15-ы сезон «Тэатральнага куфра, БДУ–2018» адкрыўся ва ўніверсітэце

18 Sep, 2018.

Асноўныя тэатральныя дзеянні юбілейнага сезону разгорнуцца з 20 па 27 верасня на сцэнах Мінска. Шырокая праграма “Тэатральнага куфара, БДУ–2018” уключае 22 спектаклі, у якіх задзейнічана больш за 250 артыстаў з 12 краін: Беларусі, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ізраіля, Ірана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Узбекістана, Харватыі.

Адкрые тэатральную афішу 20 верасня спектакль “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча. На сцэне выступяць акцёры майстэрні Вячаслава Паўлюця Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

У рамках фэсту будзе арганізавана спецыяльная праграма для дзяцей. Шэсць тэатралізаваных пастановак падрыхтавалі юныя артысты ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Яны выступяць на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (вул. Кірава, 16) і філалагічнага факультэта БДУ (вул. К. Маркса, 31). Усяго будзе прадстаўлена шэсць дзіцячых тэатраў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі і Расіі.

Адным з самых відовішчных дзеянняў стане традыцыйны праект фэсту “Куфар-in-Motion”. Сёлета яго правядзе заслужаны дзеяч мастацтваў Туркменістана, выбітны рэжысёр Цэнтральнай Азіі Аўлякулі Хаджакулі. Удзельнікамі праекта стануць мінскія акцёры, якія на працягу тыдня пад кіраўніцтвам знакамітага пастаноўшчыка створаць арыгінальнае дзейства па матывах паэмы “Каін” Джорджа Гордана Байрана. Прэзентацыя пастаноўкі адбудзецца на сцэне Ліцэя БДУ (вул. Ульянаўская, 8) на цырымоніі закрыцця 27 верасня. Пачатак у 20.00.

Лёс галоўнага прыза “Тэатральнага куфра, БДУ–2018” па традыцыі вырашыць глядач, ацэньваючы кожны спектакль пасля прагляду па 5-бальнай сістэме. Прафесійнае меркаванне выкажа журы ў складзе Аўлякулі Хаджакулі (старшыня журы); Роберта Кіта (Аўстрыя), Валянціны Мароз (Беларусь), Эдварда Люіса (Вялікабрытанія), Канстанціна Абашыдзэ (Грузія), Аляксея Яфрэмава (Расія), Рамана Ганчарука (Украіна).

Даведка.

Фэст “Тэатральны куфар” праводзіцца ў БДУ з 2004 года пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў. Накіраваны ён на аб’яднанне таленавітай і актыўнай моладзі з усяго свету. За сваю гісторыю фэст сабраў больш за 150 тэатраў з 65 краін.

Праграма фэсту. 

Квіткі на спектаклі можна набыць на сайце.

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: