. Таксама хочацца падкрэсліць асноўную ўмову праграмы – наяўнасць запрашэння на стажыроўку са славацкай ВНУ. Калі няма кантакту паміж універсітэтамі ў абедзвюх краінах, то атрымаць станоўчы адказ будзе даволі складана.

Ці былі ў Вас непрадбачаныя акалічнасці, форс-мажоры, або ўсё прайшло гладка ад пачатку да канца (у Беларусі і ў Славакіі)? Ад чаго можаце перасцерагчы іншых?

Адказ: Тут два моманты. Першы — у дакументах абавязкова трэба выразна прапісваць курс навучання! У Славакіі двухузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі: 3 гады бакалаўрыят і 2 гады магістратуры. У свой час ад каардынатара праграмы мне прыйшоў ліст, што я магу паехаць толькі ў тым выпадку, калі тэма стажыроўкі звязаная з тэмай магістарскай дысертацыі (арганізатары палічылі, што я ўжо магістрант). У выніку я паўторна адпраўляла поштай у Славакію даведку аб навучанні (адзнакі, курс, спецыяльнасць і кваліфікацыя) і заданне на дыпломную працу. Канчатковы станоўчы адказ па электроннай пошце я атрымала толькі праз месяц, калі да майго ад’езду заставалася 2 тыдні. Таму выезд прыйшлося адкласці,  консульства патрабавала друкаваныя арыгіналы запрашэння, якія дайшлі мне па пошце толькі ў пачатку лютага (а ў гэты час я ўжо павінна была быць у Славакіі).
А другое – нават дасканалага ведання англійскай мовы можа не хапіць, далёка не ўсе выкладчыкі добра яго ведаюць. Таму перад паездкай не лішнім будзе адкрыць падручнік славацкай мовы.

Распавядзіце пра выбар краіны. Чым цікавая тая, у якой Вы былі? Што спадабалася, да чаго не змаглі прывыкнуць?

Адказ: Славакія справядліва можа назваць сябе “вялікая маленькая краіна”. Гэта сапраўды так: дзівосная прырода (ад гор і пячор да прыдунайскіх раўнін); вузкія вулачкі і стрэхі хат з чырвонай чарапіцай, мноства замкаў і выдатных гатункаў піва…а яшчэ шыкоўны дух заўзятара, асабліва гэта тычыцца хакея (тут мы падобныя)! У цэлым, славакі вельмі гасцінныя і рэлігійныя, а яшчэ больш прывязаныя да дома. У чацвер пасля абеду ў асноўнай масы студэнтаў заканчваюцца заняткі, і ўвечар горад пусцее, вялікая частка іншагародніх раз’яжджаецца па дамах. У нас такое цяжка прадставіць, і не толькі таму, што плошча Беларусі амаль у 4 разы большая, гэта асаблівасць культуры… Што тычыцца навучання ва ўніверсітэце, то тут, наадварот, студэнт больш самастойны. На парах выкладчык тлумачыць толькі асновы, астатняе ты вывучаеш сам, а калі нешта не зразумела, то існуюць кансультацыйныя гадзіны. У выніку колькасць навучальных гадзін меншая, вялікую частку ведаў ты здабываеш самастойна.

Асноўныя пункты, па якіх павінен дзейнічаць студэнт на стажыроўцы, ад пачатку і да канца.

Адказ: 1. разабрацца з фармальнасцямі ў дакументаў па прыездзе. 2. вызначыць для сябе прыярытэт стажыроўкі – заняткі або напісанне навуковай працы, зыходзячы з гэтага размеркаваць свой час. 3. некалькі раз у тыдзень знаходзіць час для вывучэння замежнай мовы. 4. абавязкова пакінуць нейкі рэзерв часу на падарожжы. 5. у пачатку апошняга месяца стажыроўкі пачаць падрыхтоўку справаздачы і пачынаць рыхтавацца да ад’езду, браць квіткі. Усё даволі проста.

Якую ролю сыграў БДУ ў вашай магчымасці прайсці навучанне замежжам?

Адказ: У першую чаргу БДУ матывуе шукаць такія магчымасці і рэалізоўваць іх. Ты глядзіш на рэальныя прыклады сваіх знаёмых, і сам натхняешся. Думаю, ні ў адным іншым універсітэце Беларусі няма такой колькасці студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у праграмах абмену і розных стажыроўках.

Дзякуй за адказы.

3

 

 На фота:

1.  Спелеалагічнае абследаванне пячоры Pruzhinska dyrna jaskyňa.

 

print

Вам таксама можа спадабацца: