У Германіі маладыя людзі цікавяцца палітыкай. Студэнтка БДУ пра стажыроўку ва ўніверсітэце Гісена

12 Sep, 2018.

У межах праекта “Магчымасці з БДУ” упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю студэнтка 4 курса факультэта міжнародных адносін Алеся СМЯХОВІЧ распавяла пра навучанне ва ўніверсітэце Юстуса Лібіха ў г. Гісен (Германія).

Падчас летняга семестра 2018 года для стажыроўкі я выбірала менавіта нямецкую ВНУ, бо чула шмат станоўчых водгукаў пра якасць навучання ў Германіі і ўмовы для жыцця студэнтаў. У БДУ я пачала вывучаць нямецкую мову, і пасля 2,5 гадоў змагла досыць упэўнена пачувацца ў нямецкамоўным асяроддзі.

– Па якой праграме апынуліся там? Ці складана было падрыхтаваць дакументы, распавядзіце паэтапна.

Магчымасць праходжання стажыроўкі я атрымала дзякуючы стыпендыі Таварыства студэнцкіх абменаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (GFPS). GFPS аб'ядноўвае студэнтаў з Германіі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Беларусі. Беларускія студэнты могуць паехаць у Германію ці ў Польшчу.

Дакументы падрыхтаваць нескладана, калі своечасова пачаць і адказна падысці да справы. Набор праводзіцца 2 разы ў год – у кастрычніку і ў красавіку на летні і зімовы семестр адпаведна. Да 5 кастрычніка 2018 года можна падацца на наступны летні семестр.

Для ўдзелу неабходна быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусі, вучыцца мінімум на 3 курсе беларускай ВНУ і валодаць нямецкай на ўзроўні не ніжэйшым за B2. Пры падачы дакументаў трэба запоўніць анкету, скласці рэзюмэ, абраць тры нямецкія ВНУ, у якіх жадаў бы вучыцца, напісаць матывацыйнае пісьмо і скласці план навучання для кожнай абранай ВНУ. Акрамя гэтага ў партал на сайце загружаецца фатаграфія, дакумент, які пацвярджае веданне нямецкай мовы, даведка пра акадэмічную паспяховасць і (па жаданні) рэкамендацыйнае пісьмо. Падрабязная інфармацыя на нямецкай мове пра пералік дакументаў можна знайсці на сайце http://www.gfps.org/.

Пасля праходжання адбору і атрымання стыпендыі трэба падрыхтаваць дакументы для залічэння ў нямецкую ВНУ. На гэтым этапе ў кожнага стыпендыята ёсць куратар, які каардынуе ўсіх беларускіх удзельнікаў, і куратар у горадзе, куды студэнт паедзе вучыцца.

Праграма GFPS аплачвае ўнёсак за навучанне ў нямецкім універсітэце і візавы збор. З атрыманай стыпендыі студэнт абавязкова аплачвае пражыванне і штомесячную страхоўку. Усе астатнія сродкі выкарыстоўваюцца на сваё меркаванне.

Асаблівасцю праграмы GFPS з'яўляецца тое, што кожны стыпендыят за час навучання ў нямецкай ВНУ павінен распрацаваць навуковы праект і прадставіць яго ў канцы семестра на форуме разам з іншымі стыпендыятамі. Дарэчы, форум адкрыты, г. зн. у ім могуць браць удзел усе ахвотнікі.

Напачатку семестра стыпендыяты з усіх краін-удзельніц GFPS збіраюцца разам, каб пазнаёміцца адзін з адным. Кожны год гэтыя сустрэчы праходзяць у розных гарадах і абавязкова суправаджаюцца культурнай праграмай. Наша першая сумесная сустрэча была ў Гётынгене, а заключны форум у Гейдэльбергу.

–А ці магчыма падарожнічаць падчас стажыроўкі, калі так, то што Вы наведалі?

Для вандраванняў у мяне было шмат магчымасцяў. У Германіі я атрымала студэнцкі квіток, з якім я магла бясплатна ездзіць у грамадскім транспарце па ўсёй федэральнай зямлі майго горада. Гісен знаходзіцца ў зямлі Гесен, дзе захавалася шмат маленькіх аўтэнтычных нямецкіх гарадкоў з фахверкавымі дамамі, сярэднявечнымі касцёламі, брукаванкай і замкамі. Вецлар, Марбург, Лімбург, Касель – мае самыя любімыя гарады. Даволі часта бывала ў Франкфурце, куды на цягніку даехаць лёгка за 40 хвілін. Ездзіла ў Брэмен і ў Баварыю да сяброў, з якімі я пазнаёмілася ў Мінску, калі яны прыехалі да нас у летнюю школу, арганізаваную Інстытутам нямецкіх даследаванняў БДУ. У цэлым, я змагла паглядзець розную Германію ў яе розных частках.

–Які Ваш досвед можа істотна палегчыць падрыхтоўку і знаходжанне ў іншай краіне нашым студэнтам?

Я раю вучыць мову краіны, у якую вы едзеце. Гэта палягчае і жыццё, і вучобу. Пачуваешся нашмат камфортней, калі разумееш, што адбываецца вакол.

–Якое жыццё ў Германіі?

Мне ў Германіі жыць было вельмі камфортна – развітая інфраструктура, сучасная тэхніка ва ўніверсітэце, ветлівае стаўленне ў грамадскіх установах. Я доўга прывыкала, што па нядзелях крамы і супермаркеты не працуюць, а цяпер мне складана адвыкнуць ад гэтага.

У шматлікіх нямецкіх ВНУ досыць шмат замежных студэнтаў, таму ёсць выдатная магчымасць мультыкультурных зносін. У Германіі цяпер шмат уцекачоў, што па-рознаму ўспрымаецца жыхарамі розных рэгіёнаў краіны.

–Якая ў іх моладзь?

Моладзь усюды моладзь. Мне было лёгка знайсці агульную мову з імі. Студэнты ў інтэрнаце і ва ўніверсітэце вельмі прыязныя і дапамагалі мне шмат у чым. Адзінае, магу сказаць, што ў Германіі многія маладыя людзі цікавяцца палітыкай і добра разбіраюцца ў ёй. Гэта развіваецца яшчэ са школы, дзе ім выкладаюцца ўрокі, звязаныя з гэтай тэмай.

–У чым заўважылі розніцу ў працэсе адукацыі, у чым было лёгка, а ў чым складаней?

Ёсць пэўныя адрозненні ў самой сістэме навучання. Па-першае, студэнты самі выбіраюць курсы, якія яны хочуць наведваць. Дзякуючы гэтаму яны ў большай ступені ўплываюць на свой графік. Наведванне заняткаў абавязковае; калі прапускаеш больш за два разы, можаш быць недапушчаны да іспыту. Іспыты таксама праходзяць трохі па-іншаму. На кожны з іх ты рэгіструешся асобна. Па нумары студэнцкага квітка табе ў аўдыторыі вылучаецца месца, так ацэньванне праходзіць максімальна незалежна. Вынікі апрацоўваюцца часткова на камп'ютары і становяцца вядомыя толькі праз некалькі тыдняў.

Па-другое, каардынацыя ўсяго працэсу навучання праходзіць праз спецыяльную электронную платформу. Праз яе складаецца расклад, атрымліваюцца матэрыялы, вядуцца зносіны з выкладчыкамі і іншымі студэнтамі. Там жа выконваюцца трэніровачныя анлайн-заданні. Па-трэцяе, ступень бакалаўра па маёй спецыяльнасці звычайна можна атрымаць за 3 гады, а не за 4.

Праца на працягу семестра вельмі дакладна распланавана. На першых занятках выкладчык падрабязна прадстаўляе структуру праграмы, патрабаванні, і адразу ж размяркоўваюцца заданні паміж студэнтамі. Працаваць на лекцыях і семінарах было не складана, таму што ўсе пытанні адразу абмяркоўваліся. Галоўнае было не баяцца пытаць. Таксама многія выкладчыкі прапануюць зносіны на "ты" замест "вы" і просяць называць іх па імені.

Мне спадабалася, што на занятках у мяне было шмат групавой працы, у тым ліку ў крэатыўным фармаце – абмеркаванні, гульні, апытанні. Часта на лекцыі запрашаліся госці або мы самі групай ездзілі на экскурсіі. Так, адзін раз сустрэча прайшла на прадпрыемстве Deutsche Bahn Regio (Рэгіянальная нямецкая чыгунка), якое распрацоўвае канцэпцыю Ideenzug (цягнік ідэй). Там мы ўбачылі навінкі для нямецкіх цягнікоў у хуткай будучыні, такія як пакой з велатрэнажорамі, новы дызайн сядушак, індыкатары, якія паказваюць загрузку вагонаў пасажырамі, і інш.

–Якія іх традыцыі Вы заўважылі ў краіне, у навучальнай установе?

Калі казаць пра цікавыя назіранні ў студэнцкім жыцці, то ў Германіі прынята заўсёды паднімаць руку, перш чым адказаць ці сказаць штосьці. А дакладней, не руку, а ўказальны палец. Пасля лекцыі ўся аўдыторыя пляскае выкладчыку, і ў Германіі гэта таксама адбываецца асаблівым чынам – студэнты пастукваюць кулаком па стале. Там не лічыцца дрэнным тонам перакусіць падчас заняткаў. Заняткі пачынаюцца на 15 хвілін пазней і сканчаюцца на 15 хвілін раней у параўнанні з часам, указаным у раскладзе. І гэта не бязладзіца, а прытрымліванне традыцыі, якая ўзнікла ў першых універсітэтах, калі студэнты пераходзілі ад дома аднаго прафесара да дома іншага.

–Мэта Вашай стажыроўкі была дасягнута?

Так, я навучалася цэлы семестр у нямецкай ВНУ і напісала навуковы праект па тэме "Праблема пластыку ў Германіі: сучасны стан і магчымыя рашэнні" (Das Plastik problem in Deutschland: aktueller Standund Lösungsansätze").

–Што для Вас БДУ?

Я вельмі рада, што вучуся ў БДУ на факультэце міжнародных адносін. Мне падабаецца атмасфера адкрытасці, гнуткасці, здаровай канкурэнцыі і жадання пастаяннага развіцця. У БДУ актыўнае грамадскае жыццё, шмат студэнцкіх праектаў.

–Ці ёсць планы на будучыню, якія магчымасці з'явіліся пасля навучання і як іх збіраецеся выкарыстоўваць?

Разам з іншымі беларускімі стыпендыятамі мы цяпер працуем над распаўсюджаннем інфармацыі пра праграму GFPS. Беларусь у таварыстве ўжо 15 гадоў (з 2004 г.), а пра гэту ўнікальную магчымасць ведаюць нямногія. 24 верасня ў 19:00 на філфаку БДУ пройдзе інфармацыйная сустрэча, куды мы ўсіх запрашаем.

Гутарыла
Кацярына ШАЙКО

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: