Абітурыенты, якія здалі ЦТ на 100 балаў: «Вельмі важна наладзіць сябе на лепшае»

21 Jul, 2017.

Выпускнікі 2017 года паказалі добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, а 314 з іх змаглі атрымаць максімальны бал. У чым сакрэт такіх высокіх вынікаў?  Ці прыходзілася марнаваць увесь вольны час на падрыхтоўку да ЦТ? Ці заўсёды толькі «батанікі» атрымліваюць найвышэйшыя балы? Адказы на гэтыя пытанні далі абітурыенты, якія атрымалі 100 балаў на ЦТ 2017 года. 

Нагадаем, што 92 абітурыента БДУ атрымалі на ЦТ 100 балаў, у шасці абітурыентаў - два стобальных выніка. А 51,4% абітурыентаў мелі сумарны бал вышэй за 300.

Наталля НЕСЦЯРОНАК набрала 100 балаў па гісторыі Беларусі. Наташа паступала ў Інстытут журналістыкі БДУ. У лепшую ВНУ краіны дзяўчыну вабяць студэнцкая жыццё, неверагодная колькасць мерапрыемстваў і вялізныя магчымасці для самарэалізацыі. Са спецыяльнасцю яна вызначылася восенню 2016 года і ўжо ўзімку пачала спраўна займацца з рэпетытарам:

– Да цэнтралізаванага тэсціравання па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве мяне рыхтавала выдатная жанчына, прафесійны выкладчык і сапраўдны знаўца сваёй справы. Яна звяртала ўвагу на ўсе дробязі, якія я прапусціла б, калі б займалася самастойна.

Напісаўшы трэці этап РТ, Наташа засталася незадаволеная сваімі вынікамі і пачала ставіцца да падрыхтоўкі яшчэ больш сур'ёзна. Але яна нават не спрабавала завучваць, так як не любіць і не ўмее гэтага рабіць. Дзяўчына проста чытала падручнікі, і паступова патрэбная інфармацыя адкладалася ў памяці.

Наташа шчыра спадзявалася, што атрымае менавіта 100 балаў. І калі дзяўчына ўсё ж атрымала запаветнае апавяшчэнне, яна адчула неверагоднае палягчэнне.

– Я вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла вынік. Адразу ж абняла сяброўку, якая стаяла побач, патэлефанавала бацькам. Але ў поўнай меры ўсвядоміла гэты факт толькі праз дзень.

Свой вольны час Наташа праводзіць з сябрамі: ездзіць на прыроду, гуляе па горадзе, ходзіць у кінатэатры. З самага дзяцінства займаецца танцамі і дасягае поспехаў у гэтай сферы. Таксама дзяўчыне дапамагаюць адпачыць любімыя кнігі і музыка.

– Цярпенне і праца – самае галоўнае, – лічыць Наташа. – Калі ты ўжо стаміўся ад падрыхтоўкі і сумняваешся ў сваіх сілах, вельмі важна не адчайвацца і ў патрэбны момант ўзяць сябе ў рукі.

Наступным, хто падзяліўся сваёй гісторыяй, была Ганна ВАРАБ'ЁВА, якая набрала 100 балаў па грамадазнаўстве. Дзяўчына паступала на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Паступленне ў БДУ было мэтай Ані, таму што менавіта тут даюць найбольш моцную падрыхтоўку па абранай ёй спецыяльнасці. Рыхтавацца дзяўчына пачала даўно, яшчэ ў 9 класе, калі ўпершыню паспрабавала свае сілы на раённай алімпіядзе па грамадазнаўстве.

– У 9 класе я заняла 1 месца на алімпіядзе па грамадазнаўстве, што моцна натхніла мяне, – дзеліцца Аня. – На наступны год я дасягнула яшчэ большых поспехаў: заняла 1 месца на раённай алімпіядзе, затым – 3 месца на абласной, пасля чаго я ўдзельнічала ў рэспубліканскай.

Веды, атрыманыя пры падрыхтоўцы, неверагодна дапамаглі Ані ў дасягненні яе мэты. Але яна разумела, што ЦТ і алімпіяда – гэта зусім розныя рэчы, таму займалася са сваімі настаўнікамі: Л.М. Юнцэвіч і А.М. Ляўко, якім цяпер выказвае бязмерную ўдзячнасць за дапамогу і падтрымку. Сама Аня, калі даведалася, што атрымала максімальны бал, доўга не магла паверыць у гэта.

– Калі ўбачыла вынік, я адчула буру эмоцый. Гэта былі шок і радасць адначасова. Я на самой справе не верыла сваім вачам і яшчэ некалькі разоў пераправерылі вынік.

Нягледзячы на тое, што дзяўчына старанна рыхтавалася да экзаменаў і ішла да сваёй мары, яна не забывала час ад часу адпачываць.

– Я люблю актыўны адпачынак і праводзіць час з сябрамі. Таму для мяне няма нічога лепшага, чым велапрагулка з сяброўкай або выезд на прыроду. Яшчэ атрымліваю велізарнае задавальненне ад музыкі. Раней я нават хадзіла ў музычную школу і іграла на скрыпцы.

Аня лічыць, што няма нічога немагчымага, і раіць усім, хто хоча здаць ЦТ па грамадазнаўству на 100 балаў, добра вывучыць тэорыю і вырашаць як мага больш тэстаў.

Паліна АЎСЯНКІНА, якая атрымала 100 балаў па англійскай мове, планавала паступаць на факультэт міжнародных адносін. Дзяўчына хоча звязаць сваё жыццё з БДУ, таму што менавіта тут яна знайшла спецыяльнасць, да якой ляжыць душа.

Нягледзячы на тое, што Паліна вучылася ў гімназіі з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, яна ўсё роўна займалася дадаткова.

– Такі высокі вынік – гэта заслуга майго рэпетытара, – расказвае дзяўчына, – таксама велізарную ролю адыграла мая уседлівасць. Пад канец года сілы ўжо сталі вычэрпвацца, з'явілася няўпэўненасць, і я сапраўды не чакала, што атрымаю 100 балаў.

На самім цэнтралізаваным тэставанні Паліна вельмі хвалявалася і думала, што дапусціла памылку. Магчыма, менавіта таму, даведаўшыся свае балы, дзяўчына адчула сапраўдны шок і яшчэ паўгадзіны плакала ад шчасця.

Паліна вядзе актыўны і здаровы лад жыцця, таму, калі ў яе з'яўляецца вольны час, яна з радасцю адпраўляецца на прагулку, ездзіць на ровары або ідзе ў трэнажорную залу. Дзяўчына не любіць сядзець на месцы і ўвесь час знаходзіцца ў руху.

– Не ленавацца і пачынаць рыхтавацца да ЦТ як мага раней, – раіць Паліна будучым выпускнікам. – Вельмі важна наладжваць сябе на лепшае і менш хвалявацца, бо на самай справе ўсё не так страшна, як здаецца.

Дар'я ШМЯРКО

print

Вам таксама можа спадабацца:

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *