БДУ ўводзіць рэйтынг ацэнкі выкладчыкаў. Ад сістэмы крытэрыяў да інструмента рэалізацыі стратэгічнага развіцця

4 Jan, 2018.

Новы год у нашым універсітэце пачнецца з якасных змен: у БДУ распачнецца паступовае ўкараненне рэйтынгавай сістэмы дадатковага стымулявання работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Пра працэс распрацоўкі сістэмы, яе асноўныя крытэрыі і ўплыў на далейшае развіццё нашага ўніверсітэта распавёў Юрый ВАРАТНІЦКІ, старшыня нядаўна створанага савета па лічбавай трансфармацыі.

– Юрый Іосіфавіч, на­колькі пытанне ўвядзення рэйтынгавай сістэмы ап­латы працы ПВС з’я­­ў­ля­ец-ца актуальным для БДУ?
– Для нас сёння гэта пы­танне прынцыповае і стра­тэ­гічнае па шэрагу фактараў. Па-першае, усім работнікам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу неабходна даць пэўныя арыенціры галоўных напрамкаў развіцця ўніверсітэта. Любая сістэма ацэнкі працы так ці інакш арыентуе на дзейнасць у напрамках, якія важныя для ўніверсітэта на сучасным этапе яго развіцця. Па-другое, для таго, каб дамагчыся павышэння якасці адукацыйнага працэсу ў цэлым, неабходна дасягнуць эфектыўнай і якаснай працы кожна­га выкладчыка. Для гэтага зноў жа неабходная сіс­тэма стымулявання эфектыўнай і якаснай працы, трэба даць людзям магчымасць супас­таўляць іх уласную працу з той працай, якую праводзяць калегі, гэта значыць патрэбная шкала ацэнкі, і рэйтынгавая сістэма яе дае. Па-трэцяе, распрацоўваючы канцэпцыю рэйтынгавай сістэмы, мы вырашалі адразу дзве задачы: тыя крытэрыі, якія выпрацаваны на сёння, будуць працаваць не толькі на рэйтынг, але і, дапоўненыя адзнакамі кафедраў і дэканатаў, актуалізуюць дзейныя крытэрыі прызначэння павышэння тарыфнага акладу выкладчыка.
– Як адбываецца працэс распрацоўкі рэйтынгавай сістэмы? Якія спецыялісты далучаны да гэ­тага маштабнага праекта?
– Для распрацоўкі рэйтынгавай сістэмы загадам рэктара была сфарміравана працоўная група, у якую ўвайшлі: прарэктар па вучэбнай рабоце, началь­нік ГУВНМР, адзін дэкан і два загадчыкі кафедраў. Працу групы курыраваў першы прарэктар Алег Івашкевіч, і галоўнай задачай было распрацаваць Канцэпцыю рэйтынгавай сістэмы дадатковага стымулявання работнікаў БДУ з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Пасля таго, як былі распрацаваны асноўныя палажэнні гэтай канцэпцыі, яна абмяркоўвалася спачатку на рэктараце, а затым на пашы­раным рэктараце разам з дэканамі. Пасля гэтага даць свае заўвагі было прапанавана факуль­тэтам. Працоўная група іх улічыла, і новы варыянт канцэпцыі быў ізноў вынесены на пасяджэнне рэктарата. Зараз з канцэпцыяй можа пазна­ёміцца  і абмеркаваць яе ўвесь калектыў універсітэта: яна апублікавана на ўнутраным сайце БДУ. Пасля прыняцця канцэпцыі будзе распрацавана Палажэнне пра дадатковае стымуляванне на аснове рэйтынгавых адзнак, у якім будуць адлюстраваны не толькі самі крытэрыі вызначэння рэйтынгу, але і вагавыя каэфіцыенты, па сутнасці, бальныя адзнакі   па кожным крытэрыі. Гэты працэс досыць складаны,   ён патрабуе мадэлявання наступстваў увядзення тых ці іншых балаў за кожны крытэрый, таму да яго працоўная група ставіцца вель­мі адказна, і самі гэтыя балы з’явяцца, я думаю, толькі ў студзені.
– Распавядзіце пра прынцыпы і крытэрыі, па­кладзеныя ў аснову рэйтынгавай сістэмы. Як суадносіцца змест рэйтынгу са стратэгічнымі напрамкамі развіцця нашага ўніверсітэта?
– У канцэпцыі сказана, што адной з асноўных мэт увядзення рэйтынгавай сіс­тэмы з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі, адпаведна,  і павышэнне канкурэнта­здольнасці ўніверсітэта. Зыходзячы з гэтага, будава­лася сістэма рэйтынгавых адзнак. Калі казаць пра навучальную працу, то тут над адзнакамі традыцыйных напрамкаў працы (правя­дзенне аўдыторных заняткаў, распрацоўка новых на­вучальна-метадычных матэрыялаў) пераважаюць тыя крытэрыі, якія арыентуюць на мадэрнізацыю мэт, зместу і тэхналогій адукацыйнага працэсу. Тут гаворка ў першую чаргу ідзе пра тое, каб стымуляваць выкладчыкаў выкарыстоўваць інтэрактыў­ныя методыкі і тэхналогіі, укараняць у навучальны  працэс праблемнае, развіц­цёвае, эўрыстычнае навучанне, тэхналогіі, якія ары­ентаваны на творчую самарэалізацыю навучэнцаў, на стварэнне імі ўласнага адукацыйнага прадукту. Гэта вельмі важна з пункту гледжання мадэрнізацыі аду­кацыйнага працэсу, які павінен быць павернуты тварам да навучэнца. Мы павінны разглядаць навучэнцаў нароўні з працадаўцамі і ін­шымі суб’ектамі, што ўдзель­нічаюць у адукацыйным   працэсе, па сутнасці, як замоўцаў адукацыйных паслуг.
У нас цяпер вельмі розныя студэнты, мы ўвай­шлі ў эпоху ўсеагульнай вышэйшай адукацыі, і вось у гэтых умовах наша задача – не страціць лідарскія пазіцыі, даць магчымасць развівацца студэнтам з самай рознай пачатковай падрыхтоўкай, пры гэтым  не страціць самых таленавітых. Таму цяпер з’яўля­ецца прынцыповым выка­рыс­танне метадаў і тэхналогій, арыентаваных на сама­рэалізацыю студэнтаў.
Мы прапануем высока ацэньваць удзел выкладчыкаў у распрацоўцы навучальна-метадычнай дакументацыі, адукацыйных стандартаў, тыпавых наву­чальных планаў і праграм, у якія ўбудавана выкарыстанне падобных сістэм і тэхналогій. Яшчэ адна форма – гэта правядзенне прамеж­кавай і выніковай атэстацыі, залікаў і іспытаў не ў тра­дыцыйнай форме: білеты з пытаннямі і адказы – а ў форме творчых даследчых заданняў, якія студэнт можа атрымліваць загадзя, за дзень-два да іспыту, рыхтуе яго і на іспыце абараняе. Таксама высока будзе ацэнь­вацца кіраўніцтва тымі дыпломнымі працамі, якія часткова апублікаваны або размешчаны ў электроннай бібліятэцы БДУ.
Другі напрамак развіцця – гэта канкурэнтаздоль­насць нашай адукацыі на міжнародных рынках. Рэйтынгавая сістэма будзе сты­муляваць працу з замежнымі студэнтамі, прыцягненне іх на кафедры і факультэты. Высока будзе ацэньвацца праца з замежнымі навучэнцамі па напісанні дыпломных  і магістарскіх прац, правя­дзенне заняткаў на замежнай мове, чытанне лекцый за мяжой, удзел у адукацыйных праграмах прамога міжуні­версітэцкага супрацоў­ніцт­ва. Да нас па пэўных адукацыйных праграмах прыязджаюць цэлыя групы замежных студэнтаў, і праца з імі павінна таксама адпаведным чынам ацэньвацца.
Трэці напрамак, калі ка­заць пра навучальную працу, – гэта арыентацыя на працадаўца. Мы прыцягваем сту­дэнта ва ўніверсітэт, вучым яго – і павінны размерка­ваць, таму высока ацэньваецца прафарыентацыйная праца, а таксама кіраўніцтва дыпломнымі працамі па тэматыцы, якая замоўлена патэнцыйнымі працадаўцамі.
Што да навукова-дас­ледчай працы, то тут таксама можна вылучыць некаль­кі асноўных напрамкаў. Першы – падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі, кі­раўніцтва абароненымі кан­дыдацкімі і доктарскімі дысертацыямі, у тым ліку вы­сока ацэньваецца кіраўніцт­ва працамі, абароненымі ў тэрмін, напісанымі замежнымі аспірантамі. Другі – навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія працы, у першую чаргу фінансава­ныя, якія дазваляюць прынесці сродкі ўніверсітэту і павялічыць заработную плату тым, хто іх выконвае. Трэці напрамак паказвае навуковы патэнцыял выкладчыка – гэта публікацыі. Асноўным крытэрыем тут з’яўляецца не столькі лік публікацый,  колькі іх выніковасць, гэта значыць тое, як яны цыту­юцца. У рэйтынгавай сістэме выкарыстоўваюцца два асноўныя індэксы цытавання: Хірша ў Scopus і H-індэкс у Google Scholar. І яшчэ адзін важны складнік дзейнасці выкладчыка, якая адлюстравана ў рэйтынгу, – арганізацыйная і выхаваўчая работа.
Трэба мець на ўвазе, што агульныя крытэрыі выка­рыс­тоўваюцца і для вызначэння рэйтынгу, і для прызначэння павышэння тарыфнага ак­ладу. Дык вось, для прызна­чэння ПТА да балаў рэйтынгу дадаюцца яшчэ балы, пры­значаныя дэканатамі і кафедрамі за тыя віды прац, якія немагчыма ўлічыць у фіксаваных паказчыках сіс­тэмы. А рэйтынг вызначаецца на падставе аб’ек­тыўных паказчыкаў, якія, як я адзначыў вышэй, адпавядаюць стратэгічным напрамкам развіцця ўніверсітэта.
– Што ўяўляе сабой працэс кантролю выканання рэйтынгавых паказчыкаў? Наколькі празрыста і адкрыта будзе вызначацца рэйтынг выкладчыка?
– Укараненне рэйтынгавай сістэмы цягне за сабой мадэрнізацыю працэсаў вядзення індывідуальных планаў выкладчыкаў і іншай навучальна-метадычнай дакументацыі, справаздачнасці. Значная частка гэтай працы пераводзіцца ў электронную форму, гэта зна­чыць мяркуецца, што запаўняць індывідуальныя планы працы выкладчыкі будуць у асабістых кабінетах, якія пачнуць працаваць у сту­дзені 2018 года. У электронную форму таксама пераводзіцца вядзенне Картак № 1 і № 2 уліку выканання навучальнай   нагрузкі. Адпаведна, уся справаздачная інфармацыя, якую вядуць выкладчыкі, будзе шматкроць верыфікавацца. Напачатку на ўзроўні кафедры, бо індывідуальныя планы і справаздачы па іх кожнага выкладчыка будуць абсалютна празрыстыя для ўсіх супрацоўнікаў кафедры, гэта значыць у першую чаргу выкладчык будзе рабіць справаздачу перад калегамі, а ў другую – перад загадчыкам кафедры, які верыфікуе справаздачу і дадае балы ад кафедры. Наступны этап верыфікацыі – гэта дэканаты, якія праводзяць выбарачную праверку дадзеных і таксама дадаюць свае балы, нагадаю, што гэтыя балы працуюць толькі пры пры­значэнні ПТА. І нарэшце, выбарачная верыфікацыя асобных справаздач ля­жыць на профільных упраўленнях: Галоўным упраўленні навуковай і вучэбна-метадычнай работы, Галоўным упраўленні навукі, упраўленні выхаваўчай работы з моладдзю. Прычым ніхто ўручную лічыць гэтыя балы не будзе, працэс цалкам аўтаматызаваны, гэта значыць пасля таго, як справаздача запоўнена, балы прызначаны, вызна­чэнне рэйтынгаў і прызна­чэнне надбавак за рэйтынгі адбываецца аўтаматычна, аж да аўтаматычнага фарміравання адпаведных загадаў. Ніякай бюракратычнай нагрузкі на кафедры і дэканаты не будзе.
– Ці ўлічваецца спецыфіка гуманітарных і прыродазнаўчых факуль­тэтаў пры разліку кры­тэрыяў рэйтынгу? Відавочна, што ў прырода­знаўцаў больш пераваг быць першымі.
– Крытэрыі, якія ў нас выпрацаваны, працуюць дваяка: на вызначэнне  рэйтынгу выкладчыка і на прызначэнне павышэння тарыфнага акладу. Адразу адзначу, што павышэнне тарыфнага акладу прызначаецца ў рамках факуль­тэтаў і ў рамках тых фондаў, якія кожнаму факультэту вылучаюцца, з выкананнем таго дыяпазону павышаль­ных каэфіцыентаў, якія цяпер існуюць, і сярэдняга ў 50 %. Што да рэйтынгу і надбавак за яго, то тут ­­ужо працуе агульнаўніверсітэцкі дадатковы фонд, таму, натуральна, трэба было падумаць пра тое, каб нейкім чынам зраўняць сацыяльна-гуманітарныя факуль­тэты і прыродазнаўчана­вуковыя. Гэта зроблена шляхам увядзення дадатковых павышальных каэфі­цыен­таў па шэрагу кры­тэрыяў, напрыклад, публікацыі ў выданнях, якія індэксуюцца ў Scopus, між­народныя кантракты і гасдамоўныя працы. Усім зразумела, што магчымасці тут у сацыяльна-гуманітарных факультэтаў ніжэйшыя, тым не менш мы хочам вельмі сур’ёзна гэтыя напрамкі працы стымуляваць і ў іх, уводзячы павышальныя каэфіцыенты.
– Ці не здаецца Вам, што троху ўшчэмленымі апынуцца маладыя выкладчыкі без ступені, і рэйтынгавая сістэма ста­не для іх дэматывацыйным элементам?
– У тую канцэпцыю, якая разглядаецца цяпер, за­кладзена прызначэнне павышэння тарыфнага ак­ладу не ніжэйшага за 50 % для маладых спецыялістаў. Што да рэйтынгу, то не можа быць усё-такі асобных рэйтынгаў для маладых выкладчыкаў і для тых, хто мае вельмі вялікі стаж   працы. Наогул, з майго пункту погляду, калі разгледзець паказчыкі нашай рэйтынгавай сістэмы, то, напэўна, у маладых выкладчыкаў не менш, а нават больш магчымасцяў атрымання высокіх адзнак за кошт больш актыўнай працы з моладдзю, выкарыс­тання новых формаў і метадаў, адукацыйных тэхналогій. Вядома, выкладчык, які мае вялікі стаж працы і высокія навуковыя паказчыкі, будзе выйграваць, напрыклад, па індэксе цы­таванасці, але ў моладзі ёсць іншыя магчымасці. Акрамя таго, мы закладваем у сістэму механізмы, якія не дазваляюць атрымліваць высокі рэйтынг за кошт аднабаковай  дзейнасці, гэта значыць нават калі ў вас індэкс    Хірша роўны ста, толькі гэтага недастаткова для атрымання вельмі высокай рэйтынгавай адзнакі.
– Распавядзіце пра тэрміны запуску новаўвядзення. Калі чакаць першыя вынікі?
– Прызначэнне ПТА і дадатковай надбаўкі за высокія рэйтынгавыя паказчыкі будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Палажэннем, якое будзе распрацавана, пачынаючы з 2019 года, па выніках 2017/2018 наву­чальнага года і 2018 ка­ляндарнага года. Аднак рэктаратам прынята рашэнне ўжо на 2018 год вылучыць дэканатам сродкі, невялікі фонд дадатковага матэрыяльнага стымулявання для таго, каб яны маглі заахвочваць на сваё меркаванне тых выкладчыкаў, якія актыўна працавалі ў напрамках, прадугледжаных крытэ­рыямі рэйтынгавай сістэмы.
– Якія якасныя змены чакаюць БДУ пасля запуску і рэалізацыі рэйтынгавай сістэмы?
– Мы спадзяёмся, што перш за ўсё адбудзецца трансфармацыя адука­цыйнага працэсу. Яна бу­дзе ажыццяўляцца паступова, але зменяцца мэты, змест, формы адукацыі. Гэта будзе стымуляваць развіццё ўніверсітэта ў стратэгічных напрамках.

Гутарыла
Валерыя БАНДАРЧЫК

  • Меркаванні пра рэйтынгавую сістэму дадатковага стымулявання ПВС дэкана юрыдычнага факультэта Сяргея Балашэнкі і загадчыка кафедры тэхналогій праграмавання ФПМІ Аляксандра Курбацкага можна прачытаць у PDF-версіі газеты (на старонцы 5).
print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *