Міжнародны дзень роднай мовы адзначаць у БДУ

20 Feb, 2019.

 Гэтай падзеі прысвечаны цыкл мерапрыемстваў, якія пройдуць на філалагічным факультэце з 21 па 28 лютага (вул. К. Маркса, 31, аўд. 304).
 
Адкрые праграму 21 лютага літаратурна-музычная кампазіцыя "Я слаўлю мову як яднання дар…". Пачатак у 12.45. Свае творчыя нумары на розных мовах, якія вывучаюцца у БДУ, прадставяць студэнты і замежныя студэнты філалагічнага факультэта. Гасцямі свята стане кіраўніцтва ВНУ, факультэта, таксама запрошаны акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай працы Вольга Зелянко, паэт, празаік Анатоль Зэкаў і курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Таксама запланаваны выступленні ансамбля цымбалістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і вакальна-харэаграфічнага ансамбля "Жалейка".
 
Працягнецца мерапрыемства 22 лютага інтэлектуальна-пазнавальнай гульнёй "Філалогія і Я". Удзельнікамі стануць першакурснікі спецыяльнасцяў "Беларуская філалогія", "Руская філалогія" і "Славянская філалогія". Студэнтаў чакаюць "Рэкламны", "Вітальны", "Паэтычны", "Эўрыстычны", "Крэатыўны", "Фразеалагічны", "Літаратурны", "Песенны", "Музычны" конкурсы. Пачатак у 12.45 (аўд. 304).
 
У панядзелак, 25 лютага, пройдзе лінгвістыка-дыскусійная гасцёўня на тэму "Яны змаглі, а ТЫ зможаш?". Удзельнікі абмяркуюць сувязь філалогіі з бізнесам, актуальнасць папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі. Досведам адкрыцця моўных курсаў падзеліцца выпускніца філалагічнага факультэта 2012 года Ірына Зімнева. Яна з'яўляецца дырэктарам і заснавальнікам цэнтра "Славянскія мовы і культуры". Таксама ў гэты дзень будуць прадстаўлены стартап-праекты трэцякурснікаў філалагічнага факультэта. Кіраўніком студэнтаў выступіла дацэнт кафедры тэарэтычнай і інстытуцыянальнай эканомікі эканамічнага факультэта БДУ Любоў Шумская.
 
Прэзентацыя кнігі "Карані нашых прозвішчаў" адбудзецца 26 лютага. Яе аўтарамі з'яўляюцца прафесар Валянціна Лемцюгова і прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта Ірына Гапоненка. У мерапрыемстве прымуць удзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў, ксёндз-магістр, настаяцель касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, беларусазнаўца Валянціна Раманцэвіч.
 
Тэматычным днём стане 27 лютага. Ён будзе прысвечаны беларускаму перакладу. У гэты дзень супрацоўнікі кафедры замежнай літаратуры распавядуць пра пераклад на беларускую мову твораў замежных аўтараў, правядуць агляд кніжных серый перакладчыцкай літаратуры.
 
Завершыцца цыкл мерапрыемстваў 28 лютага лекцыяй "Беларуская дзяржаўнасць: ад вытокаў да сучаснасці" гісторыка, археолага, грамадскага дзеяча, старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, прафесара Ігара Марзалюка.
 
Адзначым, тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які па ініцыятыве ЮНЕСКА адзначаецца штогод 21 лютага.
print

Вам таксама можа спадабацца: