Больш за ўсё “Домрачавых” і “Б’ёрндаленаў” расце ў Мінску. Студэнты БДУ падтрымалі юных біятланістаў на спаборніцтвах “Снежны снайпер” (+вiдэа)

8 Mar, 2018.

Самай яркай спартыўнай падзеяй гэтай зімы, безумоўна, сталі ХХІІІ Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане. Але не для ўсіх. У юных беларускіх біятланістаў прайшлі першыя спаборніцтвы. Ці варта казаць пра тое, што першыя сур’ёзныя спаборніцтвы па значнасці не саступаюць Алімпійскім гульням? 3–4 сакавіка РЦАП “Раўбічы” прымаў фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”. Амаль 170 юных спартсменаў з усёй краіны змагаліся за медалі ў дзвюх дысцыплінах – спрынт і змяшаная эстафета.

“Снежны снайпер” – гэта не проста спаборніцтвы, гэта свята дзіцячага спорту, выдатная магчымасць для юных спартсменаў заявіць пра сябе. Вялікі шлях у беларускі біятлон пачынаецца менавіта са “Снежнага снайпера”.

Сёлета спаборніцтвы наведаў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Пераможцаў узнагароджвалі алімпійскія чэмпіёнкі Дар’я Домрачава, Дынара Алімбекава і Ірына Крыўко. Мабыць, найлепшай матывацыі спартсменам-пачаткоўцам і не прыдумаць. Не застаўся ўбаку і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. На працягу двух дзён студэнты і выкладчыкі задавалі настрой на трыбунах, падтрымлівалі спартсменаў і проста добра праводзілі час. Сваімі ўражаннямі падзялілася студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі Анастасія Балтоўская:

“Выхадныя ў Раўбічах прынеслі мне буру эмоцый. На “Снежным снайперу” я перажывала за каманду Віцебскай вобласці таму, што сама з Віцебска. Такая колькасць дзяцей і іх настрой перанеслі нас у дзяцінства і прымусілі гуляць у снежкі, катацца з горкі. Тое, што трэба студэнту, які стаміўся ад бясконцай вучобы. А гарачы чай і сонечнае надвор’е толькі паляпшалі нам усім настрой”.

 

Галоўнымі героямі былі ўсё ж юныя спартсмены.

“Каштоўнасць гэтых спаборніцтваў у тым, што гэтыя найлепшыя дзеткі, гэтыя зярняткі нашай краіны, узяты на кантроль трэнерамі. Мы абавязкова зробім усё, каб з іх у будучыні выраслі Домрачавы, Б’орндалены, Айдаравы, Паповы – вялікія спартсмены”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як паказаў выніковы медальны залік, больш за ўсё “Домрачавых” і “Б’ёрндаленаў” расце ў Мінску, каманда заваявала дзевяць узнагарод (4 залатыя і 5 сярэбраных). Другое месца ў Магілёўскай вобласці – шэсць медалёў. Мінская вобласць зарабіла пяць медалёў і заняла трэцюю пазіцыю.

З прычыны ўзросту студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на “Снежным снайперу” маглі толькі падтрымліваць спартсменаў. Але, магчыма, праз некалькі гадоў студэнцкая сям’я папоўніцца таленавітымі біятланістамі. Ва ўсякім разе, “Снежны снайпер” дае на гэта спадзяванне.

Валерыя СЦЯПКО

Вiдэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: