Пагутарылі пра навуку, прафесійныя сакрэты і дасягненні з Барысам АДАМОВІЧАМ, загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі гідраэкалогіі біялагічнага факультэта БДУ. Даведаліся пра планы на 2019 год: абарона аспірантаў і прадстаўленне вынікаў прац у рэйтынгавых часопісах.
– У НДЛ гідраэкалогіі нам атрымалася захаваць агульную скіраванасць навуковых даследаванняў, якую заклалі кіраўнікі і ідэйныя натхняльнікі лабараторыі член-кар. АН СССР Г. Г. Вінберг і член-кар. НАН Беларусі А. П. Астапеня. Кожная навуковая тэма, якая распрацоўваецца цяпер у лабараторыі, выконваецца фактычна ўсімі супрацоўнікамі. Так, хтосьці задзейнічаны ў рамках вызначанай тэмы больш, хтосьці трохі менш, але, у цэлым, усе тэмы выконваюцца вялікім калектывам, прычым не толькі супрацоўнікаў нашай лабараторыі, але і цесна з ёй звязаных супрацоўнікаў-гідрабіёлагаў кафедры агульнай экалогіі і МВБ, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Асабліва цесная сувязь у нас з ННЦ «Нарачанская біялагічная станцыя імя Г. Г. Вінберга», з якой мы, па сутнасці, складаем адзіны калектыў. Дзякуючы такой кансалідацыі намаганняў, я лічу, нам удаецца падтрымліваць на высокім узроўні якасць нашых даследаванняў. І гэта з’яўляецца як нашым асноўным сакрэтам, так і асноўным дасягненнем.У гідраэкалогіі для выканання сур’ёзных даследаванняў не абысціся без дарагога абсталявання. Нам яго, на жаль, пакуль не хапае. Пры гэтым аб’ектыўным крытэрыем выніковасці нашых даследаванняў з’яўляюцца публікацыі за апошнія гады ў вядучых рэйтынгавых экалагічных часопісах.
Адной з асноўных задач у надыходзячым годзе ў навуковай сферы перш за ўсё мне бачыцца прадстаўленне вынікаў нашых прац у рэйтынгавых часопісах.
Гэта павышае прэстыж гідраэкалогіі у БДУ і Беларусі ў цэлым, бо адным з найважнейшых складнікаў ацэнкі ВНУ ў сусветных рэйтынгах з’яўляецца навуковая праца, якая ў ёй праводзіцца, а яе можна аб’ектыўна ацаніць толькі па публікацыях у навуковых часопісах, якія ўваходзяць у WoS.

Сумесныя даследаванні супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ з Цэнтрам даследаванняў прыроды (Вільнюс, Літва)
У навучальнай сферы хочацца спадзявацца на як мага хутчэйшую абарону нашых аспірантаў, а таксама на больш актыўны ўдзел студэнтаў у навуковых працах. Толькі так яны могуць атрымаць сучасныя веды. Дарэчы, магістранты, якія ўжо некалькі гадоў працуюць у нас у лабараторыі, атрымалі вельмі высокія ацэнкі ад калегаў з польскага ўніверсітэта Казіміра Вялікага, дзе яны зараз знаходзяцца на стажыроўцы па праграме Erasmus+.
У новым годзе разлічваю на перспектывы абнаўлення прыборнай базы. Якімі б таленавітымі ні былі нашы супрацоўнікі, а без сучаснага абсталявання цяпер займацца навукай няпроста.
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:





