REFERENDUM: слова экспертам

22 Feb, 2022.

27 лютага 2022 г. – дзень рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Рэферэндум прызначаны па ініцыятыве Прэзідэнта (Указ ад 20 студзеня 2022 г. № 14 «Аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму»). З 22 па 26 лютага адбываецца датэрміновае галасаванне. Рашэнне, прынятае рэспубліканскім рэферэндумам, увойдзе ў сілу праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання. Яно абавязковае і з’яўляецца неад’емнай часткай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Напрыканцы 2021 года, 27 снежня, праект новай Канстытуцыі быў вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. Прапановы па ўдасканаленні праекта грамадзяне краіны маглі накіраваць у Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі па электроннай пошце, праз электронную форму або ў пісьмовым выглядзе. Заяўлена, што НЦПІ абагульніў і сістэматызаваў атрыманыя даныя.

На працягу мінулага года супрацоўнікі і навучэнцы БДУ сустракаліся, каб выказаць і паслухаць розныя думкі наконт грамадска-палітычных пытанняў. Таксама з працоўнымі калектывамі падраздзяленняў універсітэта сустракаліся дзяржаўныя і грамадскія дзеячы. Такія сустрэчы адбываліся ў фармаце круглых сталоў, дыялогавых пляцовак, канферэнцый і інш.

Упраўленнем экспертнай і аналітычнай работы БДУ быў распрацаваны экспертна-асветніцкі праект «Referendum» працягласцю ў адзін месяц. Цыкл з трох экспертных сустрэч і дыскусій у межах праекта меў на мэце ўсебаковае раскрыццё рэферэндумаў як феномена грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, іх уплыву на юрыдычныя, грамадскія, эканамічныя і міжнародныя працэсы. Такім чынам, акадэмічная супольнасць БДУ праявіла сябе дзейна і актыўна ў вырашэнні гістарычных для краіны пытанняў дзяржаўнага і сацыяльнага развіцця.

Першая экспертная сесія праекта «Referendum» (19 студзеня) была прысвечана абмеркаванню юрыдычнага боку правядзення рэферэндуму, яго сутнасці як юрыдычнага інструмента, а таксама ўплыву рэферэндумаў на норматворчасць. Пачэснымі гасцямі сустрэчы былі член канстытуцыйнай камісіі, загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ Рыгор ВАСІЛЕВІЧ, дэкан юрыдычнага факультэта БДУ Андрэй ШЫДЛОЎСКІ і дацэнт кафедры канстытуцыйнага права БДУ Ала ШАЎЦОВА.

Рыгор Аляксеевіч падзякаваў БДУ за якасную працу і ўклад у абгрунтаванне і тлумачэнне вынікаў прыняцця праекта Канстытуцыі. Таксама ён заўважыў, што ў выпадку, калі народ падтрымае праект змяненняў і дапаўненняў, спатрэбіцца далейшая абавязковая праца юрыстаў па тлумачэнні новых нормаў, каб чыноўнікі і грамадзяне дасканала зразумелі сэнс новаўвядзенняў. Прафесар адзначыў уклад калег, спецыялістаў у сферы канстытуцыйнага права і ўвогуле ў юрыспрудэнцыі, сярод іх куратары экспертна-асветніцкай дзейнасці па тэме рэферэндуму – дэкана юрфака БДУ Андрэя Шыдлоўскага і яго намесніцы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ганны Бакун.

Дацэнт кафедры канстытуцыйнага права кандыдат юрыдычных навук Ала ШАЎЦОВА звярнула ўвагу на тое, што ў выніку прыняцця змяненняў і дапаўненняў асноўная нагрузка па рэфармаванні заканадаўчай базы ляжа на Нацыянальны сход – Парламент:

– Тыя дзяржаўныя органы, у кампетэнцыю якіх уваходзяць распрацоўка і падрыхтоўка нарматыўна-прававых актаў, пачнуць актыўную працу ў выпадку прыняцця змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

На другой экспертнай сустрэчы запрошаныя спецыялісты абмяняліся думкамі пра гістарычны кантэкст правядзення рэферэндуму, пра яго ўплыў на фарміраванне і функцыянаванне палітычных сістэм. Сярод спікераў былі дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр КАХАНОЎСКІ, загадчыца кафедры паліталогіі Ніна АНТАНОВІЧ, загадчык кафедры гісторыі новага і найноўшага часу Уладзімір КОШАЛЕЎ, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі Ірына КАЛАЧОВА, прафесар кафедры сацыялогіі Ларыса ЦІТАРЭНКА, дацэнт кафедры паліталогіі Алена ІЛЬІНА, дацэнт кафедры новага і найноўшага часу Дзяніс ЛАРЫЁНАЎ.

Загадчыца кафедры паліталогіі БДУ доктар палітычных навук прафесар Ніна АНТАНОВІЧ лічыць, што рэферэндумы як інстытут прамой дэмакратыі сёння ў свеце даволі актуальныя. Напрыклад, публічныя слуханні, грамадскія сходы, мясцовыя дэмакратыі ў розных формах і электронныя механізмы, якія забяспечваюць прамы ўдзел грамадзян у грамадскіх працэсах.

– Кажучы пра рэферэндум, заўсёды згадваюць гісторыю, – адзначае Ніна Арсеньеўна. – І гістарычны, і сучасны кантэкст правядзення рэферэндумаў прадугледжвае запыт ад народа. Рэферэндум мае антыбюракратычны пасыл, то бок не толькі чыноўнікі могуць прымаць значныя грамадскія рашэнні, але і сам народ уплывае на тое, што тычыцца розных груп насельніцтва Аснова рэферэндуму – каардынацыя афіцыйных цэнтраў, што прымаюць рашэнні, і грамадскасці.

            Тэма трэцяй сустрэчы – правядзенне рэферэндумаў у кантэксце міжнародных адносін, а таксама эканамічныя наступствы ўсенародных галасаванняў. Экспертамі на гэтай пляцоўцы выступалі дэкан факультэта міжнародных адносінаў Алена ДАСТАНКА, прафесар кафедры аналітычнай эканомікі Міхаіл КАВАЛЁЎ, дырэктар цэнтра міжнародных даследаванняў ФМА БДУ Алег ЛЕШАНЮК, вядучы спецыяліст упраўлення экспертнай і аналітычнай работы БДУ Вячаслаў ЛЯВОНАЎ.

Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, кандыдат палітычных навук, дацэнт Алена Дастанка згадала вопыт Брытаніі: «Вельмі яскравыя прыклады ўплываў рэгіянальных рэферэндумаў на ўнутраную і знешнюю палітыку дэманструе Вялікабрытанія. Галоўны прыклад – Brexit, які паўплываў і на рэгіянальныя міжнародныя адносіны, і на глабальныя».

Алена Анатольеўна прывяла прыклады рэферэндумаў пра незалежнасць Шатландыі, пра дэлегаванне паўнамоцтваў самакіравання ва Уэльсе і падкрэсліла, што ў Англіі сістэма рэгіянальных рэферэндумаў добра рэалізуецца і мае ўздзеянне на палітыку.

Доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Міхаіл КАВАЛЁЎ упэўнены, што рэферэндум дапаможа вызначыць асноўныя напрамкі развіцця грамадства, надасць упэўненасці ў будучыні:

– Нестабільная сітуацыя ў краіне стрымлівае інвестыцыйныя працэсы, бізнес пачуваецца няўпэўнена, – кажа Міхаіл Міхайлавіч. – Зараз абставіны паляпшаюцца, людзі ўзнаўляюць банкаўскія ўклады. Рэферэндум толькі дапаможа ўмацаваць гэтую тэндэнцыю.

У межах праекта «Referendum» асобна прайшло моладзевае абмеркаванне экспертных сесій, дзе студэнты-ўдзельнікі праекта размаўлялі пра месца моладзі ў грамадска-палітычных падзеях краіны.

Фінальная сустрэча з падвядзеннем вынікаў праекта адбылася 18 лютага. Арганізатары запрасілі трох членаў канстытуцыйнай камісіі, якія выкладаюць ва ўніверсітэце, – Рыгора Васілевіча, Таццяну Маслоўскую і Арцёма Пухава, – адміністрацыю БДУ, дэканаў факультэтаў, супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта і студэнцкі актыў, у тым ліку прадстаўнікоў моладзевых арганізацый. Дарэчы, у склад канстытуцыйнай камісіі ўвайшлі некалькі знакамітых юрыстаў Беларусі – выпускнікоў БДУ – Пётр Міклашэвіч, Валерый Міцкевіч, Святлана Любецкая.

Арцём Пухаў выказаў думку, што нормы, прысвечаныя захаванню гістарычнай памяці, яшчэ раней трэба было ўключыць у Канстытуцыю, бо ёсць на такія мерапрыемствы і меры сацыяльная запатрабаванасць. Ён распавёў пра крытыку нормы, прысвечанай моладзі (321). Але, на яго думку, адзіны глабальны рэсурс краіны – моладзь, а БДУ, безумоўна, добрая стартавая пляцоўка для раскрыцця патэнцыялу маладых людзей.

Таццяна Маслоўская шчыра перакананая, што ў будучыні беларусы будуць звяртацца да рэферэндумаў на мясцовым і рэспубліканскім узроўні ўсё часцей. Яна адзначыла, што за вельмі кароткі тэрмін – 1,5 месяца – прайшло шмат цікавых абмеркаванняў ва ўніверсітэце.

Рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ падзякаваў за плённую працу супрацоўнікам універсітэта – членам канстытуцыйнай камісіі, дэканам, супрацоўнікам факультэтаў і інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія прымалі ўдзел у абмеркаваннях як спікеры, як арганізатары, як прымаючы бок.

– Няма лепшай формы за простую добрую размову. У ёй нараджаюцца новыя ўяўленні і новыя сэнсы. Праект «Referendum» не мае аналагаў у рэспубліцы, у прыватнасці сярод ВНУ. Гэта вельмі цікава. Хаця такі фармат мы выкарыстоўвалі і раней, але мэты праекта іншыя. Прыемна, што прайшло больш за 50 універсітэцкіх сустрэч за студзень–люты гэтага года. Каля трох тысяч удзельнікаў сталі носьбітамі ведаў з першых вуснаў. Мы ўжо падышлі да той мяжы, што падзяляе дыскусіі і ўдзел у рэферэндуме. Добра, што была магчымасць у вялікіх і малых групах абмяркоўваць розныя пытанні, бачыць розныя погляды. Важна, каб пачуты быў кожны голас, каб на кожнае пытанне быў дадзены адказ. Таксама вельмі важна падчас фармалізацыі новых ідэй і вызначэння ключавых пазіцый, фармулявання місіі і роляў беларускай дзяржавы і народа не загубіць сутнасці, што была пакладзена з самага пачатку. Дзякую ўсім, хто быў і прамоўцам, і слухачом. Без абодвух гэтых амплуа немагчыма стварыць сваё ўласнае ўяўленне, – распавёў на фінальнай сустрэчы рэктар.

Для музея гісторыі БДУ члены камісіі пакінулі аўтографы ў памятным друкаваным выданні праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Цікава, што будучы экспанат папоўніўся папкай з надпісам «Канстытуцыйная камісія». Менавіта ў ёй знаходзіліся падчас пасяджэнняў камісіі раздзелы тэксту, вынесеныя на абмеркаванне.

Рэктар уручыў пачэсным гасцям лімітаваныя гадзіннікі «Луч», вырабленыя ў гонар 100-гадовага юбілею БДУ. Акрамя таго, за асветніцкую працу падчас падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму сувеніры БДУ атрымалі супрацоўнікі юрыдычнага факультэта Шыдлоўскі А. В., Калінін С. А., Бакун Г. С., Антановіч Н. А., Шаўцова А. В., Кісялёва Т. М.

 

print

Вам таксама можа спадабацца: