Ад ідэі да інавацыйнага прадукту. Начальнік ГУН Віталь Кутавічус расказаў як зарабляць на навуковых ідэях

10 Dec, 2018.

Нароўні з адукацыяй навука – адзін з найважнейшых напрамкаў, якія вызначаюць развіццё нашага ўніверсітэта. Даследаванні, выкананыя на факультэтах і ў падраздзяленнях БДУ, каардынуе Галоўнае ўпраўленне навукі, якое ў гэтыя дні адзначае 55-годдзе.

Мы пагаварылі з яго начальнікам, намеснікам прарэктара па навуковай рабоце Віталём КУТАВІЧУСАМ, і даведаліся, як стымуляваць супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта займацца навукай, як зарабляць на навуковых ідэях і пры якіх умовах БДУ ўвойдзе ў 1 % найлепшых ВНУ свету.
 
– У якім кірунку, па вашым меркаванні, павінна развівацца ўніверсітэцкая навука?
 
– Я падзяляю погляды, што сёння развіццё навукі звязана з міждысцыплінарным падыходам да арганізацыі даследаванняў. На шляху такога развіцця стаяць праблемы навуковай камунікацыі, абмену інфармацыяй і ведамі. Бывае, што навуковыя калектывы, выкладчыкі ці студэнты на якім-небудзь факультэце не могуць вырашыць пытанні, каб рухацца далей у сваіх навуковых працах ці стварыць даследчыя праекты, і не ведаюць, што гэтыя пытанні ўжо даўно і паспяхова вырашаюць на іншым фа­культэце з пункта гледжання тэорыі і метадаў даследавання. Калі пачнуць разам актыўна працаваць розныя па кірунках навуковай дзейнасці факультэты, НДІ, магчыма, прадпрыемствы, можна будзе стварыць сапраўды інавацыйны прадукт. З гэтай мэтай створаны і пачаў працу савет па міждысцып­лінарных даследаваннях БДУ, які стане пляцоўкай для пошуку агульных інтарэсаў і стварэння сумесных праектаў.
 
– Фактычна Вы закранулі арганізацыю кластара. Але ж ва ўніверсітэце ўжо створаны і дзейнічаюць кластары.
 
– Сапраўды, у нас ёсць дзейныя кластары. У якасці прыкладу – кластар хімічнага профілю, куды ўваходзяць хімічны факультэт, НДІ ФХП і прадпрыемствы «Унітэхпрам БДУ» і «Унікаштмет БДУ». Кластары ствараюцца, па вялікім рахунку, для таго, каб навукоўцы рэалізоўвалі свае ідэі ў гатовым прадукце, які выпускае прадпрыемства. Цяпер мы будзем разглядаць працэсы стварэння і дзейнасці кластараў менавіта з гэтай пазіцыі, у аснове іх функцыянавання павінна ляжаць камерцыялізацыя навуковай дзейнасці. Актыўна будуць стварацца кластары міждысцыплінарнага характару. Нельга выпускаць з-пад увагі і падрыхтоўку спецыялістаў падчас дзейнасці клас­тара. Трэба прыцягваць у праекты, якія рэалізуюцца кластарам, сту­дэнтаў. Вядома, не факт, што ўсе студэнты стануць у выніку навукоўцамі, але, калі яны падчас вучобы будуць уключаны ў гэты іна­вацыйны ланцужок, будуць разумець, як праходзяць усе этапы ад ідэі да выпуску прадукцыі, яны будуць запатрабаваны на рынку працы і змогуць стаць спецыялістамі на любым іншым прадпрыемстве такога ж кірунку, а можа і стварыць паспяховы стартап.
 
– Прадаваць свой прадукт – гэта задача навукоўцаў?
 
– На гэта пытанне няма адназначнага адказу. Для сапраўды добрага навукоўца марнаваць час не на навуку, а на камерцыю не зусім прадуктыўна. Але, з іншага боку, сёння няма базавага фінансавання навукі, і навукоўцы павінны шукаць крыніцы фінансавання навуковых даследаванняў, зарабляць у прамым сэнсе гэтага слова. Нельга паставіць на паўзу свае фундаментальныя даследаванні, якімі вельмі хочацца займацца, зрабіць штосьці прыкладное, атрымаць патэнт і зарабіць на гэтым грошы. І ўжо потым займацца навукай, імкнучыся атрымаць у першую чаргу не фінансавую карысць, а навуковы вынік. У сучасных умовах навукоўцу даво­дзіцца спалучаць гэтыя кірункі дзейнасці. За мяжой многія прафесары вядомых універсітэтаў ствараюць прадпрыемствы і атрым­лі­ваюць адлічэнні, гэта значыць зарабляюць на сваіх ідэях. Гэта ідэальная сітуацыя, калі ёсць той, хто генеруе ідэю, хто даводзіць яе да ўзору, менеджар, які арганізуе вытворчасць, маркетолаг, які прасоўвае прадукт і знаходзіць пакупніка. Але, з іншага боку, толькі сам навуковец лепш за астатніх ведае патэнцыял сваёй ідэі і рынак для яе. На этапах гэтага шляху ўні­версітэт у асобе Галоўнага ўпраў­лення навукі аказвае навукоўцу садзейнічанне і падтрымку. У рамках мадэлі «Універсітэт 3.0» сёння, рыхтуючы спецыялістаў, мы павінны вучыць студэнта першапачат­кова ацэньваць сваю ідэю не толькі з пункта гледжання навуковай значнасці, але і з пункта гледжання камерцыйнай прывабнасці, вучыць прадпрымальніцтву.
– Паспяхова весці навуковую дзейнасць прыкладнога характару і камерцыялізаваць наву­ковыя вынікі больш шанцаў у прыродазнаўчых кірункаў. А што рабіць гуманітарыям?
 
– Камерцыйная значнасць вынікаў сацыяльна-гуманітарных даследаванняў у цэлым ніжэйшая, але гэта не азначае, што яе няма зусім. І ёсць паспяховыя прык­лады даследаванняў нашых гуманітарыяў, вынікі якіх запатрабаваны на рынку. Напрыклад, у Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ вельмі развітая пазабюджэтная дзейнасць. Гістарычны факультэт выканаў цікавую замову для піўзавода «Аліварыя»: даследаванне, звязанае з гісторыяй заснавання прадпрыемства. Магчымасці для камерцыялізацыі ёсць. ГУН адсочвае на электронных пляцоўках Беларусі і Расіі закупку навуковых паслуг і навуковых прац, перадае інфармацыю пра лоты факультэтам, прапануе ўдзельнічаць у конкурсах на выкананне праектаў.
 
– Пры якіх умовах, на Ваш погляд, БДУ можа ўвайсці ў 1 % найлепшых універсітэтаў свету?
 
– Такія планы пастаўлены, і яны досыць амбіцыйныя. Трэба разумець, што пасля таго, як БДУ ўвайшоў у сістэму рэйтынгаў, наша пазіцыя першыя гады хутка расла. На мой погляд, гэтага мы дамагаліся тым, што прыводзілі ў парадак у адпаведнасці з патрабаваннямі ўсё, што ў нас было. Напрыклад, змянялі структуру і запаўнялі неабходнай інфармацыяй універсітэцкія сайты, фарміравалі электронную бібліятэку. Тады мы выконвалі патрабаванні «адпаведнасці», зараз жа мы павінны працаваць на фактычны рост паказчыкаў. У плане навуковага складніку рэйтынгу: павялічваць колькасць публікацый у высакарэйтынгавых часопісах, долю «аступененых» супрацоўнікаў і г. д. У кожным рэйтынгу свая сістэма крытэрыяў, працаваць над іх выкананнем павінен увесь універсітэт.
 
– Як плануецца павялічваць публікацыйную актыўнасць?
 
– Па-першае, у наступным навучальным годзе ў поўную сілу запрацуе сістэма рэйтынгу ПВС. Адзін са значных блокаў рэйтынгу – публікацыйная актыўнасць, індэкс цытавання. За артыкулы людзі будуць атрымліваць балы, і гэта паўплывае на памер прэміі. Па-другое, мяркуецца асобна стымуляваць супрацоўнікаў публікаваць артыкулы ў высакарэйтынгавых часопісах. Для гэтага распрацавана і цяпер праходзіць зацвярджэнне кіраўніцтвам БДУ Палажэнне аб прэміраванні за публікацыі ў вядучых міжнародных часопісах. Кожны факультэт будзе падаваць інфармацыю пра публікацыі супрацоўнікаў у мінулым годзе, а БДУ фінансава будзе заахвочваць топ аўтараў факультэта, якія маюць публікацыі ў высакарэйтынгавых часопісах.
 
– У БДУ высокая эфектыўнасць працы аспірантуры, але ў той жа час задача павялічваць долю «аступененых» супрацоўнікаў застаецца?
 
– ГУН актыўна працуе ў галіне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, і ў апошнія гады мы маем самы высокі паказчык эфектыўнасці працы аспірантуры ў сістэме Міністэрства адукацыі. Але ёсць другі кірунак, па якім мы павінны працаваць – стымуляваць абараняцца тых супрацоўнікаў, якія не вучыліся ў аспірантуры ці вучыліся, але не абараніліся. Гэта складаней, таму што, калі чалавек вучыцца ў аспірантуры, ён мэтанакіравана піша дысертацыю, а калі ўжо выкладае, то яму неабходна знайсці час, сілы і сродкі для дысертацыйнага даследавання. Ёсць і іншыя праблемы, звязаныя з абаронай супрацоўнікаў з вялікім стажам працы, у прыватнасці, у 2011 г. быў прыняты нарматыўны акт пра павышэнне тарыфных акладаў прадстаўнікоў ПВС, якія не маюць навуковай ступені, на 50 %. І ў выніку атрымліваецца, што розніца паміж зарплатамі супрацоўніка са ступенню і без ступені, але з вялікім стажам працы, зусім нязначная. І ў апошніх проста няма матывацыі абараняцца. Вастрыню гэтай праблемы павінна згладзіць увядзенне сістэмы дадатковага стымулявання работнікаў БДУ з ліку ПВС у адпаведнасці з рэйтынгам, захады Стратэгіі развіцця кадравага патэнцыялу БДУ. Дадатковым стымулам для супрацоўнікаў пісаць дысертацыі і выходзіць на абарону будзе ўвядзенне ў гэтым навучальным годзе новага фінансавага механізму: конкурсу грантаў рэктара. Пры распрацоўцы нарматыўнай базы конкурсу грантаў мы выкарыстоўвалі досвед Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мэта грантаў – дапамагчы людзям абараніцца, даць сродкі на неабходныя перад абаронай дзеянні: апублікаваць артыкул, з’ездзіць у камандзіроўку, правесці эксперымент. Гранты плануюцца двух тыпаў: кароткатэрміновыя на тэрмін да года і доўгатэрміновыя – да 3 гадоў. Умовы такія: чалавек выйграе конкурс, заключае з універсітэтам дамову і атрымлівае фінансаванне. ГУН, вядома, будзе забяспечваць кантроль выканання такіх прац. Дамова будзе лічыцца выкананай, калі супрацоўнік комплексу БДУ да канца тэрміну гранта прадставіў дысертацыю да абароны, а яшчэ лепш – абараніўся. Я ўпэўнены, што мэта развіцця навуковай сферы БДУ – павелічэнне долі «аступененых» работнікаў БДУ з ліку ПВС і на­вуковых супрацоўнікаў – будзе дасягнута.

 

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна

print

Вам таксама можа спадабацца: