Знайшлі сабе час. Спартакіяда «Здароўе» сярод работнікаў БДУ выявіла пераможцаў

16 Feb, 2018.

У БДУ спартыўныя не толькі студэнты, але і супрацоўнікі! Гэта даказалі спаборніцтвы штогадовай спартакіяды «Здароўе».

Арганізатарам спартакіяды з’яўляецца спартыўна-масавая камісія прафкама работнікаў БДУ і кафедра фізвыхавання і спорту. Усяго  ў спартакіядзе прынялі ўдзел каманды 20 падраздзяленняў БДУ. Яны пазмагаліся за першае месца ў 10 відах спорту, сярод якіх валейбол, армрэстлінг, дартс, плаванне, шахматы і інш. Змаганні праходзілі на працягу ўсёй восені і зімы. А фінальным акордам стала спартыўна-аздараўленчае мерапрыемства «Дні здароўя», якое прайшло 9–11 лютага на базе САК «Брыганціна».
Прадстаўнікі каманд прыехалі сюды на «Дні здароўя», каб і паўдзельнічаць у спартыўных змаганнях, і атрымаць зарад здароўя ад знаходжання на свежым паветры. Акрамя таго, для ўдзельнікаў былі арганізаваны культурна-масавыя мерапрыемствы: дыскатэка і святочны канцэрт са знакамітым выпускніком БДУ Георгіем Калдуном. Спявак прызнаўся, што заўсёды з радасцю прымае запрашэнне выступіць у альма-матар, яму прыемна бачыць знаёмыя твары і быць тут. Арганізатары падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз: пабегаць на лыжах можна было не толькі па лясах «Брыганціны», але і ў… віртуальнай рэальнасці! Дарэчы, надвор’е  спры­яла і лыжам, і пешым прагулкам, якія, безумоўна, яшчэ больш зблізілі супрацоў­нікаў БДУ. Дзецям таксама было весела – сюды прыязджалі сем’ямі – яны падтрымлівалі і перажывалі за бацькоў, вучыліся плаваць і хадзіць на лыжах.
Спартыўныя змаганні праходзілі ў сяброў­скай, цёплай атмасферы, з запалам: жарты, смех і ветлівая падтрымка. Выдатны прыклад адносін у калектыве, універсітэце для сту­дэнтаў і дзяцей! Супрацоўнікі БДУ ўмеюць перамагаць і прайграваць, і гэта пацвярджае званне найлепшага ўніверсітэта краіны.
А зараз час ушаноўваць пераможцаў! Першае месца ў агульным заліку заняла каманда КФВС, другое – фізічны факультэт, трэцяе дасталася ФРКТ. У армрэстлінгу перамогу атрымаў фізфак, другое і трэцяе за Службай аховы і бяспекі і Ліцэем БДУ. У валейболе сярод жанчын першае месца ў студгарадка, другое – КФВС, трэцяе ў ФПМІ. У мужчын першынствавала кафедра фізвыхавання і спорту, другое месца ў студгарадка і трэцяе ў фізфака. У гіравым спорце лідарам стаў ваенны факультэт, другое за ліцэем, трэцяе ў фізфака. У дартсе самым трапным быў ФРКТ, фізфак другі, трэцяе месца ў НДІ ФХП. У міні-футболе перамагла кафедра фізвыхавання і спорту, другія – ваенны факультэт, затым Ліцэй БДУ. У настольным тэнісе найлепш паказала сябе КФВС, затым ФРКТ    і ДІКСТ. У плаванні наймацнейшай стала кафедра фізвыхавання і спорту, другое месца  ў ФРКТ, трэцяе ў ФМА. Лідарства ў стрытболе зноў за КФВС, другое і трэцяе месцы за студгарадком і ліцэем. У шахматах найлеп­шы фізфак, другое месца за ММФ, трэцяе ў Інстытута журналістыкі.
Вось так прайшла штогадовая спартакіяда «Здароўе» сярод супрацоўнікаў БДУ. У чарговы раз яна паказала і даказала, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт можа ганарыцца не толькі інтэлектуальным патэнцыялам, але і спартыўнымі кадрамі!

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота аўтара
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца: