У студатрады я б пайшоў – хай мяне навучаць. Водгукі студэнтаў

6 Jul, 2018.

Не толькі мехмат ведае, што цудоўны летні адпачынак мае некалькі складнікаў: кола найлепшых сяброў, шмат марожанага, танцы да світання і… магчымасць праявіць сябе ў прафесійнай сферы. Штаб працоўных спраў БРСМ БДУ добра ведае матэматыку сучаснай моладзі і дае кожнаму магчымасць атрымаць свой заробак, знайсці прафесію даспадобы, пазнаёміцца з актыўнымі людзьмі. На працягу ўсяго лета працуюць студэнцкія атрады шасці напрамкаў: педагагічны, будаўнічы, сельскагаспадарчы, сэрвісны, экалагічны і вытворчы. Пазнаёмімся з некаторымі больш шчыльна. 

Універсітэцкае вучэбна-вопытнае прадпрыемства “Шчомысліца” гарантуе ўсе самыя лепшыя ўмовы для студэнтаў, якія сапраўды жадаюць працаваць. Удзельнік сельскагаспадарчага атрада Вадзім КАРПІШУК расказвае пра асаблівасці сваёй працы: 

– Асноўнай задачай для нас была праполка дэкаратыўных раслін. Дзённая норма – 50 метраў. Дзяўчаткі нашы толькі палолі, а я яшчэ дапамагаў ім, збіраючы траву віламі. Атрад невялікі – 10 чалавек. З раніцы аграном даваў нам градкі, а вечарам чакаў добрых вынікаў. 

Тым, хто з самага дзяцінства кожную раніцу гатаваў манную кашу для малога браціка або сястрычкі і глядзеў з імі “Дашу-падарожніцу”, спадабаецца працаваць у якасці педагога. Атрады на базе цэнтра “Расток” і спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брыганціна” запрашаюць да сябе ўсю зацікаўленую моладзь. 

– Пазітыўны настрой на ўсю змену задаецца ўжо на “знаёмстве”, – дзеліцца Ягор БУКЛАГА. Яно звычайна адбываецца ў першы дзень і пакідае самыя лепшыя ўражанні. У “Брыганціне” ёсць “старэнькія”, якія ездзяць у цэнтр па 15 гадоў і ведаюць, як аб’яднаць людзей. Галоўны абавязак – назіраць за дзецьмі і ўдзельнічаць з імі ў розных мерапрыемствах. Але акрамя гэтага ў першыя дні мы рыхтуем адкрыццё змены. Яшчэ адно яркае мерапрыемства – канцэрт, у якім удзельнічаюць усе важатыя, нават тыя, хто нічога не ўмее. Патрэбна навучыць іх і спяваць і танцаваць. Часам рэпетыцыі пачынаюцца а 12 ночы і паспаць можаш толькі пару гадзін, але зусім не адчуваеш стомленасці. Мне вельмі спадабаўся калектыў і кіраўніцтва. Мноства эмоцый!

Шмат станоўчых эмоцый ад працы летам атрымала і Ліяна ШАПЯЛЕВІЧ, якая была ўдзельніцай сэрвіснага атрада ў “Брыганціне”: 

– Наша дзейнасць была накіравана на якаснае абслугоўванне тых, хто адпачывае ў лагеры. Маглі ачышчаць тэрыторыю, дапамагаць на кухні. Таксама прыбіралі асобныя комплексы: спартыўны, медыцынскі, звычайныя дзіцячыя. Намі кіравала сястра-гаспадыня, якая і раздавала даручэнні. Ёсць магчымасць выбіраць, чым займацца ў лагеры, якую тэрыторыю абслугоўваць. У маім атрадзе нас было 10. Працавалі с 8.00 да 16.00, а далей – вольны час. Даецца 3 выхадныя, якія ты бярэш у зручны для сябе дзень. На самай справе, гэта весела і цікава, былі людзі, якія прыехалі не першы раз. Усё спадабалася, і я планую паехаць у наступным годзе.

Найлепшыя водгукі, найлепшыя ўражанні. А вам ужо захацелася ў студатрад? Гнуткі графік, годнае грашовае ўзнагароджанне, новыя знаёмствы – лета можа быць цікавым і прыбытковым разам з БРСМ БДУ.

Марыя КАСКО

print

Вам таксама можа спадабацца: