На фінішы ні пра што не думаеш, а проста жывеш! Як БДУ бег на Мінскім паўмарафоне–2018 [+відэа]

11 Sep, 2018.

На прасторных праспектах Мінска стала 9 верасня цесна: упершыню больш за 35 тысяч чалавек прабеглі Мінскі паўмарафон. Сярод іх – кіраўнікі, супрацоўнікі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І гэта больш за 1700 тых, хто называе БДУ сваёй  alma mater.

Мінскі паўмарафон упершыню праводзіўся ў такім маштабе. У забегу стартавалі ўдзельнікі з 53 краін і 198 населеных пунктаў Беларусі і з 89 гарадоў Расіі. 1300 замежнікаў, 600 – прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, 250 з якіх – масквічы, 130 – жыхары Пецярбурга.

З прыгожым нумарам 28000 зборную каманду БДУ ўзначаліў рэктар Андрэй Кароль. Выйшаў таксама на старт і прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці Міхаіл Чарапеннікаў разам з сынам Раманам.

Сярод велізарнага натоўпу "нашых" знайсці было лёгка: сінія кепкі з эмблемай і надпісам "БДУ", яркія блакітныя майкі.

Асноўны склад зборнай прыняў удзел у самым масавым забегу на 5,5 кіламетраў. Але ёсць і тыя, хто скарыў і 10,5 і 21 кіламетр.

Гэта даказвае адно: БДУ аб'ядноўвае не толькі любоў да ведаў, але і спорт!

Напрыклад, знакаміты выпускнік–2015 Ігар Худніцкі, стваральнік Business Intelligence Club, дзе для студэнтаў БДУ выступаюць паспяховыя бізнесмены, падзяліўся ўражлівымі вынікамі: "Сёлета я вырашыў не разменьвацца на дробязі. Як казала мая сяброўка Юля, навошта жадаць меншага, калі можна жадаць большага? Вось я і вырашыў прабегчы 21 км. Што з гэтага выйшла: за 3 месяцы 43 трэніроўкі, набегаў 308,75 км, спаліў 24655 ккал, бегаў у агульнай складанасці 32 г 36 мін 37 сек, заразіў яшчэ 5–6 чалавек бегам".

Больш за 30 студэнтаў далучыліся да дабрачыннай акцыі падчас марафону ў падтрымку хворых дзяцей #геномбегом, якую арганізаваў часопіс "Імёны". Начальнік моладзевых праектаў УВРМ Наталля Ярашэвіч падзялілася ўражаннямі: "Гэты забег для мяне пра Сям'ю. Пра праект "Сафія", пра сям'ю БДУ, пра сям'ю ў цэлым (дзеці, бацькі, бабулі, дзядулі). Гэта было прыемна і натхняльна! Атмасферу стваралі хары, аркестры, касцюмы, каманды з крычалкамі, канфеці, акцыі сацыяльнай падтрымкі, надвор'е і радасць кожнага ўдзельніка! Шчасце быць часткай кожнай сям'і і ўсяго паўмарафону. Выдатна, што мы прабеглі яго ў рамках забегу #геномбегом, шчаслівым і здаровым людзям быць!".

А ёсць і тыя студэнты, якіх не палічыць: многія рэгістраваліся загадзя і хадзілі на спецыяльныя трэніроўкі, каб падрыхтавацца да працяглых забегаў. Хтосьці не ведаў, што можна патрапіць у каманду БДУ, хтосьці бег са сваёй другой палавінкай з універсітэта ці заадно з сябрамі. Студэнтка Ірына Петыш прызнаецца, што раней не любіла бег: "Мяне заўсёды здзіўлялі і вельмі натхнялі людзі, якія жывуць бегам. Да іх мне пакуль далёка, але часам мне здаецца, што я іх у чымсьці разумею. У гэты раз, як і год назад, я адзін раз спынілася. І не прабегла 10 км, як абяцала, а зноў 5,5 км. Але я не засмучана і ніяк сябе не саромлю, таму што я зноў запісалася, ізноў прыйшла і зноў дабегла да фінішу. Са мной былі мае сябры, а на фінішы я ўбачыла маю сям'ю, для якіх я ўжо герой. Калі нарэшце перасякаеш фініш, у такі момант наогул ні пра што не думаеш, а проста жывеш. Адчуваеш свае ногі, рукі, якое калоціцца сэрца, гарачыя шчокі, пульсацыю ў галаве. Востра чуеш натоўп, людзей вакол, увесь гэты струмень. І гэта настолькі зачароўвае, што, толькі фінішаваўшы, ты ўжо чакаеш наступнага старту".

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Таццяны Багамазавай
 
print

Вам таксама можа спадабацца: