Выбіраюць БДУ. Падведзены вынікі прыёму замежных студэнтаў

3 Jan, 2018.

Папулярнасць універсітэта сярод прадстаўнікоў іншых дзяржаў прыкметна ўзрастае. У БДУ стала вядомай колькасць залічаных замежных грамадзян на падрыхтоўчае аддзяленне, I і II ступені вышэйшай адукацыі, аспірантуру. Дапамог разабрацца ў гэтых лічбах Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ, дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ.

Агульная колькасць
залічаных у БДУ
На 30 лістапада вынікі прыёму замежных грамадзян сведчаць, што паказчыкі выраслі ў параўнанні з мінулым годам. На I ступень атрымання вышэйшай адукацыі прынята 460 замежных грамадзян (у 2016 – 322), на 2 ступень – 190 (у 2016 – 207), у аспірантуру – 38 (у 2016 – 22), у юрыдычны каледж – 3 (у 2016 – 1), на падрыхтоўчае аддзяленне ФДА – 266 (у 2016 – 227).
Акрамя гэтага былі прыняты на ўключанае навучанне 64 студэнты на старэйшыя курсы па такіх аду­кацыйных праграмах, як «Эразмус» (35 у 2016), а менавіта: на філфак – 28, ФМА – 12, ІБМТ – 12, фізфак – 12 студэнтаў.
У агульны падлік яшчэ ўключаецца тая колькасць замежных грамадзян, якія паступалі на такіх жа ўмовах, як і беларусы. З улікам дадатковых адукацыйных паслуг (стажыроўкі, моўныя курсы, летняя школа рускай мовы, павышэнне кваліфікацыі) БДУ выходзіць на паказчык 1197 замежных грамадзян (гэта на 165 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года).
Як адзначае Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў, прыкметны рост паступлення замежных грамадзян у БДУ звязаны з развіццём сумесных адукацыйных праграм з замежнымі партнёрамі, чаму наш універсітэт надае вялікую ўвагу на працягу апошніх 5 гадоў. Апроч гэтага, 2/3 выпускнікоў падрыхтоўчага аддзялення ў далейшым складаюць кантынгент нашага ўніверсітэта.
З якіх краін да нас прыязджа­юць? Калі казаць пра лічбы ў разрэзе краін (вышэйшая адукацыя і аспірантура), то маем наступныя дадзеныя: з Кітая – 400 студэнтаў (на 128 больш, чым у 2016), з Туркменістана – 110 (больш на 6 чалавек, чым у 2016), з Таджыкістана – 44 (больш на 37 чалавек, чым у 2016). А яшчэ гэта прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана. Увогуле, геаграфія прадстаўлена сёлета 22 краінамі. А ва ўсім універсітэце на дадзены момант навучаюцца студэнты з 50 краін.
– У адпаведнасці з дзейнымі правіламі прыёму замежных грамадзян на I і II ступені ажыццяў­ляецца па выніках сумоўя па мове навучання, гэта значыць па рускай мове, – кажа Вячаслаў Міхайлавіч. – На творчыя спецыяльнасці праходзіць сумоўе з удзелам прадстаўнікоў адпаведных факультэтаў. А на I ступень выпускнікі падрых­тоўчага аддзялення залічваюцца без дадатковага сумоўя на пад­ставе пасведчання пра заканчэнне падрыхтоўчага аддзялення.

У разрэзе факультэтаў
Якім жа факультэтам аддаюць перавагу замежнікі? У тройку лідараў па платнай форме (I і II ступені вышэйшай адукацыі і аспірантура) увайшлі эканамічны факультэт – 148 студэнтаў (у 2016 – 110), фа­культэт міжнародных адносін – 107 (у 2016 – 131) і філалагічны факультэт – 108 (у 2016 – 99). За імі ідуць юрыдычны факультэт,  Інстытут журналістыкі, МДЭІ імя    А. Д. Сахарава, ФПМІ, механіка- матэматычны факультэт і ІБМТ.
Сярод замежных студэнтаў I сту­пені атрымання вышэйшай аду­кацыі 191 чалавек (гэта 42 % ад агульнай колькасці) быў залічаны па сумесных адукацыйных праграмах (у 2016 – 58). У прыватнасці:
– 43 студэнты Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта (ТНУ), якія навучаюцца па адукацыйных праграмах Інстытута тэхналогій БДУ–ТНУ, залічаны на 2 і 3 курс дзённай формы навучання на спецыяльнасці ФПМІ «Прыкладная  ма­тэ­матыка» і «Камп’ютарная бяспека», механіка-матэматычнага фа­культэта «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі» і МДЭІ імя А. Д. Сахарава «Медыка-біялагічная справа».
– 30 студэнтаў залічана на 1 курс завочнай формы навучання ў Армянскі філіял МДЭІ імя А. Д.  Сахарава на спецыяльнасць «Ме­дыцынская экалогія». Навучанне вядзецца на англійскай мове.
У гэтым пераліку прадстаўлены  і кітайскія ўніверсітэты:
– 22 студэнты Чэндускага інстытута Сычуанскага ўніверсітэта замежных моў залічаныя на 3 курс дзённай формы навучання на    спецыяльнасць «Руская філалогія» філа­лагічнага факультэта.
– 15 студэнтаў Хэнанскага ўніверсітэта залічаныя на 3 курс дзённай формы навучання на спецыяльнасць «Журналістыка (аўдыявізуальная)». Плануецца, што з гэ­тым універсітэтам у далейшым  будзе рэалізавана навучанне і ў магістратуры.
– 79 кітайскіх студэнтаў залічаны на 1 курс дзённай формы навучання ў сумесны інстытут з  Далянскім політэхнічным універсітэтам на спецыяльнасць «Фізіка» і «Механіка і матэматычнае мадэ­ляванне». Акрамя гэтага варта  вылучыць, што навучанне зараз вядзецца ў Кітаі па адукацыйных стандартах БДУ і з удзелам нашых выкладчыкаў. Працоўная мова – англійская. Студэнты змогуць пасля выпуску атрымаць два дып­ло­мы. Гэты праект стартаваў сёлета, а ў яго рэалізацыі задзейнічаны фізфак і мехмат.
– Па сумесных адукацыйных праграмах з ТНУ, Сычуанскім уні­версітэтам, Універсітэтам Хэнань навучальныя планы выбудаваны  па схеме «2+2» ці «2+1+2», – каментуе Вячаслаў Міхайлавіч. – Гэта значыць, што першыя два гады вядзецца навучанне на радзіме ў адпаведнасці з узгодненымі з намі навучальнымі планамі, а затым сту­дэнты прыязджаюць у БДУ на  3 курс. Умовы прыёму на 3 курс – гэта паспяховае праходжанне на­вучання на сваёй радзіме і валоданне рускай мовай. А ў каго недастатковы ўзровень ведання мовы, той праводзіць дадатковы год на падрыхтоўчым аддзяленні.

На такіх жа ўмовах,
як і беларусы
Паводле правіл прыёму, грама­дзяне Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан маюць права ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах, прадугледжа­ных для беларускіх грамадзян. Таму прадстаўнікі гэтых краін так­сама здаюць цэнтралізаванае тэс­ціраванне, праходзяць уступныя іспыты. Варта адзначыць, што на факультэце даўніверсітэцкай аду­кацыі некаторыя з іх прахо­дзяць падрыхтоўку да здачы ЦТ.
Па міждзяржаўных дамовах без іспытаў могуць быць залічаны і  грамадзяне іншых дзяржаў, такіх як Літва, Латвія, Малдова, Польшча.
Што да колькасці, то праз сіс­тэму ўступных выпрабаванняў было прынята ў 2017 году 87 чалавек на I ступень (у мінулы перыяд – 85), а на II ступень – 34 (у мінулы перыяд – 12). Найбольшая коль­касць зацікаўленых у вучобе ў БДУ прыбыла з Расійскай Федэ­рацыі: 59 грамадзян на I ступень і 20 на II ступень.
Гэтыя лічбы ў некаторай ступені паўплывалі на невялікае памян­шэнне тых, хто паступіў на платную форму магістратуры: было залічана 190 слухачоў, што толькі на 17 чалавек менш, чым летась.
– Апошнія гады праводзілася работа па выпрацоўцы новай мадэлі і новых стандартаў магістратуры, якая з гэтага навучальнага года рэалізуецца, як правіла, па двухгадовым навучальным плане. Выбудаваная мадэль магістратуры адпавядае міжнародным адукацыйным стандартам, што дазваляе  болей выразна весці інфарма­цый­ную працу сярод партнёраў БДУ і замежных студэнтаў, – распавёў Вячаслаў Міхайлавіч.
Магістратура БДУ будуецца па дзвюх мадэлях: навукова-арыен­таваная і практыка-арыентаваная. Таксама рост колькасці тых, хто паступае ў аспірантуру – гэта вынік паспяховага пераадолення  II ступені.

Планы і перспектывы
Прыём замежных грамадзян працягваецца. На працягу ўсяго года ідзе прыём у магістратуру, набіраюцца групы падрыхтоўчага аддзялення, а пасля новага года пачнец­ца прыём на курсы рускай мовы і  ў летнюю школу рускай мовы. У летняй школе ў 2017 годзе навучалася 82 чалавекі (у 2016 – 62). Летняя школа з’яўляецца досыць папулярнай, большасць яе слухачоў працягваюць у далейшым наву­чанне ва ўніверсітэце па праграмах I ступені або магістратуры.
– Думаю, для ўніверсітэта будзе цікавае далейшае развіццё партнёрскіх адносін з постсавецкімі краінамі, улічваючы тое, што до­сыць блізкія сістэмы вышэйшай адукацыі, напрыклад, у такіх дзяржавах, як Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, Узбекістан, Азербайджан. Адпаведна тут можна чакаць больш актыўнай працы па рэалі­зацыі сумесных адукацыйных праграм, якія з’яўляюцца найбольш эфектыўным напрамкам па пры­цягненні замежных студэнтаў, – дзеліцца Вячаслаў Міхайлавіч. Таксама дэкан ФДА адзначае, што хуткім часам дадуць вынік сумесныя магістарскія праграмы. «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі» з Тэхнічным універсітэтам Мітвайда (Германія) – адна з такіх добра рэалізоўваных праграм:
– З нашага боку ў ёй удзельнічаюць эканамічны і факультэт міжнародных адносін. Гэта англамоўная праграма з выдачай двух дыпломаў рэалізуецца ўжо другі год. Такога роду сумесныя магістарскія праграмы могуць быць досыць цікавымі для нашых еўрапейскіх партнёраў, улічваючы, што ў нашага ўніверсітэта ёсць досыць трывалыя навуковыя сувязі з еўрапейскімі ўніверсітэтамі.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *