Колькі чалавек рыхтуюць касмічны палёт і якія здараюцца форс-мажоры? Даведаліся студэнты БДУ падчас сустрэчы з нямецкім і амерыканскім астранаўтамі [+відэа]

21 Sep, 2018.

Зусім нядаўна астранаўты Герхард Ціле (Германія) і Лорэн Эктан (ЗША) наведалі факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Як  ствараць касмічную будучыню? На гэта пытанне шукалі адказ падчас "касмічнай" лекцыі, дзе можна было даведацца тое, пра што не пішуць у падручніках.

Герхард ЦІЛЕ (Германія): «Касмічны палёт, у якім я браў удзел, рыхтавалі больш за 300 спецыялістаў, але знакамітымі на ўвесь свет сталі толькі тыя 6 чалавек, што пабылі ў космасе»
 
Нямецкі фізік і астранаўт Герхард Ціле здзейсніў свой адзіны касмічны палёт у 2000 годзе. Галоўнай задачай гэтага палёту з’яўлялася выкананне радарнай тапаграфічнай здымкі паверхні Зямлі. Складанне трохмерных лічбавых картаў зямной паверхні з высокім разрозненнем выконва­лася ўпершыню, аднак, распавя­даючы студэнтам пра касмічную місію, Герхард зрабіў акцэнт не на тэхнічных складанасцях задання, а на камандзе:
– Хто з’яўляецца адказным за палёт і выкананне задання? Я задаваў гэта пытанне ў розных аўдыторыях і часцей за ўсё чуў адказ: «Астранаўты». Насамрэч, такі адказ дакладны толькі часткова. У нашым выпадку палёт рыхтавалі больш за 300 чалавек: навукоўцы, інжынеры, тэхнічныя спецыялісты. Падрыхтоўка пачалася за тры гады да запуску, а калі мы вярнуліся на Зямлю, то навукоўцы апрацоўвалі і аналізавалі атрыманыя намі да­дзеныя яшчэ два гады. У выніку ўся праграма заняла пяць гадоў, над  ёй працавала вялікая колькасць людзей, але знакамітымі сталі толь­кі тыя 6 чалавек, якія 11 дзён правялі ў космасе. Я хачу звярнуць вашу ўвагу, што калі б не вялікая каманда спецыялістаў, то шатл ні­колі б не адарваўся ад Зямлі і на­огул не дасягнуў бы космасу.
І, вядома, каб палёт адбыўся, а заданне было выканана паспяхова, вельмі важная камунікацыя:

– Мы ўсе людзі, і ўсе робім памылкі, але самыя сур’ёзныя з іх адбываюцца з-за неразумення. Вы ўспрымаеце тое, што я кажу, зыходзячы са свайго бачання свету, і наадварот. Таму астранаўты прыкладваюць вялікія высілкі, каб паміж імі не паўстала непаразумення. Я са сваімі калегамі да палёту правёў 18 месяцаў, мы працавалі побач і за гэты час навучыліся разумець без слоў, што чалавек збіраецца сказаць ці зрабіць. Усё дзякуючы аднаму правілу, якое ўвёў наш камандзір: задаваць адзін аднаму пытанні, ведаючы на іх адказ. Гучыць вельмі дзіўна. Насамрэч, навошта мне штосьці пытаць, калі  я ведаю адказ? Аднак гэта са­праўды працуе, бо, калі я атрым­ліваю адказ прыкладна такі, як і   чакаў – значыць, камунікацыя прай­шла паспяхова, але калі адказ на­огул нечаканы, то або я зусім не зразумеў сітуацыі, што вельмі дрэнна ў космасе, або чалавек не ўцяміў сутнасці майго пытання.

Лорэн ЭКТАН (ЗША): «Не варта баяцца складаных рэчаў, таму што яны могуць прывесці да добрых вынікаў, напрыклад, да палёту ў космас»

Свой палёт у космас Лорэн Эктан здзейсніў як навуковец-даследчык, у яго абавязкі ўваходзіла правядзенне навуковых даследаванняў Сонца і іншых нябесных аб’ектаў з выкарыстаннем перадавых тэхналогій даследавання прасторы. Аднак яго палёт мог і не адбыцца:
 
– Пасля доўгіх гадоў падрых­тоўкі ў ліпені 1985 г. наш карабель быў гатовы да палёту. Гэта быў выдатны дзень у Фларыдзе, і ўсё ішло цудоўна, але, калі мы ўжо знаходзіліся на борце і павінны былі ўзлятаць, за 3 секунды да старту камп’ютары выявілі праблему ў  адным з асноўных рухавікоў – гэта былі дрэнныя навіны для нас. Запуск перанеслі, і «Чэленджар» усё-такі ўзляцеў праз 17 дзён. За гэты час я паспеў наведаць усе вечарынкі, якія былі арганізаваны ў Фларыдзе з нагоды нашага старту, – смеючыся, успамінае Лорэн.
 
З яго выступлення зразу­мела, што складанасцяў па жыцці аст­ранаўт не баіцца і ва ўсім шукае плюсы:
– Калі мне трэба было вызна­чацца з прафесіяй і паступаць ва ўніверсітэт, мой брат параіў мне заняцца фізікай, ён сказаў, што  варта заняцца самай складанай рэччу, у якой я магу дасягнуць поспеху. Я паслухаўся яго парады і пазней заняўся навукай, што потым прывяло мяне да таго, што я стаў спецыялістам па карыснай нагрузцы на касмічным караблі. Не варта баяцца складаных рэчаў, яны могуць прывесці да добрых вынікаў.

Падчас палёту ў каманды былі цікавыя і важныя задачы – вывучэнне інфрачырвоных прамянёў, Сон­ца. Пасля сур’ёзных спраў экіпаж разнявольвала музыка: Лорэн – першы астранаўт, які ўзяў у космас гармоніку, «мы ігралі і спявалі, гэта было вельмі фальшыва, але давала магчымасць адпачыць». Без памылак у эксперыменце тым не менш не абышлося:
– Падзялюся сумнай, але вельмі важнай гісторыяй пра тое, як пад­час палёту я дапусціў сур’ёзную памылку. Гэта быў вельмі просты эксперымент, я ведаў, як яго выконваць, аднак чалавеку ўласціва забываць, як рабіць некаторыя рэчы. Больш за 30 гадоў мая памылка не дае мне спакою, я думаў пра прычыны і прыйшоў да высновы: не хапіла практыкі. У мяне ёсць для  вас адна парада: калі робіце нейкую важную рэч, то вам варта праца­ваць і працаваць не да таго моманту, калі вы зможаце ўсё зрабіць правільна, а да таго моманту, па­куль у вас проста не атрымаецца зрабіць няправільна.
 
Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
print

Вам таксама можа спадабацца: