Эпоха камсамола. Анатолій Тозік: “Фарміравалі студэнцкія атрады да 3 тысяч чалавек, якія раз’язджаліся па СССР”

1 Nov, 2018.

1972 год. Берлінскі перон – СБА «Дружба-72» (Анатолій Тозік – аспірант, камісар атрада)

Ленінскаму саюзу моладзі споўнілася 100 гадоў 29 кастрычніка. Пра тое, якім быў той час, распавёў Анатолій Тозік, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя. Сакратар камітэта камсамола БДУ з 1975 г. па 1979 г.

– Да таго часу, калі я ўзнача­ліў універсітэцкі камсамол, ужо абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваць у арганізацыі было вельмі цікава. Памятаю дакладна, як доўга я быў сакратаром, – 3 гады, 3 месяцы і 9 дзён. Памятаю і колькасны склад нашага саюза БДУ – на 1 студзеня 1976 года было 10614 чалавек.

1977 год. Карэлія. СБА імя Чэ Гевары (сакратар камітэта камсамола БДУ)

Мы пачуваліся самастойнымі, старэйшыя таварышы назіралі за намі, але не заміналі. Як знаходзіць сродкі – гэта былі ўжо нашы праблемы. Тады камітэт камсамола БДУ меў правы райкама, у нас было больш за 10 штатных работнікаў.

Мы самі арганізоўвалі летні працоўны семестр. Ганаруся тым, што фарміравалі студэнцкія атрады да 3 тысяч чалавек, якія раз’язджаліся па ўсёй краіне. Асабліва шмат атрадаў выязджала ў Расію (Якуцію, Сібір, Карэлію), Казахстан, Малдову. Тады кожны дзень быў у напружанні. За тваёй спінай – тысячы людзей, за якіх ты нясеш адказнасць перад іх баць­камі і ўніверсітэтам. Ганаруся, што за мае 3 гады працы не было ніводнай смерці.

1977 год. Пасяджэнне парткама БДУ (камітэта ўніверсітэцкай арганізацыі Кампартыі Беларусі). Анатолій Тозік – сакратар камітэта камсамола БДУ

Упершыню ў БДУ ў тыя гады пачалі фарміравацца зімовыя студэнцкія будаўнічыя атрады. Працавалі яны ў перыяд вакацый, іх удзельнікі загадзя зда­валі сесію.

Мы пачыналі злёты першых будатрадаў. Ехалі ў Вязынку, Мікалаеўшчыну. Гэтыя некалькі дзён гуртавалі калектыў, дапамагалі лепш даведацца адзін аднаго.

2017 год. Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ

Многія з тых, у каго была школа камсамола, сталі вядомымі кіраў­нікамі, навукоўцамі, бізнесменамі. Гэта каласальны досвед кіравання людзьмі. Камсамол даў мне шмат для будучай прафесійнай дзей­насці. Лічу, гэта самыя шчаслівыя гады жыцця.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

2011 год. З беларускімі пісьменнікамі і паэтамі на Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах (намеснік прэм'ер-міністра Беларусі)

print

Вам таксама можа спадабацца: