Дзівоснае побач. Супрацоўніцы БДУ распавялі пра крыніцы натхнення і навагоднія традыцыі ў сваіх сем’ях

29 Dec, 2017.

Напярэдадні Новага года мы папрасілі заўважных жанчын нашага ўніверсітэта распавесці:

1. Пра сямейныя традыцыі святкавання Новага года.
2. Што дае ім прыемныя эмоцыі ў асабістым жыцці.
3. Пра свае пажаданні ўніверсітэту.

Людміла Хухлындзіна, начальнік ГУВНМР
1. Новы год для нас – сямейнае свята. Таму і традыцыі звычайныя: ёлка, кот побач з ёлкай. Наш кот – галоўны кантралёр па ёлках, таму калі кату падабаецца, то ёлка атрымалася. Звычайна прыязджаюць і дзеці ўжо са сваімі дзецьмі.
Што да навагодняга стала, то і тут ёсць свае традыцыі. Для сына і мужа гатую аліўе, а другая салата – фруктовая «для гультаяватых»: парэзаць чарнасліў, курагу, арэхі, яблык, апельсіны ці мандарыны, можна вінаград ці разынкі дадаць. Чаму для гультаяватых? А таму, што я не закладваю цэлае ядзерка арэха ў курагу і чарнасліў. Але наогул, я люблю гатаваць што-небудзь новенькае, каб здзівіць блізкіх.
За стол садзімся прыбранымі, імкнучыся адпавядаць тэндэнцыям Новага года. І, вядома, падарункі. Для кожнага свой спецыяльны навагодні мяшэчак. Гэтыя мяшэчкі з падарункамі, як лічыць самае малодшае пакаленне, прыносяць гномікі.
Пасля дванаццаці імкнёмся выйсці на вуліцу. Феерверк запускалі, праўда, толькі аднойчы. З гэтым выдатна справіўся мой брат, які разам з сям’ёй прыязджаў сустракаць Новы год з Масквы.
2. Вандраванні. Вельмі любім падарожнічаць з мужам. З’язджа­ем або ў тур, або на сваёй машыне адпраўляемся ў новыя месцы за межы краіны. «Пляжны адпачынак» – гэта не пра нас. Але адкрываем новыя месцы не толькі падчас адпачынку. Часам у выхадныя дні    адпраўляемся па цікавых месцах у Беларусі.
Падабаецца далучацца і да сту­дэнцкіх груп. На ФМА ёсць энту­зіясты, якія праводзяць такія экскурсіі для студэнтаў. Вельмі цікавы праект «Пазнай Беларусь» рэалі­заваў і наш Саюз жанчын БДУ.
Мы вельмі любім тэатры. У нас так вырашаецца парой і пытанне пра падарункі на якое-небудзь свята ці дзень нараджэння: квіткі ў тэатр ці на канцэрт. Часцей ходзім у оперны тэатр і Тэатр беларускай драматургіі. Сярод канцэртных праграм падабаецца класіка року: Макарэвіч, Грабеншчыкоў, «Чайф» і г. д.
3. Імкнуцца наперад, ставіць новыя адважныя мэты, нават калі здаецца, што яны занадта амбіцыйныя. Але без гэтага не будзе руху. Марце – і хай вашы мары спраўджваюцца.

Наталля Няпеўная, начальнік упраўлення кадраў
1. Насамрэч, у нас ёсць тра­дыцыі, не навагоднія больш, а калядныя. Мы адзначаем Каляды 25 снежня. Я – каталічка. І бацькі ў  мяне каталікі, з заходняй Беларусі, таму мы ўсёй сям’ёй у абавязковым парадку едзем да мамы ў Гродзенскую вобласць. І ў нас насупраць дома ёсць вялікі касцёл, гэта абавязвае. Падарункі мы рыхтуем таксама да Каляд, а не да Новага года. Абавязкова ёлка з цацкамі і штосьці для дзяцей,  таму што адчуванне казкі павінна быць, у першую чаргу менавіта ў малянят. Новы год, як і многія, мы адз­начаем у сямейным коле.
У каталікоў ёсць перадкалядная посная вячэра, завецца «вігілія». Традыцыйна гатуюцца не меней   за 12 посных страў. Абавязкова аплатка, ці святы хлеб. Існуе традыцыя, калі ўся сям’я ад галоўнага чалавека дзеліцца ёй у знак падзякі і яднання сям’і.
А яшчэ напярэдадні Каляд прывозяць у касцёл з Іерусаліма Жыватворны агонь, які мы пераносім у нашы дамы, для таго, каб год быў добрым.
Ёлкі мы аздабляем па-рознаму. Летась мы ў вёсцы ўпрыгожылі ёлку з былога СССР: цукеркі, сушкі, вырабы. Размясцілі з ёй пост у Instagram і Facebook. Было вельмі шмат лайкаў. Дома ў нас звычайна «модная» ёлка. Старэйшая дачка ў мяне дызайнер і любіць, каб усё было густоўна і ў новай навагодняй тэндэнцыі.
За стол, вядома, садзімся прыбранымі. Спаліць цыдулку і попел у шампанскае, долар у руках патрымаць, так, гэта, вядома, ёсць.
2. Самая галоўная мая эмоцыя – гэта мой унук, яму сем месяцаў цяпер. Адгэтуль сілы і чэрпаем. Маленькія дзеткі – гэта вельмі-­вельмі цікава.
Са звычайнага, што дае станоўчыя эмоцыі: гэта любоў да чытання: і навуковай, і мастацкай, і прафесійнай літаратуры. Я вельмі люблю хатнюю ўтульнасць і ўсё, што з ёй звязана, таму ў мяне павінны быць камфортныя ўмовы пражывання і працы па-за работай. І мне важна, каб усе рэчы ляжалі   на сваіх месцах. Люблю вадзіць машыну, у тым ліку адна, таму што гэта і адрэналін, і ў той жа час рэлакс: адцягнуцца ад паўсядзённых думак, паназіраць з акна аўто за прыродай. Люблю ландшафтны дызайн, вышываць люблю і ўмею. Люблю ўсё, што ёсць цікавага ў сац­сетках, інтэрнэце, фільмы, болей савецкія, і, вядома, тэатр. Калі ёсць магчымасць, я імкнуся ха­дзіць на ўсе новыя пастаноўкі ў тэатр імя Янкі Купалы. Любоў да тэатра прышчапіў мне філфак. Калісьці, калі я там вучылася, у нас былі абанементы на ўсе пастаноўкі менавіта ў гэты тэатр. Люблю спорт, у дзяцінстве шмат чаго пераспрабавала. Гляджу па тэлевізары з задавальненнем. Асабліва фігурнае катанне.
3. Для мяне ўніверсітэт у жыцці вельмі шмат значыць, і вельмі многае даў. Я хачу пажадаць універсітэту быць маладым, энергічным і натхнёным. У нас працуе вельмі шмат унікальных людзей. І я імкнуся ў працы, каб мой погляд «не замыліўся» і яны не сталі для мяне адной вялікай масай. Любы чалавек на любой пасадзе ў любым статусе для мяне мае значэнне. Гэта асоба, гэта персона, гэта капітал нашай арганізацыі. Я хачу, каб універсітэт, даючы магчымасць нашым працаўнікам рэалізоўваць свае праекты і ідэі, яшчэ больш паспяхова развіваўся, таму што  патэнцыял у нас велізарны. І самае галоўнае, каб не толькі ў краіне, але і ва ўніверсітэце быў мір. Каб не было канфліктаў у калектывах, паміж падраздзяленнямі. І з гэтымі людзьмі павінна шмат чаго атрымацца.
А кожнаму з вас напярэдадні навагодніх святаў мне хочацца працытаваць Марка Твэна: «Праз 20 гадоў вы будзеце больш шкада­ваць пра тое, чаго не зрабілі, чым пра тое, што зрабілі». Таму адкіньце сумневы. Плывіце прэч ад бяспечнай гавані. Лавіце спадарожны вецер сваімі ветразямі. Даследуйце. Марце. Адкрывайце.

Ірына Антаневіч, начальнік ГУПЭІД
1. Новы год праводжу дома, сустракаю дома з сям’ёй: з мамамі, дачкой і ўнукам. Ёлку ставіць муж, загадзя, 25 чысла, і потым пасля старога Новага года прыбірае. Упрыгожваю яе я. У нас падзел працы. З улюбёных страў – можа, смешна – але гэта аліўе. Таму што я вельмі практычная і люблю лаканічныя стравы. За стол мы, вядома ж, прыбіраемся, і ёсць у мяне такая традыцыя: перад Новым годам я купляю свечку – знак наступнага года, і ў навагоднюю ноч я спальваю свечку, якая ў мяне стаяла цэлы год – знак года, які сыхо­дзіць. Часам у навагоднюю ноч  ідзём на ёлку на вуліцу, якая ў нас побач.
2. Зараз я чэрпаю сілы ў сваім унуку. Ён у мяне выдатны. Вельмі люблю кнігі чытаць і КВЗ пагля­дзець. З КВЗ я адпачываю, атрым­ліваю станоўчыя эмоцыі.
3. Я жадаю ўніверсітэту толькі росквіту. Каб мы заўсёды ішлі заўсёды наперад, не азіраліся назад, і каб універсітэт заставаўся і маладым і ў той жа час сталым, вопытным, дасведчаным. А гэта даюць людзі. Шчасця Вам, здароўя і развіцця.

Таццяна Каўшэвіч, начальнік ГУБУіФ
1. Новы год традыцыйна сус­тракаю ў коле сям’і, і гэта не проста святочны стол з абавязковым аліўе і мандарынамі. Штогод мы ставім хатні навагодні спектакль-квэст, дзе рэжысёрам і майстрам па касцюмах выступаем мы з унучкай. Сцэнарый і касцюмы прадумваюцца загадзя. Удзельнікі сям’і выступаюць у ролі сесійных акцёраў, якія ніколі не ведаюць, што за спектакль і чым ён скончыцца. Гэта заўсёды весела і цікава.
2. Вельмі люблю чытаць, пры­чым кнігі разнапланавыя. Кнігі дапамагаюць адпачыць мозгу ад бухгалтарскага ўліку, які падобны да матэматыкі, патрабуе выразнасці і канкрэтыкі ў дзеянні.
І яшчэ падабаецца оперны тэатр. Заўсёды вадзіла сваіх дзяцей туды і цяпер імкнуся хадзіць з унучкай. Вельмі працяглы час мы з дзецьмі 31 снежня хадзілі на «Лебядзінае возера». Спадзяюся, што неўзабаве гэта традыцыя адновіцца.
3. Не за гарамі чараўніцтва Каляд і Новага года. Хай надыхо­дзячы год будзе для вас паспяховым, а праца будзе вам у задавальненне, хай прыносіць радасць, задавальненне і новыя прафесійныя дасягненні. Хай побач з вамі заўсёды будуць вашы родныя і блізкія людзі, адданыя сябры.
Новы год звычайна звязваюць з надзеямі на лепшае, таму хай усё добрае, што цешыла вас у годзе, які сыходзіць, абавязкова знойдзе працяг у годзе наступным. Хай жыццё ў Новым годзе будзе яркім, шматспадзеўным і шчодрым. Выдатнага настрою, шмат шчаслівых дзён у годзе і, вядома, фінансавай стабільнасці.
Здароўя і шчасця ўсім у Новым годзе!

Ірына КАЗАКОВА, старшыня ГА «Саюз жанчын БДУ»
1. Колькі я сябе памятаю, з ранняга дзяцінства, гэта свята заў­сё­ды заставалася сямейным. Пакуль была дачка маленькая і бацькі, мы заўсёды збіраліся ў нас дома. Цяпер, на жаль, бацькоў няма, але закла­дзе­ныя імі традыцыі захоў­ваюцца. Пры­ходзіць дарослая ўжо дачка, могуць прыехаць яшчэ сва­які, блізкія сябры.
На стале ў нас заўсёды ёсць хатняя выпечка: пірог ці пірагі, торт ці якая-небудзь экзатычная запечаная страва. Рэцэпты яблычнага пірага і самага смачнага торта  «Напалеон» перадаюцца ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне. Традыцыйна ў славян на ўсе святы і, вядома ж, на Новы год павінны быць пірагі. Добра пад Новы год запальваць свечкі. Гэты маленькі агеньчык спаліць усё дрэннае, усе беды і нягоды. Усе ў нашай сям’і   перад навагоднім застоллем ап­ра­наюцца святочна. Існуе тра­ды­цыя: у Новы год трэба апрануць тры    новыя рэчы, пажадана ў коле­ры  года, і тады жаданні выканаюцца.
2. Трэба любіць жыццё, шана­ваць кожнае імгненне, правільна расстаўляць прыярытэты і разу­мець, што само чалавечае жыццё і здароўе – гэта і ёсць самае галоўнае. Ну, а адно з самых улюбёных маіх захапленняў – гэта вандраванні, знаёмства з іншымі краінамі, культурамі, традыцыямі, выбітнасцямі. Гэта той багаж, які застаецца з табой на ўсё жыццё. І я ўсім жадаю выдатных, яркіх уражанняў.
3. Усёй універсітэцкай супольнасці я жадаю здароўя, кахання, гармоніі, шчасця і даўгалецця. Я ўжо амаль 35 гадоў ва ўніверсітэце, і для мяне ён – таксама родны дом. Мы выхоўваем будучую інтэ­лігенцыю нацыі. Мне б хацелася, каб кожны гэта ўсведамляў і каб наш універсітэт стаў найлепшым універсітэтам у свеце. Можа, гэта гучыць злёгку пафасна, але трэба ставіць высокія мэты і імкнуцца іх дасягаць. З Новым годам, БДУ!

Жанна Варанкевіч, дырэктар РУП “Камбінат грамадскага харчавання БДУ”
1. Традыцыйна, як заўсёды, елка і падарункі. Елку ўрачыста аздабляем разам з унукам. Для нас гэта радасны момант, пачатак навагодняга цуду. Я сама з Гродзенскай вобласці, і ў мяне ад бабулі засталося шмат навагодніх цацак. І калі мы вешаем іх на елку, дабро і цяпло перадаюцца ўсёй сям’і.
На новы год я імкнуся гатаваць лёгкія стравы, ноч усё-такі. Вельмі люблю рыбу і агародніну. Ну і які ж Новы год без мандарынаў. Плюс традыцыйныя стравы: аліўе як аліўе, але селядзец пад футрам, чамусьці, мы любім.
Ёсць у нас і традыцыя цыдулку спальваць, попел кідаць у шампанскае і выпіваць яго. Бо стары год сыходзіць, і мы ацэньваем яго, узважваем, што так было, што не так. І хочацца пакінуць дрэннае ззаду і верыць толькі ў найлепшае.
Вядома, і з сябрамі сустракаемся, але ўжо першага чысла, а ў сам Новы год, пасля дванаццаці, выходзім на вуліцу і ідзём да елкі ў сваім раёне.
2. Я бяру сілы з пазітыву. Вельмі важна добра ставіцца да людзей і рабіць дабро, любіць сябе і ствараць такую аўру вакол, каб да цябе таксама цягнуліся пазітыўныя, добрыя людзі. І калі вы адзін аднаго разумееце і чэрпаеце адзін ад аднаго станоўчыя эмоцыі, то гэта, вядома ж, запальвае. Многае дае сям’я, дзеці, унук. Важна, каб усе вакол былі здаровыя, і на працы, і ўсюды ўсё было добра, гэта акрыляе. Наогул, жанчына павінна падабацца сабе: ты разумная, адукаваная, арганізаваная, за табой людзі, яны табе вераць і давяраюць, вось табе твая ўпэўненасць і пазітыў. Я люблю і тэатры, і цырк. Але не заўсёды хапае часу на ўсё. Але больш за ўсё мне хочацца бываць на прыродзе. З’ехаць да сябе на сялібу на Гродзеншчыну і займацца кветкамі і дызайнам. Добра адпачываю дзякуючы гэтаму.
 3. Я хачу пажадаць усім нашым супрацоўнікам дастатку, здароўя, росквіту, поспехаў, пазітыву і развіцця.
А ўніверсітэту – крэатыўных рашэнняў, новых задач, дасягнення сваіх мэт. А таксама, надзейных супрацоўнікаў, згуртаванасці калектыву і наватарства. Таму што толькі адзінай сям’ёй можна ствараць маштабныя праекты і выхоўваць пакаленне, годнае наша краіны!

Падрыхтавала
Таццяна БАГАМАЗАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: