У стылі БДУ. Хімічнымі вулканамі, фізічнымі эксперыментамі і тэмай сям’і прываблівалі студэнты наведнікаў на Дні горада

14 Sep, 2018.

Цёплае надвор'е пацешыла госцяў і жыхароў Мінска на яго свята – 951 год з дня заснавання! Традыцыі адзначаць Дзень горада ўжо 17 гадоў. З самай раніцы Мінск стаў месцам, дзе праходзілі гістарычныя рэканструкцыі, концэрты, забаўляльныя праграмы. Парк імя Паўлава, дзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіў сваю пляцоўку.

Са сваімі праграмамі выступілі ўдзельнікі конкурсу "Найлепшы моладзевы праект БДУ", які ўжо доўгія гады дае старт адважным ідэям студэнтаў. Так, сваё майстэрства ў гэты дзень дэманстравалі праектныя каманды "Віртуозаў хімічнага эксперыменту", "Лекторыя па эксперыментальнай фізіцы", "Экастылю БДУ" і праекта па фарміраванні сямейных каштоўнасцяў у моладзі "Сафія".

Першыя здзіўлялі гледачоў хімічнымі вулканамі і растворамі, якія змяняюць колер, другія – займальнымі фізічнымі эксперыментамі, у якіх мог паўдзельнічаць кожны, трэція знаёмілі з тэмай экалогіі, чацвёртыя – ўздымалі ўсеагульную тэму сям'і і запрашалі да фотазоны з тэматычнымі хэштэгамі.

Гледачоў, удзельнікаў, неабыякавых было шмат! У дзяцей гарэлі вочы падчас назірання за доследамі, бацькі  даведваліся пра гурткі юных хімікаў і фізікаў, і ўсе разам прасілі зрабіць агульнае сямейнае фота на памяць.                                                                            

На свяце была і творчая студыя "MiM-BSU", якую таксама з усіх бакоў атачылі дзеткі. Да мастакоў прысаджваліся дзяўчаткі і хлопчыкі, а сыходзілі прыгожыя прынцэсы, кветкавыя феі, чараўнікі і супергероі.

Нямала цікавага прапанавалі гледачам супрацоўнікі Псіхалагічнай службы БДУ. Як дарослыя, так і дзеці маглі прайсці дыягностыку, пазнаёміцца з праграмамі па развіцці лідарскіх якасцяў, самапрэзентацыі, ролі ў калектыве.

Упраўленне па справах культуры БДУ выступіла з ініцыятывай правесці ў рамках свята "Квітней мой Мінск, мая сталіца" харавы сход "Спявай, душа народная!", у якім змаглі прыняў удзел больш за 100 чалавек: харавыя калектывы (народная харавая капэла БДУ, народны хор народнай песні "Родніца" БДУ і інш.), вакальныя ансамблі і групы раёна, а таксама ўсе ахвотнікі.

На харавым сходзе "Спявай, душа народная!"

А напярэдадні святкаванняў Дня горада 7 верасня на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе БДУ ўпраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска была праведзена акцыя "Мы за спорт – за здаровую нацыю". У рамках акцыі прайшлі спартыўныя спаборніцтвы па міні-футболе, камбінаванай эстафеце і кулявой стральбе. Каманды складаліся са школьнікаў, навучэнцаў устаноў ПТА і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. Каманда, у склад якой уваходзіў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, заняла I месца. Група падтрымкі і нашы спартсмены годна прадставілі ўніверсітэт. 

Чарговы Дзень нараджэння нашага горада прайшоў ярка і грандыёзна, і можна не сумнявацца, што ўсе, хто ў гэты святочны дзень сустрэўся з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, сталі трохі шчаслівейшымі і радаснейшым.

Наталля КАПАЦЭВІЧ
Фота Улада Мядведзева

 

print

Вам таксама можа спадабацца: