“Бацькоўскі месяц” стартаваў у БДУ

28 Sep, 2018.

На працягу ўсяго кастрычніка ў ВНУ пройдуць 26 тэматычных выстаў, акцый, брыфінгаў і іншых падзей, накіраваных на ўмацаванне сямейных традыцый і каштоўнасцяў. Удзельнікамі мерапрыемстваў стануць усе факультэты і інтэрнаты БДУ.
 
Адкрые праграму тэматычнага месяца тыдзень “старэйшых” бацькоў. Прысвечана яна Дню пажылых людзей і стартуе акцыяй “Дом без адзіноты”. Удзельнікам нагадаюць пра тое, як важна часцей казаць сваім родным цёплыя словы, што стане добрай нагодай для званка бацькам, бабулям і дзядулям. Акрамя таго, у рамках акцыі ў “Картатэцы добрых спраў” усе ахвотнікі змогуць зафіксаваць свае ўжо зробленыя і будучыя ўчынкі ў дачыненні да пажылых людзей. Таксама сувязі пакаленняў прысвечаны брыфінг “Складаныя адносіны дарослых дзяцей з бацькамі”, псіхалагічныя майстэрская “Сіла роду” і кансультаванне “Узаемаадносіны пакаленняў. Бабулі і дзядулі ў сістэме сямейных адносін” і інш.
 
“Тыдзень маці” прапануе таксама практыкум “Мая мама і ўсе, усе, усе. Кола сямейнага балансу”, псіхалагічнае кансультаванне “Маці і дзіця: дыялог даўжынёю ў жыццё” і групы псіхалагічнай падтрымкі “Я гаспадыня свайго лёсу”. Акрамя таго, дзеці змогуць павіншаваць сваіх маці і выказаць словы падзякі ў рамках праграм “Мама — ты мой лёс”, “Ты найлепшая мама…” і інш. Удзельнікі паглядзяць фільм “Супермама” і наведаюць выставу “Вобраз маці ў мастацтве”.
 
У кастрычніку пройдзе таксама “Тыдзень бацькі”. Яна ўключае кансультацыю са спецыялістамі Псіхалагічнай службы БДУ “Праблемы бацькоўства. Мужчыны ў зменлівым свеце” і арганізацыю групы псіхалагічнай падтрымкі “Роля бацькі для дачкі: чаму можа навучыць толькі тата”. Правядзенне брыфінгу “Простыя адказы на няпростыя пытанні. Чаму бацька не разумее?” дазволіць высветліць складанасці ва ўзаемаадносінах з бацькамі.
 
Завершыць “Бацькоўскі месяц у БДУ” тыдзень будучых бацькоў. Яго праграма прапануе ўдзельнікам прайсці псіхалагічнае кансультаванне “Узаемаадносіны маладых мужа і жонкі з іх бацькамі”, псіхалагічны практыкум “Мы толькі пачынаем” і брыфінг “Простыя адказы на няпростыя пытанні. Ты+я”. Таксама будзе арганізаваны круглы стол “Каму патрэбныя дзеці?”. Спецыялісты міжнароднай дабрачыннай арганізацыі АСЕТ, якая займаецца прафілактыкай ВІЧ-інфекцыі ў свеце, і псіхолагі БДУ правядуць прафілактычныя гутаркі з удзельнікамі. Акрамя таго, адбудзецца абмеркаванне важнасці выхавання дзіцяці ў поўных сем’ях.
 
Адзначым, на працягу ўсяго тэматычнага месяца ўсе ахвотнікі змогуць прайсці экспрэс-дыягностыку “Гатоўнасць да сямейнага жыцця”. Яе вынікі пакажуць, наколькі маладыя людзі схільныя да стварэння сям’і.
 
Арганізатарам мерапрыемстваў выступае Псіхалагічная служба БДУ.
 
Падрабязна з праграмай “Бацькоўскага месяца ў БДУ” можна азнаёміцца тут.
 
Дадатковая інфармацыя па тэл.: 8 017 259 74 93.
print

Вам таксама можа спадабацца: