Выпускнікі БДУ наведалі Рэспубліканскі баль выпускнікоў

5 Jul, 2018.

Пятнаццаць выпускнікоў БДУ былі запрошаны на Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, які прайшоў 30 чэрвеня з удзелам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Па традыцыі напярэдадні ўрачыстай падзеі найлепшыя выпускнікі ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі бяруць удзел у цырымоніі ўскладання кветак да стэлы "Мінск – горад-герой".

Адзначым, што права прадстаўляць БДУ на Рэспубліканскім балі маладыя людзі ганараваны за высокія вынікі ў навучальнай, навуковай, грамадскай, культурнай і спартыўнай дзейнасці, а таксама перамогі ў розных алімпіядах і конкурсах. Гэта выпускнікі Карына Шапавалава (эканамфак), Ілья Пратасеня (юрфак), Юлія Людчык (ФРКТ), Кацярына Вараб'ёва (ФСК), Вольга Тугай (хімфак), Таццяна Качаткова (фізфак), Крысціна Шыпількевіч (ДІКСТ), Ганна Садоўская (філфак), Наталля Барташ (ІБ), Марыя Ясайтэ (МДЭІ імя А. Д. Сахарава), Карына Ярмашук (ФМА), Карына Мятко (гістфак), Андрэй Ільін (ФПМІ), Людміла Віленчыц (геафак) і Вольга Пірог (журфак).

Выпускнікі БДУ падзяліліся сваімі ўражаннямі і думкамі пра ўніверсітэт

Вольга Тугай, хімічны факультэт:

– БДУ – гэта не толькі ўніверсітэт, які дае добрую падрыхтоўку па спецыяльнасці і стажыроўкі за мяжой. Гэта яшчэ і знаёмства з цэлай камандай людзей, якія зладжана і захоплена выконваюць сваю працу, што не можа не выклікаць павагі. БДУ – гэта яшчэ і сустрэча з людзьмі, блізкімі па духу, якія працягваюць удзельнічаць у тваім жыцці нават за межамі ўніверсітэта. БДУ – гэта тое, пра што не шкадуюць праз 5 гадоў. Таму хачу пажадаць будучым і цяперашнім студэнтам БДУ не марнаваць часу дарма і карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія адкрываюцца перад імі.

Ілья Пратасеня, юрыдычны факультэт:

– Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – гэта велізарная пляцоўка для комплекснай самарэалізацыі: у студэнта ёсць магчымасць пабыць сведкам праявы вопыту, таленту і неверагоднага розуму першакласных прафесіяналаў-выкладчыкаў, паўдзельнічаць у абмеркаванні і прыняцці рашэнняў па важных пытаннях на сходах студэнцкага самакіравання, наведаць дзясятак інтэрактыўных мерапрыемстваў на любы густ, арганізаваных студэнтамі пры падтрымцы і садзейнічанні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будучым студэнтам (шчасліўчыкам) хачу параіць атрымліваць асалоду ад кожнага дня ў якасці студэнта БДУ і па максімуме выкарыстоўваць магчымасці, якія дае ўніверсітэт.

Юлія Людчык, факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій:

– Маё знаёмства з БДУ пачалося яшчэ ў школьныя гады, калі я паступіла ў Ліцэй БДУ. Ужо з таго часу я пачала набываць адзін з самых каштоўных на мой погляд навыкаў – уменне вучыцца. БДУ даў мне ў першую чаргу высокі ўзровень адукацыі, базавыя веды, якія паслужаць трывалым падмуркам для фарміравання паспяховай кар'еры ў будучыні. На асабістым досведзе я пераканалася, што якасць нашай адукацыі дазваляе на роўных працаваць з даследчыкамі вядучых еўрапейскіх навуковых цэнтраў. Будучым студэнтам жадаю быць дапытлівымі, з запалам брацца за складаныя задачы і ставіць высокія мэты. Варта памятаць, што ў першую чаргу ўніверсітэт – навучальная ўстанова, а студэнцкія гады – найлепшы перыяд для самаразвіцця.

Кацярына Вараб’ёва, факультэт сацыякультурных камунікацый:

– За гады вучобы БДУ стаў родным і любімым, падарыў незабыўныя моманты, даў магчымасць рэалізаваць сябе ў самых розных напрамках, дапамог здабыць не толькі веды і досвед, але і выдатных сяброў. Я была акружана людзьмі, вартымі захаплення, якія натхнялі і служылі прыкладам ва ўсім. Бясконца ўдзячная ім за падтрымку! Вельмі сумна развітвацца са студэнцкім жыццём. Але багаж ведаў і ўменняў, назапашаны ва ўніверсітэце, сапраўды не дасць прапасці ў дарослым жыцці. Наперадзе новыя дасягненні і перамогі, якія будуць суправаджацца пакуль яшчэ нязвыклым, але ганаровым званнем "Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта". Дзякуй за ўсё! Будучым студэнтам хочацца пажадаць рабіць тое, што яны любяць, і любіць тое, што яны робяць. І, вядома ж, атрымліваць асалоду ад яркіх студэнцкіх гадоў!

А колькі дзён таму ў БДУ прайшоў рэктарскі баль выпускнікоў, які сабраў звыш 600 найлепшых учарашніх студэнтаў БДУ. Тады адзначылі 21 выпускніка тытулам “Найлепшы выпускнік БДУ". Яшчэ ў гэты вечар былі названы па выніках грамадскай, культурнай і спартыўнай дзейнасці БДУ імёны 20 выпускнікоў, якія сталі "зоркай БДУ" і 12 "студэнцкіх лідараў БДУ". (Глядзіце фота ў лічбавым фотаархіве БДУ).

Усяго сёлета дыплом БДУ атрымалі звыш 5440 маладых людзей.

print

Вам таксама можа спадабацца: