Газета «Універсітэт» стала пераможцам ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая літара» ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі». У нашага выдання гэта ўжо другая такая прэстыжная ўзнагарода, што сведчыць пра аўтарытэт газеты БДУ ў прафесійнай журналісцкай супольнасці.
На ўрачыстым узнагароджанні 3 мая ў Dipservice Hall перад прадстаўнікамі вядучых рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ выступілі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна. Дыплом пераможцы і прэстыжную статуэтку рэдактару газеты «Універсітэт» Сяргею Шафаловічу ўручыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык (на фота).
![](http://www.gazeta.bsu.by/wp-content/uploads/2019/05/PBT_6591.jpg)
За апошні час газета «Універсітэт» перайшла на новы фармат, палепшыла паліграфію і зместавы кампанент, увяла актуальныя рубрыкі, стала выкарыстоўваць інфаграфіку, запусціла некалькі спецпраектаў. Вядзецца праца па прасоўванні выдання ў вэб-прасторы і папулярызацыі ў моладзевым асяроддзі. Многія публікацыі дзякуючы тэхналогіям дапоўненай рэальнасці маюць мультымедыйны характар.
Газета «Універсітэт» – адно з найстарэйшых перыядычных выданняў Беларусі. Яшчэ ў 1929 г. убачыў свет першы нумар агульнаўніверсітэцкай газеты «Ленінскім шляхам». З 1955 г. да 2006 г. яна называлася «Беларускі ўніверсітэт».
Сёлета газета БДУ адзначае 90 гадоў з дня выхаду першага нумара. На старонках выдання знайшла адлюстраванне ўся шматгадовая гісторыя БДУ. Многія прызнаныя «акулы пяра» атрымалі тут сваё прафесійнае станаўленне.
У маі 2009 г. «Універсітэт» стаў пераможцам V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара» ў намінацыі «Найлепшая шматтыражная газета». Акрамя таго, газета БДУ станавілася лаўрэатам VI адкрытага фестывалю прэсы ва Украіне, а таксама міжнароднага конкурсу ў Казані (РФ) у намінацыі «Найлепшая ўніверсітэцкая газета». У 2016 г. «Універсітэт» узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ
Фота Таццяны БАГАМАЗАВАЙ