Дыялог у новым фармаце. Якім бачаць універсітэт старасты першага курса? [+відэа]

16 Oct, 2018.

Першакурснікі БДУ падзяліліся з рэктарам Андрэем Каралём ідэямі развіцця нашага ўніверсітэта і ўдасканалення кіраўнічых і адукацыйных працэсаў.

Размова прайшла ў рамках выязнога адукацыйнага семінара «Ты – стараста!», удзельнікамі якога сталі звыш 160 студэнтаў.

Фармат сёлетняй сустрэчы быў зменены з мэтай даць студэнцкай моладзі магчымасць стаць датычнай да кіраўнічага і адукацыйнага працэсаў БДУ. Першакурснікі выступілі з ініцыятывамі па паляпшэнні якасці адукацыі, сістэмы працаўладкавання выпускнікоў, сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, развіцця студэнцкай актыўнасці і практыка-арыентаванага навучання. Таксама студэнты абмеркавалі кадравае пытанне, прасоўванне брэнда БДУ, умацаванне фінансавай стабільнасці і святкаванне 100-годдзя ўніверсітэта.

Галоўным экспертам у ацэнцы моладзевых ідэй выступіў рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ён адзначыў, што некаторыя ініцыятывы рэалізаваныя ў ВНУ, але ёсць шэраг прапаноў, якія могуць быць выкарыстаны ў найбліжэйшы час. У іх ліку стварэнне інтэрактыўнага календара падзей універсітэта, анлайн-базы партфоліа студэнтаў, прыцягненне маладых кадраў у прафесарска-выкладчыцкі склад, укараненне дыстанцыйнага навучання і інш.

Высока былі ацэнены рашэнні пытання па ўзмацненні ролі БДУ як генератара ідэй і тэхналогій. У якасці пэўных дзеянняў прапанавана правядзенне на рэгулярнай аснове мерапрыемстваў у фармаце ка­воркінгу, развіццё міждысцыплінарнага падыходу ў навучанні, дапамога ў рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль па­абяцаў, што адна чацвёртая частка агучаных прапаноў абавязкова будзе прадстаўлена і разгледжана на найбліжэйшым Савеце БДУ. Важ­на, каб дэканы і кіраўнікі падраздзяленняў бачылі погляд першакурсніка на пытанні развіцця ўніверсітэта.

Арганізатарамі выязнога адукацыйнага семінара «Ты – стараста!» выступаюць савет старастаў сумесна з упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю БДУ.

Прапануем вашай увазе некаторыя ідэі студэнтаў

Мікалай КУНЦЭВІЧ, факультэт міжнародных адносін БДУ:
– На каворкінгу з рэктарам перад нашай камандай было пастаўлена пытанне пра развіццё карпаратыўнай культуры, сацыяльных гарантый, эканамічных стымулаў у БДУ. Нам прыйшлі ў галаву некаторыя ідэі. Сярод іх: увядзенне рэйтын­гавай сістэмы для супрацоўнікаў, чыю дзейнасць могуць ацэньваць і адміністрацыя, і студэнты. Наступным пунктам мы прапанавалі магчымасць выбару выкладчыка па профільным прадмеце, напрыклад, калі студэнт хоча вывучаць тэму на глыбейшым узроўні. Яшчэ адным пунктам было вядзенне анлайн-курсаў і лекцый у відэа- ці тэкставым фармаце для студэнтаў, якія прапусцілі заняткі. Для тых, хто прапусціў па паважлівай прычыне, гэта было б бясплатна, у іншым выпадку – на платнай аснове. Апошняй ідэй агучана прапанова правядзення  бізнес-сутычкі ці бізнес-каворкінгу на ўзроўні ўсіх факультэтаў. Ства­раліся б каманды, якім бы трэба было скласці бізнес-план па вызначанай тэме і прадставіць яго перад усім універсітэтам.


Ганна ДАМУЦЬ, 1 курс, факуль­тэт міжнародных адносін БДУ:
– Мы спрабавалі разабрацца з праблемай таго, што пасля выпуску студэнты не могуць знайсці працу, бо ў іх адсутнічаюць практычныя навыкі і ім даводзіцца самастойна іх дабіраць. Мы прапанавалі некалькі рашэнняў. Па-першае, правядзенне практычных заняткаў на месцах далейшага працаўладкавання. Па-другое, камунікацыя БДУ з замежнымі ўніверсітэтамі, правядзенне вэбінараў, выездаў, абмен вопытам. Па-трэцяе, фармі­раванне навучальных праграм на аснове меркавання практыкаў і патрабаванняў будучых працадаўцаў. Наша апошняя ідэя – правядзенне псіхалагічных трэнінгаў у якасці факультатыва, каб студэнты ведалі, як паводзіць сябе на сумоўі, і былі стрэсаўстойлівымі.

Сюжэт сустрэчы рэктара з першакурснікамі і асобныя відэа­рэзюмэ тэматычнага каворкінгу можна паглядзець у сацыяльных сетках БДУ.

Алена МАРЦУЛЕВІЧ,
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: