Bright Fest на стадыёне “Дынама”: яркія студэнты, маляўнічыя забавы і… экспрэс-дыягностыка

20 мая, 2019.

Настрой моладзевага фэсту Bright Fest быў сугучны слогану Еўрапейскіх гульняў – Bright Year, Bright You. Студэнцкія ініцыятывы БДУ былі прадстаўлены на гэтай падзеі, якая прайшла 11 мая на пляцоўках Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" напярэдадні адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Арганізатарамі шоу сталі БДУ, дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года і кампанія "Джэт Фэст".

Усяго на фэсце працавала больш за 50 забаўляльных зон. У поўнай меры быў прадстаўлены і БДУ. 8 тэматычных пляцовак пазнаёмілі гасцей (і абітурыентаў) з дзясяткамі праектаў і камандаў нашага ўніверсітэта. Сярод іх: "Фэст эстрады БДУ", "Тэатральны куфар", "Ты – на хвалі", "Сузор'е прыгажосці", "Нас аб'яднаў БДУ", "Ліга КВЗ БДУ", ансамбль танца "Літарынка", ансамбль музыкі "Тутэйшая шляхта" і іншыя.

Са сваімі візітоўкамі выступілі студэнцкія арганізацыі. Напрыклад, студэнцкі саюз падрыхтаваў мальберт, дзе любы мог напісаць ці намаляваць сваю асацыяцыю са студэнцтвам.

Натоўпы гледачоў збіраліся ля інтэрактыўнай пляцоўкі "Віртуозы эксперыменту". Хімікі, фізікі, географы, біёлагі зачароўвалі навукай. Вадкі азот, насякомыя і бактэрыі, колбы з растворамі, пароды, кветкі – віртуозы змаглі здзівіць усіх.

- Паказваем хімічныя доследы "Вулкан", "Святлафор" з афарбоўваннем раствору, "Хімічны парэз" са "штучнай крывёй" і іншыя. Нам цёпла, усміхаемся, гатовыя дарыць радасць гледачам і здзіўляць іх. Зразумела, выбар хімічных доследаў звязаны з маштабам і фарматам мерапрыемстваў. Ёсць доследы, якія патрабуюць стараннай падрыхтоўкі, іх так проста не пакажаш. А тут мы дэманструем простыя рэакцыі, – распавядае Юлія Баярскіх, студэнтка 3 курса хімфака. – Я кіраўнік праекта "Віртуозы хімічнага эксперыменту". Наш праект тлумачыць, як трэба паказваць доследы. Гэты карысны кірунак, забаўляльны і ў той жа час прафарыентацыйны, у яго добрая будучыня.

- Мы дэманструем доследы з вадкім азотам. Гэта маляўнічыя прадстаўленні. Паказваем, як пад уздзеяннем азоту шарык надзімаецца, а ружа становіцца крохкай, як тонкае шкло, – тлумачыць кіраўнік "віртуозаў фізікаў" Павел Вараб'ёў, студэнт 3 курса. – Праграма абкатаная, з ёй выступаем у розных гарадах, школах, прывабліваем дзяцей на фізфак. Кожны з нашай каманды паказвае фішкі з той галіны, дзе ён эксперт.

- Гэта калоніі бактэрый у кубку Петры. Пажыўнае асяроддзе выкладваюць у выглядзе малюнка, а бактэрыі, якія размножваюцца, надаюць ёй "афарбоўку". Тут стафілакокі, бацылы, псеўдаманады, радакокусы. А ў мікраскопе можна паглядзець на рачка дафнію, які насяляе ўсе вадаёмы, – дае тлумачэнні Ганна Шляга, студэнтка 1 курса біяфака.

Прафкам БДУ падрыхтаваў для абітурыентаў інфармацыйны стэнд пра навучанне ва ўніверсітэце.

- Пытаюць пра паступленне ў магістратуру, атрыманне другой вышэйшай адукацыі, мы кансультуем абітурыентаў пра правілы прыёму, спецыяльнасці, – дзеліцца Наталля Мажэйка, вядучы спецыяліст навучальнага аддзела “Цэнтр кар'еры” з Галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці.

Для ўсіх ахвотнікаў зразумець свае глыбіні Псіхалагічная служба БДУ сумесна са студэнтамі-псіхолагамі падрыхтавала невялікі квест. На пяці станцыях трэба было выканаць нескладанае заданне, каб атрымаць кароткую псіхалагічную характарыстыку. Яе расшыфроўку даваў начальнік службы Руслан Папок. Наведнікаў не спыніла доўгая чарга, якая агінала пікеты. З філігранным майстэрствам, хутка прагартаўшы вынікі, Руслан Пятровіч выдаваў індывідуальны партрэт чалавека, і заўсёды дакладна. Звяртаў увагу на зоны росту і развіцця: як згладзіць вострыя рысы, што зрабіць, каб сябе гарманізаваць. Ацаніў псіхалагічнае майстэрства спецыяліста і рэктар БДУ Андрэй Кароль.

- Гэта экспрэс-дыягностыка. З розных дэталяў складаецца характарыстыка, а гэта вельмі складанае спалучэнне, якое можа расшыфраваць толькі спецыяліст. Самапазнанне – той першы крок, які робіць чалавек у развіцці, усё пачынаецца з разумення сябе. Без гэтага не выбудаваць ні кар'еры, ні сям'і. Калі чалавек уяўляе свае моцныя і слабыя бакі, становіцца зразумела, куды рухацца, – тлумачыць Руслан Папок.

Падчас шпацыраў па зонах актывацыі можна было зрабіць выснову, што моладзевае жыццё ў БДУ шматстайнае. Гэта пацвердзілі нашы студэнты на спартыўных, танцавальных, інтэлектуальных, вакальных пляцоўках. Усе ахвотнікі маглі паспаборнічаць у аматарскім турніры па настольным хакеі, паказаць сябе ў футболе, баскетболе, дартсе, лазертагу, бадмінтоне. Можна было паўдзельнічаць у зумбе – танцавальнай фітнес-праграме на аснове папулярных лацінаамерыканскіх рытмаў.

Музыкі было шмат! На дзвюх сцэнах выступалі творчыя калектывы і салісты БДУ. Папулярныя песні выканалі Дзмітрый Нікановіч, Улад Макарэвіч, Лада Шчарбіцкая, Лера Макарэвіч, Дыяна Громава і іншыя.

На "гістарычнай" пляцоўцы можна было палюбавацца на строі розных эпох: Першая і Другая сусветная войны, напалеоніка, ВКЛ... Не толькі студэнты гістфака займаюцца рэканструкцыяй, але і кіраўнік тэатра "На філфаку" Кацярына Тананайка. Пяць яе асабістых убораў XIV стагоддзя, пашытых уручную, красаваліся на дзяўчатах.

Для аматараў фотаздымак былі падрыхтаваны шэсць фотазон, якія ўзнаўлялі студэнцкія і спартыўныя будні. А купіць брэндзіраваныя рэчы можна было ў "Краме БДУ".

Працягнуўся фэст на галоўнай пляцоўцы стадыёна "Дынама". Тут разгарнуўся канцэрт з удзелам вядомых артыстаў. Яго хэдлайнерамі былі "J-Морс", "Каста", "Ляпіс-98", Святлана Лабада.

Bright Fest стаў своеасаблівым выпрабаваннем для "Дынама" перад правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў. Фэст паказаў, што стадыён гатовы прымаць тысячы гасцей. Нагадаем, маштабнае спартыўнае спаборніцтва пройдзе з 21 па 30 чэрвеня. БДУ з'яўляецца афіцыйным партнёрам міжнародных змаганняў і мае адну з самых прадстаўнічых дэлегацый валанцёраў на гэтых спаборніцтвах – звыш 1700 чалавек.

Алена ЛЯЎШЭНЯ,
Надзея МАРХЕЛЬ
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца: