Што такое маргіналіі, экслібрыс? Студэнты хімфака пабачылі рэдкія і каштоўныя кнігі з бібліятэкі БДУ

26 Nov, 2018.

Сучасная ўніверсітэцкая бібліятэка сёння – гэта самыя сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, базы дадзеных, электронная бібліятэка, аўтаматызаванае абслугоўванне. Студэнты з лёгкасцю пераходзяць на электронныя падручнікі і віртуальную інфармацыю пры падрыхтоўцы да сесіі і напісанні навуковых прац. І часцяком абыходзяцца без традыцыйных папяровых носьбітаў – звычайных кніг. Але бываюць выпадкі, калі яны прыходзяць у бібліятэку не проста пачытаць, а сустрэцца з незвычайнай Кнігай – рэдкай, каштоўнай, унікальнай. І тады адбываецца цуд: час спыняецца, а дакладней, паварочваецца назад, і хлопцы і дзяўчаты пераносяцца на сто і больш гадоў таму назад. Такое магчыма ў тым выпадку, калі выкладчык свае заняткі праводзіць не ў звычайным класе, а прыводзіць іх на інтэрактыўную экскурсію ў залу спецыяльных калекцый Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

Вось ужо пяты год намеснік дэкана хімічнага факультэта па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жанна Цабкала адны з заняткаў спецкурса “Складаныя пытанні школьнага курса хіміі” праводзіць на базе аддзела гуманітарна-асветніцкай працы і папулярызацыі кніжных помнікаў. 20 лістапада 2018 г. прайшла экскурсія для студэнтаў 4 курса. Падчас экскурсіі будучыя выкладчыкі хіміі пазнаёміліся з найстарэйшымі выданнямі бібліятэкі па сваёй спецыяльнасці, даведаліся шмат не толькі цікавай прафесійнай інфармацыі, але і з гісторыі кнігадрукавання. У канцы заняткаў ім была дадзена магчымасць самастойна папрацаваць з рэдкімі выданнямі, скласці анатацыю на кнігу, якая іх зацікавіла і, вядома, зрабіць шматлікія фатаграфіі старадаўніх кніг і разам з кнігай. Нягледзячы на імклівае развіццё новых тэхналогій, выданні мінулых стагоддзяў выклікаюць шчырую цікавасць і захапленне ў сучасных студэнтаў.

Фонд аддзела ўніверсальны, таму там рэгулярна праходзяць экскурсіі для розных факультэтаў, як правіла, азнаямленчага характару для студэнтаў першых курсаў. Часцей за ўсё гэту чытальную залу наведваюць студэнты гістарычнага факультэта. Даўно супрацоўнічае з аддзелам дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу Валянціна Цяплова. Яна знаёміць сваіх студэнтаў з крыніцамі па гісторыі нашай краіны, заўсёды прыязна адгукаецца пра супрацоўнікаў, якія захоўваюць і вывучаюць унікальныя выданні, і настойліва рэкамендуе студэнтам пры любой магчымасці карыстацца не электроннымі копіямі, а сапраўднымі дакументамі.Вельмі цікавыя практычныя заняткі былі распрацаваны для студэнтаў факультэта міжнародных адносін спецкурса “Мытнае суправаджэнне і перасоўванне матэрыяльных каштоўнасцяў” (выкладчык – В. А. Астрога ). Задача перад супрацоўнікамі аддзеламі была пастаўлена важная і складаная, але цікавая – навучыць будучых мытнікаў адрозніваць сапраўдныя кніжныя помнікі ад падробак. Тое, што пры доўгім карыстанні старадаўнімі кніжкамі здаецца элементарным і відаць няўзброеным вокам, у людзей неінфармаваных, як высветлілася, выклікае цяжкасць і патрабуе спецыяльнага вывучэння і выпрацоўкі навыкаў.

Трэба адзначыць, што з самага пачатку фарміравання бібліятэкі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя кіраўніцтва ўніверсітэта надавала вялікая ўвага закупкам менавіта старадаўніх выданняў. Ужо ў 1926 г. у аддзеле беларусазнаўства захоўвалася калекцыя рэдкіх кніг і рукапісаў у аб’ёме 19 тыс. выданняў. Дзякуючы высілкам першага рэктара У. І. Пічэты былі закуплены выданні Францыска Скарыны, Літоўскі статут 1588 г. і асабістыя бібліятэкі многіх вядомых навукоўцаў. Такім чынам, у першым беларускім універсітэце ад самага пачатку была закладзена традыцыя выкарыстання для навучальнай і навуковай працы сапраўдных дакументаў, старадаўніх кніг, першых выданняў падручнікаў, якія з’яўляюцца ўзорамі навуковай думкі і паліграфічнага майстэрства. Старыя кнігі – гэта адмысловы свет, спазнаючы які, вучышся ўважліва і асцярожна працаваць з кнігай: разважаць, пакідаць слушныя паметы на палях – маргіналіі, эстэтычна пазначаць права валодання кнігай пры дапамозе прыгожага экслібрыса. Гэта і ёсць тое, што называюць кніжнай культурай, і выхаванне яе таксама адна з задач вышэйшай адукацыі.

На сёння ў аддзеле падрыхтаваны экскурсіі для ўсіх факультэтаў, а пры заяўцы ад выкладчыка могуць быць распрацаваны матэрыялы практычна па любым спецкурсе. Для таго, каб адбылося вандраванне ў часе, проста трэба патэлефанаваць на нумар 209-50-41, а сваім студэнтам прапанаваць асвоіць новыя для іх, але старыя, правераныя часам тэхналогіі – удумлівае творчае чытанне – спазнаванне ведаў, на якіх грунтавалася навука шмат гадоў таму, і ўсвядоміць, што яны таксама частка вялікай гісторыі пад назвай Навука і прыйшоў іх час упісаць свае старонкі ў гэту кнігу.

Марына КУРЭЙЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: