“Няхай у вашых душах жыве паэзія…” У БДУ прайшоў другі ўніверсітэцкі паэтычны форум (+відэа)

14 Nov, 2017.

Другі ўніверсітэцкі паэтычны форум прайшоў 9 і 10 лістапада і сабраў у Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта творчую моладзь, якая шчыра любіць паэзію.

Сёлета праца прайшла пад дэвізам “пашыраючы гарызонты”, бо гэтым разам форум прымаў маладых паэтаў і чытальнікаў з розных універсітэтаў. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 300 прац ад студэнтаў БДУ, БДТУ, БДУ імя М. Танка, БДУІР, БДУКМ, БДЭУ, БНТУ, БДАМ, МДЛУ, ВДУ імя Машэрава. А студэнт з Варшаўскага ўніверсітэта Калегіум Цывітас зрабіў гэты конкурс міжнародным.

Усяго на пошту форуму паступіла больш за 350 заявак, і кожны ахвочы змог стаць удзельнікам форуму. Арганізатарамі конкурсу выступілі творчы саюз БДУ, творчы саюз Інстытута журналістыкі БДУ, а таксама ўпраўленне культуры ўніверсітэта. Летась форум выйграў гранты на конкурсах “Найлепшы моладзевы праект БДУ” і “Найлепшы творчы праект БДУ”, якія і дапамаглі ў арганізацыі мерапрыемства. Усяго над ім працавалі 50 чалавек, палова з якіх – неспрактыкаваныя першакурснікі. Але маладзёны справіліся з задачамі, і форум атрымаўся маштабным і цікавым.

Гэтым разам паэтычны форум праходзіў два дні. Ён уключыў у сябе конкурсную праграму па двух кірунках: “аўтар-выканавец”, у рамках якой чыталі ўласныя вершы, і “чытальнік”, падчас якога студэнты чыталі вядомых аўтараў.

Паўдзельнічаць у конкурсе жадалі каля 200 студэнтаў, таму было вырашана зладзіць кастынг, каб пагутарыць з кожным. Чытальнікі і аўтары дэманстравалі свае таленты, а арганізатары форуму абралі 27 фіналістаў.

На сустрэчы вядомы беларускі паэт Віктар Жыбуль чытаў вершы беларускіх паэтаў і ўласныя творы, а таксама адказваў на пытанні

Паэтычны форум стартаваў з сустрэчы з вядомым беларускім паэтам Віктарам Жыбулем. Напачатку сустрэчы паэт даў удзельнікам заданне напісаць верш, выкарыстоўваючы зададзеныя словы. Віктар Жыбуль чытаў вершы беларускіх паэтаў і ўласныя творы, а таксама адказваў на пытанні студэнтаў пра літаратуру, паэтычныя формы і творчы пошук. Шмат на сустрэчы казалі і пра беларускую мову. Паэт распавёў, што пачаў размаўляць па-беларуску ў 16 гадоў, дзякуючы ўлюбёнаму настаўніку беларускай мовы і літаратуры. А таксама на яго паўплывалі ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання пры часопісе “Першацвет”, большасць з якіх размаўлялі па-беларуску. У канцы сустрэчы маладыя віртуозы слова прачыталі свае вершы, напісаныя падчас сустрэчы. І хоць заданне было для ўсіх аднолькавае, вершы атрымаліся непадобнымі адзін да аднаго.

У перапынках паміж сустрэчамі і конкурснай праграмай удзельнікаў форуму чакаў кава-брэйк, падчас якога яны маглі пачаставацца гарбатай ці кавай, ласункамі, а таксама пазнаёміцца і нязмушана пагутарыць.

Галоўнай часткай першага дня форуму стала конкурсная праграма сярод аўтараў-выканаўцаў. Дзеці чыталі вершы ўласнага сачынення. У сваіх творах яны ўзнімалі сур’ёзныя філасофскія тэмы самавызначэння, распавядалі пра рамантычныя гісторыі і дзяліліся з залай праблемамі. Канкурсанты падышлі да выканання вершаў па-рознаму. Некаторыя ўдзельнікі засталіся з гледачамі сам-насам, іншыя выкарыстоўвалі ў выступе рэквізіт, музыку і відэашэраг.

Суддзямі на конкурсе сталі: Ірына Багдановіч – крытык і літаратуразнавец, аўтар зборнікаў “Чаравікі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), Вікторыя Трэнас – беларуска паэтка і літаратурны крытык, аўтар кніг “Экзістэнцыйны пейзаж” і “Цуд канфіскаванага дзяцінства”, Мікіта Найдзёнаў – музыка, саліст гурта Hurma, паэт, лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” і “Залаты апостраф” у намінацыі “Дэбют” (2015), аўтар паэтычнага зборніка “Развiтанцы”.

Конкурсная праграма прайшла ў фармаце дыялогу. Кожны канкурсант пачуў ад суддзяў каментарыі пра верш і атрымаў карысныя парады. На конкурсе была паднята важная тэма вызначэння сябе, пошук свайго стылю і фармату. Суддзі заклікалі творцаў не спыняцца на дасягнутым, падыходзіць крытычна да сваёй творчасці, не спрабаваць капіяваць чужы стыль і вобразы, а ўвесь час развівацца і шукаць сябе.

“Мы патрэбныя тут, мы вырашаем тут і зараз пытанні нашай культуры і нашага чытання, – нагадала Ірына Багдановіч канкурсантам. – Ацэнкі будуць суміраваны, вынікі падведзены і вы пойдзеце далей. З вамі застанецца ваша творчасць, таму я жадаю вам задумацца, дзеля чага вы ствараеце…”

На сустрэчы з Палінай Рэспублікай (Палiна злева)

Завяршэннем першага дня ўніверсітэцкага паэтычнага форуму стала сустрэча з Палінай Рэспублікай, на якой ва ўдзельнікаў была магчымасць задаць музыцы пытанні. Паліна распавяла пра свае страхі, пошукі сябе як артыста і творчыя планы. Яна адкрыта пагаварыла з дзецьмі пра ўспрыманне крытыкі, распавяла, як складана бывае перажыць неразуменне блізкіх людзей, і пажадала шукаць сябе нягледзячы ні на што.

“Я заўсёды задумваюся, калі ствараю сваю музыку, ці буду я сумленным чалавекам перад самой сабой.  І мне вельмі важная на кожным маім кроку разумець, што я раблю, навошта я гэта раблю і чаго мне гэта каштавала”, – распавяла студэнтам Паліна Рэспубліка.

Другі дзень універсітэцкага паэтычнага форуму пачаўся з майстар-класа акторкі Вольгі Сізовай. На ім дзеці выконвалі практыкаванні для дыхання і голаса, якія дапамагаюць акцёрам рыхтавацца да выступаў.

“Чалавеку ў дзень, каб быць шчаслівым, трэба 8 абдымкаў”, – нагадала акторка і прапанавала ўдзельнікам форуму абняць адзін аднаго.

Дзякуючы гэтаму ўсе на цэлы дзень зарадзіліся пазітыўнай энергіяй.

На майстар-класе акторкі Вольгі Сізовай ўдзельнікi форуму абдымалi адзін аднаго

У гэты дзень конкурсная праграма праходзіла для чытальнікаў. Дзеці чыталі са сцэны любімыя творы. Журы на конкурсе былі Таццяна Дасаева – загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ, Дзмітрый Цішко – рэжысёр народнага студэнцкага драматычнага тэатра “На балконе”, Вольга Сізова – акторка Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра. Яны давалі сваю экспертную ацэнку кожнаму ўдзельніку, раілі папрацаваць над голасам, не саромецца і не заціскацца перад гледачом. Многія канкурсанты абралі для чытання верша на ваенную тэматыку. Удзельнікаў журы прыемна здзівіла і ўразіла, што трагедыя Другой сусветнай вайны дагэтуль хвалюе сучасную моладзь. Таццяна  Дасаева падзякавала ўдзельнікам форуму і нагадала:

“Вельмі важна тое, што вы далучаецеся да паэзіі, а чалавек, які далучаецца да паэзіі, багаты духоўна. І такія людзі ўпрыгожваюць свет, таму што з імі заўсёды цікава. Няхай у вашых душах жыве паэзія”

Таццяна Дасаева падзякавала ўдзельнікам форуму

А далей студэнтаў чакала лекцыя па літаратуры ад выкладчыка Інстытута журналістыкі Уладзіміра Капцава на тэму: “Сучасная паэзія. Тэндэнцыі, формы, персаналіі”.

Усе два дні ўсе ўдзельнікі форуму з нецярпеннем чакалі абвяшчэння вынікаў. Усе канкурсанты атрымалі памятную прома-прадукцыю, дыпломы і часопісы “Дзеяслоў” ад нашых інфармацыйных партнёраў. Аўтары-выканаўцы таксама атрымалі магчымасць апублікаваць свае творы ў часопісах “Маладосць” і “Дзеяслоў”.

Пераможца конкурсу ў намінацыі аўтар-выканавеца Дар’я Смірнова

Пераможцам конкурсу ў намінацыі аўтар-выканавец стала студэнтка ІЖ БДУ Дар’я Смірнова, яна атрымала ў падарунак магчымасць правесці свой творчы вечар у арт-прасторы “Кісларод”. А ў намінацыі “Чытальнік” перамагла Анастасія Старавойтава, якая выканала на сцэне верш Іосіфа Бродскага “Нацюрморт”. Яе падарункам стала магчымасць запісаць свой твор у гуказапісвальнай студыі “Эверэст”. Абедзве пераможцы выканалі на біс свае творы. Таксама лаўрэатам конкурсу дасталіся сертыфікаты ад спонсараў форуму: кніжнай інтэрнэт-крамы Biblio.by і сеткі піцэрый Dominos. Пасля абвяшчэння вынікаў конкурснай праграмы форуму дзяцей яшчэ чакаў святочны канцэрт.

Пераможца ў намінацыі “Чытальнік” Анастасія Старавойтава

Другі ўніверсітэцкі паэтычны форум скончыўся святочным канцэртам. А арганізатары ўжо пачалі будаваць планы на будучы год.

“Мы ўжо сур’ёзна задумаліся над пашырэннем узроставага цэнзу ўдзельнікаў: паспрабуем прыцягваць да ўдзелу і школьнікаў. А акрамя гэтага ніхто не выключае, што конкурс стане сапраўды рэспубліканскім”, – распавяла старшыня творчага саюза ІЖ БДУ Лідзія Заблоцкая. Універсітэцкі паэтычны форум удзельнічае ў конкурсе на найлепшы моладзевы праект БДУ.

Дар’я КОЎЗА
Больш фота ў групе форуму
Вiдэа тут
print

Вам таксама можа спадабацца: