Рэктар СПбГУП Аляксандр Запясоцкі: “Вышэйшая адукацыя не для кожнага, трэба даказаць сваё права на яе”

1 Oct, 2015.

 

Запесоцкий АлександрНапрыканцы мінулага тыдня ў Мінск прыехаў рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў Аляксандр Сяргеевіч Запясоцкі. Тут ён падпісаў дамову пра партнёрства з БДУ і правёў лекцыю пра сучасную адукацыю на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. У саміх гэтых падзеях нічога звышардынарнага няма. Рэктары іншых ВНУ часта прыязджаюць у БДУ, а дамова пра супрацоўніцтва – толькі дэкларацыя пра намеры. А вось у асобе Запясоцкага, мабыць, пара разыначак маецца.

Першая разыначка – гэта незвычайны паслужны спіс рэктара. Тут і доктар культуралогіі, і член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, і акадэмік Расійскай акадэміі адукацыі, і нават заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Сам Аляксандр Запясоцкі падчас лекцыі на ФФСН БДУ згадаў, што мае 2200 навуковых публікацый. А гэта вельмі шмат. Акрамя ўсяго іншага, гэты чалавек працуе рэктарам у сваёй ВНУ з 1991 года, а ў 2009 абраны намеснікам старшыні савета рэктараў Санкт-Пецярбурга.

Другая разыначка – гэта погляды Аляксандра Сяргеевіча на сучасную адукацыю. Напрыклад, у сваёй лекцыі Запясоцкі канстатуе, што адукацыя ў Расіі цяпер знаходзіцца ў глыбокім крызісе.

IMG_4779+ А здарылася гэта, па меркаванні доктара Запясоцкага, з-за няўмелага ўкаранення ў савецкую мадэль заходніх прынцыпаў і ідэалаў, з-за камерцыялізацыі адукацыі, карупцыі і па іншых прычынах. Далей некаторыя ўрыўкі яго выступлення:

- Першапачаткова ўніверсітэцкая адукацыя была заклікана фарміраваць тып асобы з адмысловым сістэмным бачаннем свету. Паступова вельмі шматлікія ўніверсітэты сталі ператварацца ў нейкі аналаг ПТВ, прафтэхвучылішча. У ПТВ вучыць класці цэглу, а ва ўніверсітэце вучаць штосьці рабіць у тэхнічнай сферы, медыцынскай сферы і г. д. Гэта значыць, гістарычная роля ўніверсітэтаў вельмі хутка размываецца. Тым не менш, калі ва ўніверсітэце ўсё правільна, то ён павінен рыхтаваць адмысловую эліту нацыі. […] У нас у звычайнай савецкай сістэме выдавалася спачатку фундаментальная адукацыя. За першыя тры курсы мы давалі вельмі сур'ёзны набор базавых прадметаў, а потым на іх аснове чалавек мог вельмі якасна асвоіць спецыяльнасць. І калі да мяне прыходзілі студэнты і казалі, скажам: "Аляксандр Сяргеевіч, чаму ў нас няма "прафесіі" на першым курсе? Дайце нам штосьці такое адразу, каб мы маглі зарабіць грошы". Наогул, задача ўніверсітэцкай адукацыі, па меркаванні многіх студэнтаў, гэта калі прыходзіш і кажаш: "Прафесар, як мне зарабіць грошы?" Ён табе па пунктах кажа: "Рабі першае, другое, трэцяе, на выхадзе будуць грошы". Але гэта не ўніверсітэцкая адукацыя. Гэта адукацыя па сістэме прафтэхвучылішча. Ты бярэш цэглу ў левую руку, скрабок – у правую, чэрпаеш раствор, растворам робіш вось так, кладзеш цэглу і паўтараеш гэта цэлы працоўны дзень. У канцы атрымліваеш грошы.

Запесоцкий Александр

 

***

- З майго пункта гледжання абсалютна неабходна вяртацца да пяцігадовай падрыхтоўкі спецыяліста. Яе ж не адусюль прыбралі. Сказалі, што спецыялісты ў гуманітарнай сферы могуць за чатыры гады вывучыцца, чаго ўжо там. А ўрача за чатыры гады вывучыць нельга, інжынера нельга вывучыць. У нас інжынерныя профільныя міністэрствы гэта ўсё абаранілі. Што адбываецца, калі трэба скараціць восем тысяч гадзін на паўтары тысячы?

Абагульняючы сказанае, Аляксандр Запясоцкі назваў такія праблемы сучаснай адукацыі ў Расіі:IMG_4747+

  1. Адукацыя не павінна зводзіцца толькі да навучання.
  2. Вышэйшая адукацыя не з'яўляецца паслугай, а студэнт не з'яўляецца спажыўцом.
  3. Нельга слепа капіяваць захад. Нельга слепа ўводзіць Балонскі працэс.
  4. Універсітэты пазбаўлены акадэмічнай свабоды, аўтаноміі ад чыноўнікаў.
  5. Выхаванне выведзена за рамкі ўніверсітэтаў. Адсутнічае звычайная здаровая матывацыя да вучобы. Калектывізм замяшчаецца індывідуалізмам.
  6. Вельмі моцны нахіл у бок вузкай прафілізацыі.
  7. Падзенне дысцыпліны і адказнасці, няправільнае разуменне студэнтамі правоў і свабод.
  8. Рэзкае звужэнне самастойнасці мыслення студэнтаў.
  9. Няправільная пабудова канкурэнцыі паміж ВНУ.
  10. Размытасць крытэрыяў якасці. "Ніхто ў Расіі цяпер не можа сказаць, што ёсць якасная адукацыя. Гэта замяняецца рэйтынгамі, а гісторыя з рэйтынгамі – гэта наогул велізарнае шарлатанства".
  11. Неразуменне ролі навуковых публікацый, цытавання, навуковай дзейнасці.
  12. "Збіванне" старых кадраў.
  13. Механізмы адбору і абагульненні перадавога досведу адсутнічаюць.
  14. Сувязь са школай і прафарыентацыя страчаны.
  15. Віртуалізацыя ўніверсітэтаў. "Ёсць яшчэ такая забаўная з'ява. Я б назваў яе "віртуалізацыяй універсітэтаў". Студэнты паступаюць ва ўніверсітэты, не выбіраючы рэальны ўніверсітэт, а выбіраючы сайт універсітэта. Цяпер канкуруюць не ўніверсітэты паміж сабой па якасці адукацыі, а сайты ўніверсітэтаў".

 

Па заканчэнні свайго выступлення перад студэнтамі рэктар СПбГУП адказваў на пытанні журналістаў, у тым ліку і карэспандэнта "Універсітэта".

IMG_4834

- Хацеў папрасіць, Аляксандр Сяргеевіч, каб вы назвалі асноўныя аспекты дамовы пра супрацоўніцтва і свае чаканні ад яе.

- Ведаеце, я нічога рэвалюцыйнага не скажу. Рэктары падпісваюць стандартныя дамовы пра акадэмічнае супрацоўніцтва, якія ў акадэмічнай супольнасці існуюць як устойлівыя рэчы. У гэтым сэнсе новых формаў мы не прыдумляем. А далей усё залежыць ад таго, як бакі збіраюцца гэта рэалізоўваць. Такія дамовы або напаўняюцца вялікім зместам, і ідзе рэальная ўзаемна цікавая праца, або яны застаюцца мёртвымі і выкарыстоўваюцца для справаздачнасці. І вось я сёння ўпершыню бачыўся з вашым рэктарам. У мяне склалася такое ўражанне, што Сяргей Уладзіміравіч [Абламейка] нічога не робіць проста так, для справаздачнасці.

- Добра. Калі беларускія студэнты паедуць у Пецярбург вучыцца ці наадварот?

- Дайце мне магчымасць даехаць да Пецярбурга. Я думаю, мы дамовімся. У нас выдатныя кантакты з вашым дэканам. Мы з задавальненнем прымем студэнтаў з Мінска. І самае галоўнае, мне вельмі падабаецца ў вас такая культурна-маральная атмасфера. Я другі дзень у Мінску, але ў мяне вельмі прыемныя ўражанні.

- У Беларусі доўгая і цяжкая гісторыя ўваходжання ў Балонскі працэс. Прынялі нас толькі ў маі 2015 года. Можаце даць ацэнку: Балонскі працэс – гэта добра ці дрэнна?

IMG_4788+- Я думаю, што трэба ставіцца да Балонскага працэсу вельмі асцярожна. І не абавязкова спяшацца, каб паўсюль прынялі. Трэба ўважліва паглядзець, куды прымаюць. Гэта значыць, што трэба суадносіць патрабаванні і прапановы, якія паступаюць у адрас Беларусі, з рэальнымі запатрабаваннямі. Далёка не ўсё, што нам прапануе захад, добра. Напрыклад, скарачэнне адукацыйнага часу; зніжэнне гуманітарнага складніку, якое непазбежна адбываецца пад уплывам Балонскага працэсу; вузкая спецыялізацыя; фарміраванне чалавека-функцыянера. Гэта не добра.

- У сваім матэрыяле ў "Камсамольскай праўдзе" вы неяк выказаліся ў адрас "студэнтаў-двоечнікаў", якіх, па-вашаму, трэба скарачаць. А можа, праблема ў іншым? Прэстыж добрых адзнак падае. Выдатнікам быць нямодна, а працадаўцы не глядзяць на дыплом.

- Ёсць метады ўнутрыўніверсітэцкай працы, якія змяняюць гэту сітуацыю. Магчыма, самае слабае месца савецкай сістэмы адукацыі было ў ацэньванні ведаў. "Пяцёркі" даставаліся залёгка. І "тройкі" даставаліся залёгка. Гэта такая няправільная дабрадушнасць. Студэнт не адчувае рэшткавую адказнасць за атрыманне ведаў і адукацыю. Таму педагог, прынамсі ў Расіі, павінен быць істотна больш патрабавальны і дамагацца больш высокага ўзроўню засваення матэрыялу. Таму з двоечнікамі трэба больш строга.

- Аж да…

- Так, менавіта. Толькі так. Разумееце, вышэйшая адукацыю не для кожнага. Трэба даказаць сваё права на яе. Ты не проста павінен сядзець на лекцыях. Ты павінен даказаць, што ты высокаадукаваны чалавек.

- Але ж калі колькасць студэнтаў скараціцца, ВНУ не атрымаюць грошы.

- І што? Грошы – гэта не самае галоўнае ў жыцці. Вось і ўсё.

Размаўляў Віталь АРЭШКА

IMG_4758+

 

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *