Раўнапраўе, свабода творчасці і схільнасць да рызыкі. Вядомы вучоны-хімік Міхаіл Арцем’еў распавёў пра ролю навуковага кіраўніка і матывацыю маладых навукоўцаў

12 Mar, 2018.

Міхаіл Арцем’еў з супрацоўнікамі лабараторыі Анатолем Пруднікавым і Арцёмам Антановічам

Міхаіл АРЦЕМ'ЕЎ, загадчык лабараторыі нанахіміі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, доктар хімічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі – адзін     з вядучых навукоўцаў БДУ. Нядаўна яго артыкул быў надрукаваны ў прэстыжным часопісе Nature Nanotechnology, а сам ён выступіў з дакладам   на ІІ З’ездзе вучоных Беларусі. Рэдакцыя «Універсітэта» прапанавала Міхаілу Валянцінавічу выказаць на старонках газеты свае меркаванні наконт прыцягнення маладых кадраў у навуку.

Роля навуковага кіраўніка ў фарміраванні паспяховага маладога навукоўца шмат­гранная і не зводзіцца да простай перадачы навуковых ведаў і тэхнічных уменняў ад нас­таўніка да вучня, пастаноўкі задачы і аналізу атрыманых вынікаў, напісання навуковага артыкула, справаздачы ці падрыхтоўкі дак­лада на канферэнцыю.

Матываванне. У першую чаргу задача навуковага кіраўніка складаецца ў матываванні студэнта, магістранта ці аспіранта на рашэнне важных і сучасных навуковых задач. Неабходна суадносіць прыватную навуковую задачу, якую вырашае малады навуковец, з найбольш цікавымі і перадавымі даследаваннямі ў дадзенай галіне навук, якія праводзяцца ў вядучых сусветных навуковых цэнтрах. Пастаянны аналіз свежых навуковых публікацый, удзел у міжнародных навуковых канферэнцыях з’яўляецца адным з найважнейшых механізмаў «трымаць нос па ветры» і прапаноўваць сваім вучням цікавыя і сучасныя навуковыя задачы. Наяўнасць навуковай канкурэнцыі, жаданне выйграць сусветную навуковую гонку (пры ад­паведных рэсурсах) і быць першым у рэалізацыі актуальных навуковых задач з’яўляюцца важ­нымі матывіроўкамі для амбіцыйнага маладога навукоўца. Запал і асабісты прыклад эфектыўнай навуковай працы і канкурэнтаздольнасці навуковага кіраўніка матывуе амбіцыйнага маладога навукоўца лепш за ўсякія словы.

Свабода навуковай творчасці і права на рызыку. Навуковы кіраўнік нясе адказнасць за той навуковы напрамак і тыя навуковыя задачы, якія ён прапануе сваім вучням. На першым часе, з прычыны недахопу ведаў і досведу, маладыя навукоўцы не ў стане зрабіць правільны выбар тэматыкі з пункта гледжання актуальнасці,  адпаведнасці наяўным рэсурсам і інш. Як правіла, з часам малады навуковец пачынае глыбей разбірацца ў сваёй прыватнай навуковай задачы, чым навуковы кіраўнік у сілу яго загружанасці (лекцыі-праекты-справаздачы-пасяджэнні). Новыя навуковыя вынікі, атрыманыя ім самім ці апублікаваныя іншымі групамі, запускаюць працэс генерацыі новых ідэй. Дасведчаны навуковец суадносіць актуальнасць і навізну навуковай ідэі з наяўнымі магчымасцямі і рызыкай не атрымаць чаканы вынік.
Навуковая праца па сутнасці сваёй ёсць высокарызыкоўная дзейнасць. Малады навуковец не   ў стане правільна ацаніць рызыкі рэалізацыі новай навуковай ідэі, калі не мае асабістага досведу, які немагчыма набыць на лекцыі, а можна толькі метадам проб і памылак. Трэба даваць магчымасць маладому навукоўцу спрабаваць рэалізаваць свае ўласныя ідэі, але дапамагаць у іх ацэнцы з пункта гледжання актуальнасці задачы, яе рэалізоўнасці і рызык (часавых, фінансавых). Не заўсёды цвёрдая  забарона з боку кіраўніка на рэалізацыю загадзя непрацоўнай, па яго меркаванні, ідэі апраўданая, асабліва калі гэта не звязана з вялікімі часавымі і фінансавымі стратамі. Рэдка хто вучыцца на чужых памылках, значыць, трэба даваць магчымасць рабіць свае ўласныя, асабліва для амбіцыйных маладых навукоўцаў, каб яны вучыліся су­адносіць свае амбіцыі і магчымасці.

Раўнапраўе. Навука – не войска,  і нават самы юны даследчык (сту­дэнт, аспірант, магістрант) мае   права на выказванне свайго мер­кавання па навуковым пытанні,  якое абмяркоўваецца. Часта пры за­гружанасці навуковы кіраўнік прапускае важныя дробязі падчас абмеркавання навуковых вынікаў, тады як малады навуковец, які асабіста ўдзельнічаў у атрыманні вы­нікаў, ведае дадзеную прыватную задачу дасканала. Для падтрымання высокага матывавання вучняў      у навуцы вельмі важна падтрым­ліваць у навуковай групе прынцып раўнапраўя і ўзаемапавагі.

Не баяцца прызнаць уласную няслушнасць. Асаблівае натхненне і запал на эфектыўную працу ў вучняў можа выклікаць магчымасць пісьменна даказаць уласную навуковую слушнасць перад паважным навуковым кіраў­ніком. Навуковец не бог і можа – і мае права – памыляцца. Уменне прызнаць уласную памылку перад тварам вучняў з’яўляецца сур’­ёзнай псіхалагічнай задачай для   навуковага кіраўніка, але гэта абсалютна неабходна як для пад­трымання ўласнага аўтарытэту сумленнага навукоўца, так і выхавання вучняў у духу абсалютнай каштоўнасці навуковай праўды.

Развіваць у вучнях каму­нікатыўныя здольнасці. Думка вымаўленая не ёсць хлусня, а спосаб распаўсюджання навуковых ведаў. Самыя актуальныя навуковыя вынікі, атрыманыя маладым навукоўцам, якія не атрымалі агалоскі ў выглядзе навуковага артыкула ці даклада, не маюць ніякай каштоўнасці. Навуку робяць людзі, і яны ж ацэньваюць правільнасць і эфектыўнасць атрыманых вынікаў. Пісьменна і пераканаўча даносіць да мэтавай аўдыторыі актуаль­насць выканання тых ці іншых даследаванняў і іх эфектыўнасць важ­на не толькі для матывавання сваіх калегаў, але і з тры­віяльнага пункта гледжання атрымання рэсурсаў, у першую чаргу фінансавых для занятку навуковай дзейнасцю (заяўкі на гранты, праекты).
З іншага боку, найбольш актуальныя сучасныя навуковыя дас­ледаванні, асабліва ў такіх галінах, як хімія, фізіка, біялогія, з’яўляюцца міждысцыплінарнымі і праводзяц­ца калектывамі навукоўцаў з роз­ных навуковых устаноў у розных краінах. Праца ў такіх міжнародных навуковых праектах патрабуе пастаяннага кантакту паміж навукоўцамі на гарызантальным узроўні. Кар’ера сучаснага навукоўца пэўным чынам залежыць ад «самапіяру», паколькі канкурэнцыя за навуковыя пазіцыі і фінансы бу­дзе толькі ўзрастаць, уменне па­казаць свае канкурэнтныя перавагі перад іншымі суіскальнікамі часта становіцца ключавым фактарам у паспяховай кар’еры навукоўца.

Маральна-этычныя нормы навукоўца і навуковай працы. Існуюць фармальныя і агульнапрынятыя нефармальныя ма­ральна-этычныя нормы навукоўца. Прышчэпліванне гэтых нормаў  вучням з’яўляецца адным з найважнейшых абавязкаў навуковага кіраўніка. Асноватворнай нормай з’яўляецца бездакорна сумленнае стаўленне да навуковай праўды. У выпадку сумневу ў аб’ектыўнасці атрыманых навуковых вынікаў праца павінна быць перароблена,  а ў выпадку немагчымасці паўта­рыць эксперымент (успышка звыш­новай і да т. п.) неабходна разгле­дзець усе довады за і супраць. Навуковая праўда рэдка бывае аб­салютнай, часцей за ўсё яна абмежавана нашым бягучым разуменнем прыроды, навуковым інструментарыем, загранічным коштам прац (пілатаваныя палёты на суседнія планеты). Існая сістэма навуковага рэцэнзавання заклікана забяспечыць незалежную ацэнку атрыманым навуковым вынікам. Рэцэнзаванню «па знаёмстве» не павінна быць месца ў навуцы.

Прынцып «не скрадзі». Вельмі часта ў нефармальных навуковых кантактах можна пераняць арыгінальныя навуковыя і тэхналагічныя ідэі, якія не былі даведзены да канца іх аўтарамі з прычыны адсут­насці неабходных рэсурсаў ці навыкаў. Рэалізацыя чужой ідэі ін­шым навукоўцам ператвараецца    ў важную этычную праблему: па­ведамляць ці не аўтару ідэі, спасы­лацца на яго прыярытэт у сваёй навуковай публікацыі?

Радавацца поспехам вучняў больш, чым сваім уласным. Бесперапыннае развіццё чалавечай цывілізацыі грунтуецца на тым, што вучні павінны быць лепшымі і ісці далей, чым іх настаўнік (навуковы кіраўнік). Задавальненне кіраўніка поспехамі сваіх вучняў – моцны матывацыйны фактар для маладых навукоўцаў.
Навуковую школу стварае кіраўнік, а прызнанне прыхо­дзіць ад вучняў.

print

Вам таксама можа спадабацца: